Настальгічны рэліз

25 АБ-БА Аркестр (2015)

Беластоцкае аб’яднанне «АБ-БА» сумесна з вучнямі беластоцкай школы №4 ды Лявонам Вольскім, Ігарам Варашкевічам, Аляксандрам Памідоравым, Юрка Асеннікам, Хрыстафорам Сяскевічам выдалі рэліз «25 АБ-БА Аркестр«, прысвечаны 25-годдзю музычныга фестываля «Басовішча». У альбоме сабраныя 11 лепшых песен, напісаных за гэтыя часы. Дзіўна, але шматлікія рэчы загучалі цалкам па-новаму, атрымаўшы новае жыццё.

Адкрывае рэліз бессмяротны хіт «Зямля«, запісаны з Лявонам Вольскім. Спачатку ўступае дзіцячы хор, а з цягам песні драйвова ўцягваецца і былы мроявец. Нечакана сціхае хор сціхае, і Лявон Артуравіч спявае адзін, што дадае яшчэ большай экспрэсіі да твору. Цікава запісана і гітарнае сола. Сапраўды, гэтай рэчы не хапала сучаснай апрацоўкі.

Наступны хіт, здаецца, стаў самым лепшым на рэлізе. Песня гэтая вядома ўсім, але зараз яна загучала зусім па-іншаму. Маецца на ўвазе «Слуцкая брама» неіснуючай «Бонды». Раней песня была занадта сухой. А тут з’явіўся ну проста ідэальны бэк-вакал. Яшчэ і тэмп стаў больш хуткім, што зрабіла з песні моцны хард-рокавы баявік. Трэба гурту «Крама» узяць пад увагу такую версію. Трошкі яскравей, дарэчы, гучаць і «Стэфка» з «Будзь разам з намі«.

Добра запісана і «Партызанская» гурта N.R.M., чамусьці названая як «Партызаны«. Характэрна, што Лявон Вольскі перарабіў гэтую песню ў гэтым годзе і з «Крамбамбуляй». Але, здаецца, тут яна гучыць больш шчыра. Дарэчы і версія занадта цяжкая па гуку. Моцна гучыць і песня «Радзіма-Свабода», якую калісьці выконвалі музыканты з гурта Zet. Да паўнаты не хапае, хіба што, трэкаў «Крамбамбулі» і сольных рэчаў Вольскага. А так вельмі цікава, што яго творчасць прадстаўлена на рэлізе трыма праектамі, два з якіх ужо не існуюць, а адзін жыве без Вольскага.

Добра ўліліся ў рэліз і песні «Шызафрэнія» ды «Радыяцыя» беларускамоўных гуртоў з Падляшша — R.F. Braha ды Кардон адпаведна. Гэтыя рэчы меньш знаёмыя мясцовым слухачам. Але гучаць яны болей чым цэласна. Кажуць, што запрашалі да ўдзелу Аляксандра Кулінковіча, Сяргей Міхалка, Славу Кораня ды Касю Камоцкую, але яны адмовіліся. Шкада, што так. Песні з іх рэпертуару добра б уліліся ў рэліз. Але чаму б не зрабіць яшчэ адзін альбом?!

АБ-БА Аркестар — вельмі цікавы праект, які абавязкова трэба працягваць. Пасля праслуховаўвання можна ўявіць, як бы моцна загучалі ў новым выкананні, напрыклад, хіты «Пляц Францыска», «Мая краіна», «Зорачкі» ды якая-небудзь Belarus Uber Alles. Спадзяемся, што будучае ў праекта ўсё ж ёсць. Але ўпэўнена можам сказаць, што гэты рэліз добра адлюстроўвае гісторыю беларускай музыкі за апошнія 25 гадоў, негледзячы ўсяго на 11 трэкаў.

 

Песні, на якія варта звярнуць увагу:

УСЕ!

HVALI.BY