1 ліпеня 1564 г. вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст у Бельску зацвердзіў агульназемскі прывілей, якому было наканавана карэнным чынам змяніць сутнасць і аблічча судовай сістэмы ВКЛ. Шляхецкі народ пасля доўгіх чаканняў атрымаў уласнае судаводства.
Паводле прывілея, у ВКЛ уводзіліся суды новага тыпу – земскія, гродскія і падкаморскія. Найбольш значным новаўвядзеннем стала заснаванне земскага суда. Разгляду ў земскім судзе падлягалі разнастайныя грамадзянскія і крымінальныя справы шляхты, а таксама яе скаргі на дзеянні ўраднікаў. Ён аддзяляўся ад іншых органаў дзяржаўнай улады і быў выбарным. У яго склад уваходзілі суддзя, падсудак і пісар. Усе яны абіраліся павятовай шляхтай (з 4-х кандыдатураў на кожную пасаду) і зацвярджаліся на пажыццёвае займанне пасады вялікім князем. Зразумела, гэта павінныя былі быць самыя аўтарытэтныя і дасведчаныя асобы. Абранымі маглі быць толькі шляхцічы, жыхары ВКЛ, якія мелі нерухомую маёмасць у гэтым павеце.
Такім чынам, земскія суды фармаваліся на павятовым узроўні. Неўзабаве, праз год, паветы стануць асноўнай структурнай адзінкай у адміністрацыйнай сістэме ВКЛ.
У кампетэнцыі гродскага суда, які існаваў у ранейшы час і часта меў назву “замкавага”, засталіся толькі “гарачыя справы” — аб нападах на дамы шляхты, забойствах, цяжкіх і звычайных цялесных пашкоджаннях, падпалах, разбоях і г.д., а таксама грамадзянскія справы аб вяртанні збеглых сялян і нявольнай чэлядзі. Гродскі суд займаўся асобамі, якія былі злоўленыя на месцы злачынства, а таксама затрыманыя на працягу 24 гадзін пасля яго здзяйснення. Падкаморскі суд вырашаў зямельныя спрэчкі паміж шляхцічамі.
Важным момантам стала даступнасць судоў. Цяпер не трэба было чакаць міласці з боку вышэйшых ураднікаў, каб разгледзець канфліктную справу, не трэба было ехаць у Вільню, каб разабрацца з праблемамі. Судовыя сесія адбываліся тры разы на год. Судаводства прыняло зграбны і зразумелы для абываталя характар. Цяпер звяртацца ў суд, які абараняў шляхецкія інтарэсы, стала звычайнай справай. З гэтых часоў мы назіраем выбух колькасці судовых разбіральніцтваў. Як вынік большасць спрэчак і канфліктаў пераходзіла ў прававое поле.
У далейшым часе цікавым наступствам пабудовы эфектыўнай судовай сістэмы стаў рост попыту на прафесійных юрыстаў. Па прававую адукацыяю ехалі не толькі ў найбліжэйшыя Кракаў і Кёнігсберг, але і ў далёкія ўніверсітэты Нямеччыны, Галандыі і Італіі.
Прыняцце Бельскага прывілея ў 1564 г. стала важным унёскам у пабудову рэальнай “шляхецкай дэмакратыі” у Вялікім Княстве Літоўскім. Не трэба ўводзіць сябе ў зман: дэмакратычны лад у варунках XVI ст. – справа досыць умоўная. Аднак гэта не была і фасадная дэмакратыя, як у савецкія часы. Яе абмежаванасць грунтавалася на бясспрэчным аўтарытэце манаршай улады, чыё слова было апошнім пры прыняцці любога рашэння, жорсткім ціску магнацкіх уплываў, заснаваных на трыманні найважнейшых дзяржаўных урадаў і матэрыяльным багацці, дыктаце “старыны”, якая не давала асучасніць грамадства. Магнаты па-ранейшаму верхаводзілі ў грамадстве і пры патрэбе затыкалі рот звычайнаму шляхцічу, карыстаючыся да болю знаёмым правам сілы. Аднак быў створаны прававы механізм, які дазваляў адстойваць свае правы, абапіраючыся на сілу закона.
Гэта карэнным чынам паўплывала на свядомасць нашых продкаў і стала падставай для фармавання зусім іншага стаўлення да ўлады, права, сваіх вольнасцяў, месца ў структуры грамадства. Загад начальніка страчваў сваю вартасць перад сілай закона. І гэтая норма ў практыцы прававых і проста паўсядзённых адносін не стала мёртвай літарай. Зграбнай працы нашых судоў, абапертай на гаспадарскіх прывілеях і Статуце ВКЛ, здзіўляліся суседзі. Асаблівы шок гэта выклікала ў маскоўцаў, якія непасрэдна сутыкнуліся з беларускай прававой рэчаіснасцю ў сярэдзіне XVII ст., калі ішла “невядомая”, паводле трапнага выразу Генадзя Сагановіча, вайна паміж Рэччу Паспалітай і Рускім царствам.
Выхаваныя ў “халопскай” традыцыі поўнай падначаленасці валадару, для іх існаванне асобнага права без меркавання вышэйшай асобы, якое само па сабе станавілася законам, было цяжкім для зразумення. Дарэчы, у Расіі штосьці падобнае да нашага судовага самакіравання з’явілася толькі ў 60-я гг. ХІХ ст. Да гэтага часу судаводства не было аддзеленае ад дзяржаўнага кіравання і цалкам залежала ад дзяржаўных чыноўнікаў. Тое ж самае, які ні круці, мы назіралі і ў савецкія часы.
І сёння для нас у самым звычайным жыцці часта паўстае дылема, за якой варта прызнаць важны і ключавы характар: што важнейшае – загад начальніка (улады і г.д.) альбо норма закона? Таму варта помніць, што фундамент законапаслушэнства, справядлівае вырашэнне спрэчак у судзе як своеасаблівы прававы імператыў быў закладзены на нашых землях ажно 450 гадоў таму. Як гаворыцца, ёсць чым ганарыцца, калі пра гэта ведаеш.