Аляксандар Бацкель “Яблыневы Маёнтак” — рэцэнзія

Аляксандар І. Бацкель Яблыневы Маёнтак

“я шмат пішу, але ніводнага разу не закрануў вайну між Украінай і Расеяй, і гэта таму, што я баюся даведацца, што на гэты конт думаюць мае сябры й сваякі, бо я ўпэўнены — мне давядзецца рэзаць процьму нітак, якія даўно ўжо нас усіх зьвязалі”

Працягваю знаёміцца з творчасцю Аляксандра І. Бацкеля (псеўданім пісьменніка Сяргея Календы). Сёлета яго кніга “Квадратурынавы маёнтак” трапіла ў спіс намінантаў на прэмію Гедройца, а я з 2 папярэдніх кніг гэтага цыкла прачытала толькі першую (“Маёнтак Рыбы”). Хочацца ж быць паслядоўнай, таму дачытала другую і неўзабаве вазьмуся за “Квадратурынавы маёнтак”, каб пазл з трох кніг Бацкеля нарэшце склаўся.

Нагадаю, што Бацкель скончыў гістфак і стаў даўншыфцерам (пераехаў у вясковую хату, якая засталася ў спадчыну ад бабулі, і жыве там у аддаленасці ад цывілізацыі, піша кніжкі).

У часе чытання гэтай кнігі ў мяне склалася ўражанне, што Сяргей хоча забраць у Глобуса лаўры самага эратычнага пісьменніка. Бо эратычныя сцэны складаюць вялікую частку кнігі і вобраза Бацкеля. Сцэны ананізму і палавых актаў тут пераскокваюць са старонкі на старонку, таму лепім на вокладку відавочнае 18+.

Часам сярод тэкстаў кнігі сустракаюцца вельмі жыццёвыя сітуацыі. Напрыклад, калі ў героя з плэера вытыркнуўся навушнік, і на ўвесь транспарт загучала аўдыёкніга дэ Сада. Калі вы ўяўляеце сутнасць творчасці гэтага аўтара, то лёгка зможаце ўявіць ступень няёмкасці.

Уражанні ад другой кнігі ў мяне ідэнтычныя з уражаннямі ад першай: чытаецца лёгка і прыемна, шмат трапных жыццёвых назіранняў, але не магу сказаць, што пасля заканчэння чытання хадзіла ў поўным захапленні і доўга ўспамінала ўрыўкі з кнігі. Здаецца, усё добра, але чагосьці кнізе не хапае. Пакуль магу сказаць, што творчасць Сяргея Календы мне імпануе нашмат больш, чым творчасць Аляксандра І. Бацкеля.

На жаль, як і ў папярэдняй кнізе Бацкеля («Маёнтак рыбы»), тут не абышлося без памылак і абдруковак, а гэта заўжды псуе ўражанне ад кнігі.

4,5 из 5 оценка

Bookvajed

HVALI.BY