А Вы ведаеце, якая розніца паміж верашчакай і мачанкай, чаму палякі называлі літоўцаў і беларусаў “батвіннікамі” (boćwiniarze), што насамрэч за страва такая – калдуны? Калі не, тады Вы проста абавязаны прачытаць кнігу “Літвінская кухня” ад Кухмістра Верашчакі. Між іншым, з кнігі мы даведаемся нават і пра тое, адкуль у аўтара з’явіўся такі псеўданім.
“Літвінская кухня” – гэта гістарычна-кулінарнае выданне. З яго можна не толькі даведацца пра рэцэпты шматлікіх страў, якія сёння амаль пазабыты ў нашай краіне, але і пазнаёміцца з гісторыяй іх утварэння.
Калі спытаць любога чалавека, што адрознівае адну нацыю ад іншай, ён адразу скажа (не ўлічваючы расавых прыкмет): мова, менталітэт, пэўныя асаблівасці развіцця культуры і г.д. І вельмі часта ў гэтым спісе забываюць пра кухню. Кулінарныя густы розных народаў вельмі адрозніваюцца і даволі рэдка перамешваюцца. Напрыклад немцы, французы і італьянцы шмат стагоддзяў маюць агульныя межы. Але вельмі цяжка пераблытаць нацыянальныя кухні гэтых народаў. Кухня – такая ж асаблівасць кожнай нацыі, як і ўсе іншыя. Але беларусы значную частку сваёй гісторыі жылі ў адной дзяржаве з літоўцамі і палякамі. Таму і кулінарныя асаблівасці нашых краін вельмі падобныя.
Вось, напрыклад, такое блюда, як бігас – чыё яно? Кожны паляк адкажа — што гэта нацыянальная страва менавіта палякаў. Таксама скажуць і літоўцы. А вось беларусы… Большасць з нас ведае хіба што дранікі, халаднік ды верашчаку. Быццам нашыя продкі толькі гэта і елі. Кухмістр Верашчака жа намагаецца змяніць наш погляд на нацыянальную кухню.
Але аўтар не толькі расказвае пра гісторыю беларускай кухні, але і паказвае яе сувязь з сусветнай кулінарыяй. І не толькі тым, што шмат чаго мы ўзялі ад іншых, але і аддалі свайго. У кніге шмат прыкладаў з іншых кулінарных выданняў, а таксама з мастацкай літаратуры.
Але галоўная заслуга кнігі ў тым, што пасля яе прачытання вельмі хочацца пайсці на кухню і прыгатаваць што-небудзь з літвінскіх рэцэптаў. Я вось, напрыклад, ужо зрабў невялічкі спіс не вельмі складаных і, на мой погляд, даволі смачных страў. А яшчэ, больш не называю дранікі з мясам — калдунамі. А каб даведацца чаму — чытайце кнігу.
Разуменне таго, што такое калдуны — адзін з самых надзейных культурных пароляў. Запытайцеся ў знаёмых або выпадковых людзей, што яны разумеюць пад гэтай назвай. Калі атрымаеце адказ, што гэта смажаныя дранікі, авальныя бульбяныя аладкі, фаршыраваныя мясам — значыць, гэтыя людзі з літвінскай кухняй незнаёмыя.
Шмат хвалілі, цяпер трэба і крыху палаяць. У кнігі сапраўды ёсць недахопы, але тычацца яны не зместу, а афармлення і вёрсткі. Напрыклад, тут вельмі шмат розных малюнкаў і фотаздымкаў. Але даволі часта яны змешчаны так, што тэкст перарываецца дзесьці на палове адной старонцы і працягваецца толькі на наступнай. Ці, напрыклад, малюнак займае толькі палову старонкі, а астатняя яе частка пустая.
У астатнім кніга атрымалася вельмі выдатная. Верагодна, ў будучыні з’явіцца працяг выдання, які прысвечаны літвінскім напоям. Тым больш што сам аўтар гаворыць, што ідэя такога выдання існуе. Таксама вельмі хацелася б пабачыць «Літвінскую кухню» ў друкаваным выглядзе — з большай колькасцю фотаздымкаў да кожнага рэцэпта.