Багіня памяці Мнемазіна носіць пантофлі са свінцовымі абцасамі. Ступае мякка, на дыбках, а націсне пяткай — і струшчыць усё. Здаецца, вось гэта нізавошта не забудзеш, такое важнае, такое роднае — а насамрэч застаецца толькі ўціснуты ў побыт адбітак, які ўсё больш скажаецца, растае, як малюнак прутком на пяску.
Сцвярджала і сцвярджаю, што Людміла Рублеўская — лепшая сучасная пісьменніца ў Беларусі. І паводле якасці твораў, і паводле пладавітасці. Таму яе творы для мяне аўтачытаемыя па меры выхаду. Гэтую кнігу ад выдавецтва “Янушкевіч” я трымала ў руках зусім свежую, толькі-толькі з друкарні. Паспела ў інстаграме нават разыграць асобнік, але ўсё ніяк не магла сабрацца з думкамі, каб напісаць водгук (хоць прачытаная кніга была яшчэ ў пачатку месяца).
Насыціўшыся гісторыяй і сучаснасцю ў нашай рэальнасці, Людміла Рублеўская ў новым рамане замахнулася і на рэальнасць віртуальную. У кнізе “Пантофля Мнемазіны” мы бачым адразу тры гісторыі, якія цесна звязаныя між сабой: гісторыя дызайнера Вірынеі Корвус, якая працуе ў сталічным метрапалітэне, гісторыя доктара Люцыяна Корвуса, эксперыментатара і адданага справе чалавека, а таксама гісторыя стварэння рамана. Тут і фантастыка, і гісторыя, і дэтэктыў, і каханне. Адна тэма для слабакоў, Рублеўская заўжды прагне ахапіць неахопнае, а таму кніга не губляе дынамізму. З першых старонак актыўна разгортваюцца падзеі, мы перамяшчаемся з рознымі людзьмі ў розныя лакацыі: ці то гэта платформа метро, на якую галоўнае гераіня глядзіць, лежачы на яе шкляной столі, ці то гэта спецбальніца “Апошні прытулак” і медыцынскія эксперыменты першай паловы мінулага стагоддзя.
Яшчэ можна хваліць Рублеўскую за сучаснасць: калі вы ў такім узросце, што ўжо не знаёмыя з такой з’явай, як fan-fiction (па-просту фанфікі), то прыйдзецца шмат гугліць.
А цяпер крыху майго занудства: зашмат у кнізе Рублеўскай параўнанняў з выкарыстаннем злучніка як. Праз старонку можна сустрэць нешта накшталт: “эксперыменты праваліліся з трэскам, як асістэнтка ілюзіяніста праз дэкарацыі”, усё — мана, як пластыкавы магніцік”, “чорныя бліскучыя валасы матлянуліся, як у салісткі французскага кабарэ-гурта”, “усплываюць толькі эпізоды, як пялёсткі зёлак у размяшанай гарбаце” і г.д. З такой колькасцю параўнанняў узнікае адчуванне нейкай штучнасці, можна было крыху спыніць шалёны бег думкі і заканчваць сказы без гэтага “як”.
Але твор раю, і гэты, і іншыя яе раманы. Карацей, Рублёўская ў трэндзе, Рублеўскую чытаць модна і можна. І трэба!
Bookvajed