Добрая тая кніга, пасля чытання якой твой спіс літаратуры павялічваецца. А яшчэ ёсць людзі, якія сваім захапленнем здольныя натхніць усіх вакол. У гэтым зборніку “прознага” Міхася Скоблы для мяне супалі два гэтыя пункты. Пісьменнік ярка выступіў у якасці папулярызатара творчасці Ларысы Геніюш і Зоські Верас, натхніўшы мяне глыбей пазнаёміцца з творчасцю гэтых нашых таленавітых аўтарак. Здавалася б, даўно знаёмых, але ж такіх, якія кожны раз адкрываюцца з новага боку.
Скобла вядомы як даследчык творчасці літаратаркі з Зэльвы, таму не дзіўна, што Ларысы Геніюш так шмат у гэтай кнізе. Да таго ж спадар Міхась падрыхтаваў да выдання яе перапіску, выбраныя творы, кнігу ўспамінаў і мноства іншых матэрыялаў, за што яму велізарная падзяка. Вельмі раю вам апошні (і самы доўгі) раздзел гэтай кнігі — “Чайка з лётам арліным”, які прысвечаны якраз асобе і творчасці Ларысы Геніюш.
Зборнік “Саркафагі страху”, дарэчы, не толькі пра Верас і Геніюш. Тут вы сустрэнеце мноства эсэ на розныя літаратурныя, культурныя, гістарычныя і нават палітычныя тэмы. Гісторыі з літаратурных вандровак, нечаканыя кніжныя адкрыцці. Тым, хто сочыць за творчасцю Міхася Скоблы ці проста зазірае ў літаратурныя раздзелы на розных сайтах, ці чытае адпаведныя часопісы, многія тэксты будуць знаёмыя, бо раней ужо друкаваліся. Цяпер жа аўтар вырашыў сабраць іх пад адной вокладкай.
Пачынаецца зборнік вельмі актуальным артыкулам пра нашага першага касманаўта, як называе яго Скобла. Не, не пра Пятра Клімука, а пра Язэпа Драздовіча. Ён хоць у космасе і не быў, але ж космасам быў апантаны і прысвяціў яму велізарную частку сваёй творчасці. Спадзяваўся, што калісьці знойдуцца людзі, якія змогуць праверыць усе ягоныя тэорыі. З гэтай надзеяй і ствараў навукова-папулярную кнігу “Нябесныя бегі”, дзе разглядаў такое, што і дагэтуль нам падаецца чымсьці фантастычным. Напрыклад, магчымасць існавання жыцця на кольцах Сатурна. І ў эсэ Скобла робіць добрую заўвагу: “Як гэта важна для мастака — быць пэўным у сваім бачанні свету і Сусвету”. Бо калі сам верыш у тое, што ствараеш, то яно і атрымліваецца больш праўдападобным. Драздовіч шчыра верыў у тое, што робіць.
Далей у зборніку сустракаюцца і Быкаў, і Купала, і Багдановіч, і іншыя, не менш значныя літаратары. Таксама Скобла апісвае свае падарожжы да літаратараў замежных, напрыклад, украінскіх, вандроўкі на розныя літаратурныя фестывалі.
Ёсць у зборніку і даволі прыкрая гісторыя, якая ў цэлым адлюстроўвае сучасны стан існавання беларускай літаратуры і яе дачыненні з дзяржавай. Гісторыя пра тое, як у 2008 быў выдадзены “Слоўнік фразеалагізмаў” Івана Лепешава, з якога рукой галоўнага рэдактара выдавецтва “БелЭн” Генадзя Пашкова была выкінутая вялікая колькасць беларускіх пісьменнікаў. У зборніку Скобла хавае рэдактара за ініцыяламі Г. П., але краіна павінна ведаць сваіх “герояў”. Захоўваем традыцыі Галоўліта ў цэнзуры. Каля 500 цытат 15 выдатных беларускіх аўтараў, многія з якіх ужо сталі класікамі беларускай літаратуры, проста былі выкінутыя са слоўніка. Прычына? Нядобранадзейнасць аўтараў.
Вось што казаў сам складальнік слоўніка Іван Лепешаў: «Выдавецтву, найперш яго дырэктару Генадзю Пашкову, не падабаліся некаторыя аўтары, нават народныя пісьменнікі — Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч». Разумееце, слоўнік беларускіх фразеалагізмаў без цытат з вершаў Барадуліна? Ды толькі з ягоных цытат можна было зрабіць цэлы том. Нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч таксама са слоўніка выкінулі. Цікава, як бы да яе паставіліся, калі б слоўнік выдаваўся цяпер, пасля ўручэння Нобелеўскай? Такім чынам, некаторыя фразеалагізмы ў слоўніку засталіся нібыта аголенымі, без цытат, якія б паказвалі спосаб іх ужывання.
Добра, што такія гісторыі не замоўчваюцца. Застаецца толькі чакаць, каб слоўнік быў перавыдадзены належным чынам. Але ці пры гэтай уладзе?
Што ж такое “Саркафагі страху”, адкуль такі яркі і моцны загаловак? Гэта мінуўшчына, якая трымае нас у палоне. Кніга Міхася Скоблы — яшчэ адзін крок па разбурэнні гэтых саркафагаў. Раю вам пазнаёміцца з гэтым аб’ёмным і насычаным зборнікам, які звяртаецца да розных тэм і гістарычных перыядаў, разглядае як творчасць класікаў, так і творы сучасных літаратараў.
Bookvajed