24 чэрвеня — дзень нараджэння Кузьмы Чорнага

Кузьма Чорны

24 чэрвеня 1900 года нарадзіўся выдатны беларускі пісьменнік, дзеяч беларускага адраджэння  Кузьма Чорны. На яго жыццё выпала цяжкая доля — у 1938 годзе яго пасадзілі за краты на 8 месяцаў, шмат родных адняла ў яго вайна, у першыя дні вайны згарэлі рукапісы трох яго раманаў, а таксама вялікае даследаванне паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». Падчас вайны цяжка хварэў і памёр у 1944 годзе. Адзначым, што пісьменнік да апошняга заставаўся верным сабе — пісаў дзённік. А апошні запіс датуецца днём смерці Кузьмы Чорнага. Але і пасля смерці шмат яго твораў былі пад забаронай. Друкавацца яны пачалі толькі ў 60-я гады.

У дзень нараджэння пісьменніка мы прапануем Вам азнаёміцца з некалькімі запісамі з яго дзённіка. Поўную яго версію чытайце ТУТ

 

Дзённік

9 жнівеня

Я сам не свой увесь гэты час. У Маскве страшна аставацца далей жыць. Гэты вялікі горад не дасць мне як мае быць ачуняць. І жыць не ў Беларусі больш не магу. А дзе жыць у Менску? І як там жыць на попелішчы? Што там есці? Пайшоў сёння рана ў рэдакцыю. Думаў, пакуль яшчэ там нікога не было, пісаць непатрэбную працу: перадавы артыкул у «Беларусь» № 5. Артыкул ужо напісаны, але цэнзар вымагае, каб там было як найбольш шаблону. Ратуй мяне божа ад гэтай работы больш. Аднак жа ў рэдакцыі нічога не рабіў, бо адразу найшло людзей, і падняўся гармідар, і ўсе мае дуды вобземлю. (…)

 

21 жнівеня 1944 г.

Грып. Слабасць. Хіліць у пасцель. А ляжаць не магу. Думкі мучаць. І Рэня адчувае сябе дрэнна. І ёй вельмі нездаровіцца. Небарака, яна ператамілася, гэтулькі ёй клопату і працы!

(…)

Сённяшні момант беларускай гісторыі важан не толькі выгнаннем з Беларусі немцаў. Беларусь — усходняя славяншчына. Немец тут ніколі не будзе панаваць. Вельмі важным момантам сёння ёсць нам тое, што адбываецца ў Польшчы. Здаецца, што кладзецца канец польскаму зямельнаму магнацтву. Польшча без зямельных магнатаў гэта ўжо малое зло. Наўрад ці ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі Польшча будзе сунуцца зноў рабіць у Беларусі сваю граніцу, хоць спробы даводзіць, што Польшча «мае права» апалячваць Беларусь, могуць быць.

 

6 кастрычніка

Пятніца. Пісаў вельмі мала. Горне на сон. Баліць сэрца. Клопат і думкі аб кватэры. Рэня і Іра спяць на падлозе. Учора ўвечары заўважыў, што ногі апухлі да кален. Сэрца! У турме ў мяне апухалі толькі ступені. Прага мець ціхі свой кут і пасцель і вылежацца як мае быць. А тут абяцаюць, што кватэра можа быць толькі праз два тыдні. Гэта значыцца, што не менш месяца трэба чакаць. А два месяцы то напэўна. Баюся, што не вытрымаю да пасцелі і падушкі. Здань смерці мучыць мяне. Так я доўга не пацягну. І кому повем печаль мою? Хоць бы адзін хто блізкі і разумны, а Рэню буду берагчы ад трывог.

 

22 лістапада (дзень смерці)

Бадай што ўжо месяц, як у «кватэры», дадзенай мне Саўнаркомам. Але ж якраз як тая камера ў турме, дзе я сядзеў у 1938 годзе. Можна сказаць, што я ўжо дайшоў да апошняй мяжы. Бруд, цемень — вокны глядзяць у чорны трохкутнік з высозных муроў. Пісаць няма як і жыць няма як. А тут жа, па адным карыдоры, рамантуюць кватэру Рыжыкаву. Там светла і добра. Там Рыжыкаву можна будзе круціць патэфон і гуляць у «пульку». У нас няма ўласнага жыцця, мы ўсё аддаём дзяржаве. Мы аддалі дзяржаве свае душы і таленты, але мы не Рыжыкавы. Я жыву як апошняе пакідзішча. І не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не эўрапейская дзяржава, дзе інтэлектуальныя асаблівасці чалавека робяць яго жыццё арганізаваным. А ў нас азіятчына. Падхалімства, хабарніцтва, чыноўніцтва, паклёпніцтва — за апошнія годы паднялося на вялікую вышыню. Колькі нашай інтэлігенцыі без дай прычыны гніе ў турмах і на высылцы! У мяне ўжо няма 70% здароўя. Я гіну і не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сілы мае трацяцца і марнуюцца без карысці. Доўгія годы мяне мучыла ГПУ-НКВД. А цяпер замест таго, каб рабіць тое, што мне трэба рабіць, я палю ў печы, цягаю ваду, змываю гаўно ў прыбіральні, краду дровы, дастаю з дошчак цвікі, мыю сваю парваную і вываленую адзежу. Тут вайна не да канца вінавата. Тут многа ад хамства. Апарат НКГБ і тысячы чыноўнікаў займаюць увесь горад — яны ўмеюць і любяць рваць адзін аднаго і ўсіх за горла, а я гэтага не ўмею рабіць, дык не магу нават дастаць хоць тоненькі праменьчык дзённага святла ў вакно і мучуся ў пограбе. Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?

HVALI.BY