Эратычная тэма ў беларускай літаратуры не раскрыта. У класікаў сэкс наогул амаль адсутнічае як з’ява, а яго апісанне ў лепшым выпадку займае 2-3 радкі. Але і сучасныя беларускія пісьменнікі адышлі не нашмат далей ад гэтага. Эратычныя моманты так ці інакш прысутнічаюць амаль усюды, але па-сапраўднаму нідзе не раскрыты. Паспрабуйце, напрыклад, зрабіць спіс з 10 лепшых апісанняў сэкса ў беларускай літаратуры і мы абавязкова надрукуем яго на сваім сайце. А між іншым – сэкс, гэта такі ж сродак зносін паміж людзьмі, як пацалунак, размова, абдымкі. І ён займае ў нашым жыцці не апошняе месца. Таму і ігнараваць сэкс нельга.
“Дванаццаць актаў” – першы зборнік беларускай эратычнай прозы, складзены пісьменнікам Уладзіславам Ахроменка. Як заўсёды, беларуская літаратура цягнецца ў перадапошнім вагоне сусветнай літаратуры. Усе даўно ўжо прачыталі “50 адценняў Грэя”, а альтэрнатыву гэтаму не вартаму ўвагі твору белліт прапануе толькі зараз.
У зборнік, як зразумела з назвы, увайшло 12 апавяданняў ад дванаццаці беларускіх аўтараў. Мы нават іх пералічым: Ева Вежнавец, Уладзімір Някляеў, Пістончык, Алена Брава, Юры Станкевіч, Людміла Рублеўская, Аляксандр І.Бакцель, Макс Шчур, Алесь Аркуш, Югася Каляда, Сяргей Вераціла, Марта Локіс. Як бачна, амаль усе імёны добра вядомыя. Больш за тое, амаль палова апавяданняў напісана жанчынамі. І таму вельмі цікава – аўтары спецыяльна пісалі апавяданні дзеля гэтага зборніка, ці проста перадалі Уладзіславу Ахроменка тое, што ўжо было напісана?
Пачнем гэту рэцэнзію з недахопаў, каб скончыць добрымі якасцямі кнігі. Галоўная праблема зборніка “Дванаццаць актаў”, як і большасці іншых зборнікаў – яго нераўнамернасць. Ніводны чытач не зможа з захапленнем прачытаць усе творы. Камусьці больш спадабаюцца сэксуальныя прыгоды піянера ад Уладзіміра Някляева, а кагосьці ўразіць гісторыя першага кахання ад Сяргея Верацілы. І гэта з аднаго боку добра, але ж ёсць і тыя апавяданні, якія, наадварот, зусім не спадабаюцца і адштурхнуць асобнага чытача ад кнігі. Знайшоўся такі “няўдалы” твор і для аўтара гэтай рэцэнзіі, аднак не будзем яго называць.
Яшчэ адна праблема ўсіх тэматычных зборнікаў – гэта рознае разуменне кожным пісьменнікам тэматыкі. Тая ж эротыка – вельмі шматзначнае слова, асабліва калі яно датычыцца літаратуры. Хтосьці скажа, што эротыка – гэта “Лаліта” Набокава, іншы – што гэта “Жусціна” дэ Сада, а трэці наогул будзе сцвярджаць, што эротыка гэта нават “Унесеныя ветрам” Мітчэл.
Напрыклад, на наш погляд, творы Алеся Аркуша, Евы Вежнавец, Сяргея Верацілы, Людмілы Рублеўскай і некоторыя іншыя вельмі цяжка прылічыць да эротыкі. Нават калі ў апавяданні апошняй ёсць сцэна сэкса. Проста вельмі цяжка лічыць твор эротыкай, калі сэкс у ім прысутнічае ў выглядзе гвалта.
Яшчэ некалькі слоў наконт твора Евы Вежнавец, з якога пачынаецца зборнік. Сам твор атрымаўся нядрэнным, як гаворыцца — “жыццёвым”. Але ён адразу пакідае дрэннае ўражанне ад усёй кнігі – згвалтаванне дзяўчынкі і варажба не тая тэма, з якой трэба пачынаць эратычны зборнік. Лепш было б паставіць у пачатак апавяданне Уладзіміра Някляева “Піянерскі салют”, дзе ёсць і эротыка, і першыя сэксуальныя перажыванні, і сам сэкс, і гумар з трагедыяй.
Але ўсе гэтыя моманты тычацца выключна зборніка, як асобнага літаратурнага твора. Калі ж пачаць паасобку разбіраць кожнае апавяданне, то мы пабачым зусім іншы малюнак. Акрамя адзінага твора, які сапраўды падаўся аўтару рэцэнзіі даволі слабым, кожны з астатніх заслугоўвае ўвагі свайго чытача. Але расказваць пра кожны з іх, было б не зусім добра. Проста калі вам не спадабаецца першае апавяданне – пераходзьце да наступнага. Не спадабаецца другое – пачынайце чытаць трэцяе і г.д.