Алег Аблажэй “Красамоўнае сэрца” — рэцэнзія

Алег Аблажэй Красамоўнае сэрца”

Няпростая справа, пісаць дзіцячыя кнігі. Куды лягчэй іх ілюстраваць. У гэтай кнізе, на жаль, ілюстрацыі апынуліся першаснымі і засланілі сабой тэкст. Разглядаць іх — гэта сапраўды адно задавальненне. Зграбныя, вытанчаныя лініі, прыемныя колеры, высакародныя прынцы і прынцэсы. Некаторыя малюнкі займаюць цэлы разварот і могуць захапіць не толькі дзяцей, але і дарослых, унутры якіх усё яшчэ жывуць летуценнікі/ І варта адзначыць, што праілюстраваў кнігу сам аўтар.

А па тэксце гэта звычайная чароўная казка, галоўны герой якой — каралевіч Артакс. У сваёй сям’і ён белая варона, бо не выяўляе такі ж жорсткі і бязлітасны нораў, як бацька ці браты. Аднойчы Артакс вырашае знайсці сваё каханне і выпраўляецца ў падарожжа.

Вобразы, што сустракаюцца ў кнізе, даволі ўніверсальныя для казак і знаёмыя нам па іншых творах: страла, якую пускае Артакс, каб тая прывяла яго да каханай; прынцэса, замкнёная ў высокай вежы і іншыя.

І здавалася б, сучасныя дзеці ўжо наўрад ці могуць захапіцца гісторыямі пра рыцараў і прынцэс, але нейкая магія ў гэтай кнізе ўсё ж такі ёсць. Гісторыя, расказаная ў творы, актуальная і ў наш час, бо дзецям варта павучыцца чуласці, міласэрнасці, уменню ісці за сваёй марай і ісці да мэты, не зважаючы на перашкоды.

Адзінае, што ніколі не змагу дараваць дзіцячай кнізе, — абдрукоўкі. Іх тут сустрэлася некалькі. Не такога яна вялікага аб’ёму, 71 старонка буйным шрыфтам з ілюстрацыямі, каб паставіцца да карэктуры халатна. Можна прачытаць шмат разоў, каб пазбегнуць падобных рэчаў. Да таго ж у які раз упэўніваюся, што нашы карэктары не ўмеюць карыстацца праграмамі праверкі арфаграфіі (ці ўвогуле не ведаюць пра іх існаванне, што яшчэ больш сумна).

4 из 5

Bookvajed

HVALI.BY