ТОП-10 самых прадаваных кніг лістапада ў краме kniharnia.by

top-10-samyih-pradavanyih-knig-listapada-u-krame-kniharnia-by

Kniharnia.by па традыцыі прадстаўляе свой топ-10 самых прадаваных кніг. У гэты раз яго ўзначальвае першы зомбі-хорар па-беларуску, які з’явіўся ў продажы толькі 1 лістапада, але ўжо паспеў стаць самым прадаваным. А таксама набірае папулярнасць новая кніга Кірыла Стаселькі «Marginalis».

1. Уладзімір Садоўскі «1813»

Уладзімір Садоўскі «1813»

Першы зомбі-хорар па-беларуску!

Дзеянне навэлы «1813» адбываецца ў 1813 годзе ў апошнія дні зімы. У разбуранае Вялікай вайной мястэчка на ўскрайку Мінскай губерні наведваецца госць са сталіцы. Міхал Клеафас Агінскі — дыпламат, кампазітар, а зараз сенатар Расійскай Імперыі — прыязджае пагасціць да свайго дзядзькі ў фамільны замак ля Маладэчна. З надыходам адлігі ў наваколлях мястэчка пачынаюць адбывацца незразумелыя рэчы: забітыя жаўнеры паўстаюць з поля мінулай бітвы і нападаюць на жыхароў паселішча. Хутка замак Агінскіх апынаецца ў аблозе хадзячых мерцвякоў. Міхалу Клеафасу не застаецца нічога іншага, як зноў узяць у рукі зброю і змагацца за свабоду роднага края. Толькі гэтым разам ворагам будуць не жывыя людзі, а паўсталыя пачвары.

У кнізе таксама змешчаны ў якасці бонуса пяць новых апавяданняў Уладзіміра Садоўскага.

Набыць кнігу «1813» Уладзіміра Садоўскага

 

2. Віктар Марціновіч “Мова”

Віктар Марціновіч “Мова”

Вяртанне ў ТОП лепшых

Мінск, 4741 год па кітайскім календары. Часы Смутку скончыліся, надышла эра ўзвышэння Саюзнай дзяржавы Кітая і Расіі, бесклапотных уцехаў, шопінг-рэлігіі і cold sex’у. Аднак існуе Нешта, чаго ў гэтым грамадстве суцэльнага дабрабыту не стае як вады і паветра. Сентыментальны кантрабандыст Сярожа пад страхам смяротнага пакарання ўвозіць каштоўны скарб з-за мяжы і апынаецца пад пільным кантролем мінскага падполля, узначаленага кітайскай мафіяй пад кіраўніцтвам таямнічай Цёткі. Разам яны спрабуюць зламаць сістэму, у якой дабро і зло, асветнікі і злачынцы, каханне і спажыванне, вернасць і здрада памяняліся месцамі.

Ці можаце вы ўявіць Беларусь без Беларусі? Гэты раман — страшны сон пра будучыню, прадухіліць якую можна толькі ў лучнасці з тым скарбам, вакол якога і распачынаецца дзеянне гэтага лінгвістычнага баевіка.

Набыць раман Віктара Марціновіча “Мова”

 

3. Кірыл Стаселька “ Marginalis”

Кірыл Стаселька “ Marginalis”

Насычаны i захапляльны фiласофскi раман, дзеянне якога ахоплiвае больш за чатырыста гадоў, паўтары сотнi персанажаў i дзясяткi краiн. Гэта пазл з мноства сюжэтных лiнiй, фiласофскiх ды псiхалагiчных матываў, якiя складаюцца ў адно цэлае.

Дзеянне ў рамане разгортваецца вакол уладальнiкаў старажытнай загадкавай кнiгi. У пошуках сябе i свайго “я” героi рамана прыходзяць да разумення, што часам не меншае значэнне мае тое, што знаходзiцца на палях — па-за цэнтрам, па-за межамi. Па-за межамi гiсторыi, жыцця, увагi…

Раман “Marginalis” быў прызнаны самым насычаным творам беларускай літаратуры. У рамане аб’ёмам 251 944 знакі сустракаецца не менш за 136 персанажаў. Рэкорд быў зафіксаваны беларускім аналагам Кнігі рэкордаў Гінэса – праектам “Рэкорды Куфара”.

Набыць раман Кірыла Стаселькі “ Marginalis”

 

4. Макс Шчур «Завяршыць гештальт»

Макс Шчур «Завяршыць гештальт»

ПЕРАМОЖЦА ПРЭМІІ ГЕДРОЙЦА 2016 ГОДА!

Другі месяц у ТОПе запар

«Завяршыць гештальт» — дзённік падарожжа «чалавека з фотаапаратам» у прасторы і часе, з Чэхіі ва ўлюбёную краіну ягонай маладосці Галандыю. Па дарозе герой-апавядальнік сустракае людзей з розных краін Еўропы і свету, абмяркоўвае з імі надзённыя пытанні эстэтыкі, эротыкі і геапалітыкі і напружана чакае, калі з ім нарэшце здарыцца нешта, што апраўдае ягонае рашэнне выехаць за мяжу — як цяпер, так і дваццаць гадоў таму з Беларусі. Ён перакананы, што галоўная сустрэча ягонага жыцця чакае яго ў Амстэрдаме.

