Народны пісьменнік Беларусі. Іван Чыгрынаў

Иван ЧигриновІван Чыгрынаў — першы, хто атрымаў званне «Народны пісьменнік Беларусі». Адбылося гэта ў 1994 годзе. Галоўнае яго адрозненне ад іншых людзей, якія атрымалі гэтае ж званне — вядомасць. Спытайце любога школьніка пра Крапіву, Лынькова або Макаёнка, і ён пацвердзіць вам, што як мінімум чуў гэтыя прозвішчы. Спытайце іх пра Івана Чыгрынава і большасць скажуць, што нават ніколі не чулі гэтае імя.

Біяграфія Івана Чыгрынава

Іван Чыгрынаў нарадзіўся ў 1934 годзе ў вёсцы Вялікі Бор Магілёўскай вобласці ў сям’і старшыні сельсавета. Скончыў сямігадовую школу ў роднай вёсцы і працягнуў вучобу ў сярэдняй школе Саматэвічаў, якая размяшчалася за 8 кіламетраў ад дома. У дзяцінстве будучы пісьменнік перажыў Вялікую Айчынную вайну, на якой страціў бацьку. Падчас вайны яго сям’я дапамагала партызанам.

У 1952 годзе паступіў на аддзяленне журналістыкі філфака БДУ. Адразу пасля яго заканчэння ўладкаваўся на працу ў Выдавецтва Акадэміі навук БССР, дзе працаваў да 1962 года. З 1965 года займае пасаду рэдактара публіцыстыкі ў часопісе «Полымя».

У 1973 годзе ўступіў у КПСС. З 1976 года — сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1978 годзе ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у працы XXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

З 1986 да 1990 года дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. З 1987 года — старшыня праўлення Беларускага аддзялення Савецкага фонду культуры. У 1989 годзе становіцца галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына».

Памёр у 1996 годзе, пахаваны ў Мінску на Ўсходніх могілках.

Творчасць Івана Чыгрынава

На раннюю творчасць пісьменніка вялікі ўплыў аказаў Аркадзь Куляшоў. Свае вершы Чыгрынаў друкаваў яшчэ ў школе. Як празаік дэбютаваў у 1958 годзе ў газеце «Чырвоная змена».

Першы зборнік прозы выйшаў у 1965 годзе – «Птушкі ляцяць на волю». Праз два гады выйшаў другі зборнік — «Самы шчаслівы чалавек». Першыя творы аўтара прысвечаны жыццю савецкіх людзей у пасляваенны перыяд.

Напісаў пенталогію «верамееўскага цыкла», якая была прысвечана жыццю канкрэтнай вёскі падчас вайны — Верамееўкі. У цыкл увайшлі раманы — «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданне крыві» (1977) и «Свае і чужыя» (1982), «Вяртанне да віны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996). У 1990 годзе па творы «Плач перапёлкі» быў зняты аднайменны дзевяцісерыйны фільм.

Варта адзначыць, што дадзеная пенталогія па сваёй сутнасці ўяўляе адзіны твор. Але цяжка знайсці чалавека, які прачытаў усе пяць раманаў. У асноўным чытаюць першыя тры кнігі, дзеянне якіх разгортваецца ад пачатку вайны да бітвы пад Масквой. Апошнія дзве кнігі былі напісаныя са значным перапынкам і адрозніваюцца меншай падрабязнасцю і большай хуткасцю развіцця падзей.

Займаўся Іван Чыгрынаў і перакладчыцкай дзейнасцю. На беларускую мову пераклаў твор Максіма Горкага «На дне», Усевалада Вішнеўскага «Оптимистическая трагедия».

Браў удзел у стварэнні шасцісерыйнага тэлевізійнага фільма пра мінскае партыйнае падполле «Руіны страляюць…» (1972). Вядомы як крытык і літаратуразнаўца. Аўтар манаграфіі пра фалькларыста Мікалая Нікіфароўскага.

На познім этапе творчасці стварыў некалькі п’ес, самыя вядомыя з якіх – «Прымак» (1994), «Ігракі» (1989), «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1989).

У 1995 годзе выйшаў збор твораў аўтара ў 6 тамах.

У сваёй аўтабіяграфіі пісьменнік дакарае сябе за тое, што практычна ўсю творчасць прысвяціў тэме вайны. Штораз ён казаў, што новы твор пра вайну будзе апошнім. Але ў выніку ўсё роўна вяртаўся да гэтай тэмы.

Што пачытаць з творчасці Івана Чыгрынава

У Чыгрынава ёсць твор, які можна назваць цэнтральным – «Плач перапёлкі». З яго трэба пачынаць знаёмства з творчасцю пісьменніка і калі спадабацца, можаце прачытаць другі і трэці тамы пенталогіі — «Апраўданне крыві» и «Свае і чужыя».

Мемориальная доска Ивану Чигринову в Минске
Мемарыяльная дошка Івану Чыгрынаву ў Мінску

Узнагароды і памяць. У 1974 годзе — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР як сааўтар сцэнарыя фільма «Руіны страляюць».

У 1979 за першыя два раманы «верамееўскага цыклу» «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» узнагароджаны срэбным медалём ім. А.Фадзеева.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны, Ганаровы грамадзянін горада Касцюковічы.

У 1996 годзе пасля смерці пісьменніка яго імя прысвоена Касцюковіцкай цэнтральнай бібліятэцы.

Імя Івана Чыгрынава носіць адна з вуліц Магілёва, а ў 2003 годзе на будынку сярэдняй школы № 6, якая знаходзіцца на гэтай вуліцы, адкрыта мемарыяльная дошка пісьменніка.

Яшчэ адна мемарыяльная дошка пісьменніку размясцілася ў Мінску, па адрасе вул.Пуліхава, 29, дзе жыў пісьменнік.

У 1994 годзе зняты фільм, прысвечаны творчасці пісьменніка – «Іван Чыгрынаў». Рэжысёр Станіслаў Гайдук.

HVALI.BY