Набыць раман «Завяршыць гештальт» Макса Шчура

 

5. Кухмістр Верашчака “Літвінская кухня”

Кухмістр Верашчака “Літвінская кухня”

Трэці месяц у ТОПе запар

Гэтая ўнікальная кніга складаецца з баек, напісаных добра вядомым Кухмістрам Верашчакам для «Нашай Нівы» і «Звязды» цягам апошняга дзесяцігоддзя. Блізкае знаёмства з «Кухаркай Літоўскай», кулінарнымі рэаліямі паэмы «Пан Тадэвуш», мемуарамі Леона Патоцкага, Яна Булгака, Мельхіёра Ваньковіча, Міхала Паўлікоўскага і многімі іншымі тэкстамі ХІХ – першай паловы ХХ ст. стварае досыць арганічную карціну кухні, якую сёння ўсё часцей называюць «літвінскай». Гэта шляхецкая і мяшчанская кухня былога ВКЛ, у нейкай ступені таксама – заможнага сялянства.

Наша рэцэнзія на кнігу

Набыць «Літвінскую кухню» ад Кухмістра Верашчакі

 

6. Віктар Марціновіч «Сфагнум»

Сфагнум. Белорусская версия

Вяртанне ў ТОП лепшых

Трое маладых злачынцаў забіваюць падзельніка і губляюць чужыя грошы, якія цяпер давядзецца вяртаць любой цаной. Яны вырашаюць залегчы на дно ў маленькай вёсцы, ратуючыся адначасова ад крэдытораў і крымінальнага вышуку. І ўсё пайшло б паводле задумы, калі б не знешне паўмёртвая беларуская вёска з яе неўміручай паганскай містыкай, якая падказвае нечаканае развязанне праблемы. Героі за паўкроку ад шчаслівага фіналу, але ці не зарана глядзець у неба, калі пад нагамі — багна?

Наша рэцэнзія на кнігу

Набыць «Сфагнум» Віктара Марціновіча

 

7. Альгерд Бахарэвіч “Белая муха, забойца мужчын”

Альгерд Бахарэвіч “Белая муха, забойца мужчын”

ДРУГАЯ ПРЭМІЯ ГЕДРОЙЦА 2016 ГОДА!

Трэці месяц у ТОПе запар

Новы раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?

Наша рэцэнзія на кнігу

Набыць кнігу «Белая муха, забойца мужчын» Альгерда Бахарэвіча

 

8. Альгерд Бахарэвіч “Дзеці Аліндаркі”

Альгерд Бахарэвіч “Дзеці Аліндаркі”

Вяртанне ў ТОП лепшых

Героі нашумелага рамана Альгерда Бахарэвіча — беларускамоўныя дзеці, пацыенты загадкавай установы пад назваю «Лагер». Як сучасныя Гэнзэль і Грэтэль, яны трапляюць у цёмны лес, дзе іх чакаюць зусім не дзіцячыя прыгоды. Казка, сатыра, антыўтопія — кнігу можна аднесці да кожнага з гэтых жанраў, але яна ўсё роўна застаецца кнігай пра нас, тых, хто жыве тут і цяпер.

Гэты раман А.Бахарэвіча ўганараваны першай прэміяй «Кніга году» і трэцяй прэміяй Гедройца ў 2015 годзе. Неўзабаве ў Францыі выйдзе яго пераклад на французскую мову.

Наша рэцэнзія на кнігу

Набыць «Дзеці Аліндаркі» Альгерда Бахарэвіча ўсяго за 5 рублёў

 

9. Людміла Рублеўская “Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата”

Людміла Рублеўская “Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата”

Другі месяц у ТОПе запар

У чацвёртай кнізе авантурна-прыгодніцкага цыклу Людмілы Рублеўскай загонны шляхцюк Пранціш Вырвіч і полацкі доктар Баўтрамей Лёднік зноў выпраўляюцца на неверагодныя прыгоды. На гэты раз яны трапляюць у Францыю, дзе Лёднік працуе разам з вядомым навукоўцам Жанам Жыліберам. На гэты раз Лёдніка ўцягваюць у таемнае таварыства, што займаецца злачыннымі аперацыямі на людзях. Пранцішу Вырвічу давядзецца рызыкнуць жыццём, каб вызваліць старэйшага сябра. А па вяртанні на радзіму – новыя прыгоды… Тут адбываецца магнацкае паўстанне супраць караля Станіслава Панятоўскага, і героі апынаюцца нібы паміж жорнамі, іх перакідвае то на адзін бок палітычных сілаў, то на другі. Давядзецца сустрэцца з егіпецкай прынцэсай і каронай святога Альфрэда, плаваць у вадзяным змеі ў падземных азёрах пад Туравам, разгадваць таямніцу шлема арабскага лекара Альбукасіса… Вас захопяць жывая мова і аўтарскі гумар, неверагодныя павароты сюжэта і непаўторная атмасфера 18 стагоддзя — эпохі «плашча і кінжала».

Набыць кнігу Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата»

 

10. Людміла Рублеўская “Авантуры студыёзуса Вырвіча”

Людміла Рублеўская “Авантуры студыёзуса Вырвіча”

Другі месяц у ТОПе запар

Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў 18 стагоддзі былога шкаляра Менскага езуіцкага калегіюму, маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацку. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, які здабыў сабе шляхецтва на полі бойкі – суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…

Наша рэцэнзія на кнігу

Набыць кнігу Людмілы Рублеўскай «Авантуры студыёзуса Вырвіча»

HVALI.BY