Ну вось нарэшце! Сучасны раман пра беларускія рэаліі. Вельмі шкада, што кніга не выйшла ў папяровым варыянце (збіраліся сродкі на краўдфандынгавай платформе, але сабралася ў выніку ўсяго 11% ад патрэбнай сумы, таму кніга пабачыла свет толькі ў электронным выглядзе ў выдавецтве “Янушкевіч”, можна яе на сайце kniharnia.by знайсці). Для Сяргея Плескача гэта ўжо другая кніга (першая выйшла 2 гады таму), а я і далей буду сачыць за яго творчасцю.
Адразу скажу, што мне вельмі не падабаецца назва, яна не выклікае жадання ўзяць кнігу ў рукі, бо гэтыя “пярэваратні ў пагонах” патыхаюць мянтоўскімі серыяльчыкамі з канала НТВ. Можна было прыдумаць нешта больш элегантнае, ды і вокладка даволі невыразная. Так што незалік кнізе па гэтых пунктах, затое са зместам усё добра
Грошы, грошы, сусветам кіруюць грошы, усё верціцца вакол грошай, а зямля стаіць на не на кітах і чарапахах, а на амерыканскіх прэзідэнтах (на далярах якія), і чым больш іх, тым лепш. Галоўная гераіня кнігі, Ірка Баброва, жыве ў глухмені і ненавідзіць сваё жыццё. Ды й сапраўды, за што любіць? Маці даўно забіла на выхаванне дачкі, айчым алкаш, ад аднакласнікаў чуе толькі здзекі, адзенне носіць не моднае, смартфона няма… Звычайныя падлеткавыя праблемы для Іры выліваюцца ў катастрофу сусветнага маштабу, і яна пачынае распрацоўваць план уцёкаў ад такога жыцця. Фантазія ў дзяўчыны абмежаваная, але даволі спецыфічная: яна марыць, каб на дарозе адбылася аварыя (у іх раёне ёсць адно трагічнае месца, дзе часта разбіваюцца), пажадана інкасатарскай машыны, тады яна зможа ўзяць сабе трошкі грошай і з’ехаць з роднага Друцку назаўсёды. Гэта што мусіць быць у галаве ў дзіцёнка, каб ён такое прыдумаў? Яна даведзеная да такога адчаю? Ці праблемы ў выхаванні і банальная адсутнасць маральных каштоўнасцей? Сяргей Пляскач у сваім рамане падымае многія праблемы сучасных падлеткаў (пераважна не сталічных, а правінцыйных), якія хаваюцца ад свету за ўласным цынізмам і абыякавасцю. Шукаюць лепшага жыцця, але не хочуць і кроку зрабіць у гэтым напрамку, хочуць, каб ім усё падала з неба. Усё гэта мы бачым у тых падлетках, якія сустракаюцца Іры. А сама яна абсалютна не ўмее жыць, і не ведае, што рабіць са сваім жыццём далей. У гэтым пэўная асаблівасць майго пакалення, мы сталеем пазней за нашых бацькоў, позна адрываемся ад іх апекі, хаця, па сутнасці, яны намі амаль не займаюцца, затое займаецца школа і вуліца.
У гэтай кнізе вы не знойдзеце моўных выкрутасаў (прыгожых эпітэтаў, метафар), тут усё даволі проста, бо гэта жыццё, якое не варта прыхарошваць і падфарбоўваць. А колькі такіх Ірак Бабровых штогод едуць у Мінск паступаць ва ўніверсітэты… Магчыма, пасля гэтай кнігі нам, гарадскім, стануць крыху бліжэй праблемы вясковых, бо вёска — гэта не толькі космас і хі-хі ха-ха, як у Горвата, а мінчукі, магчыма, зразумеюць, што жыццё не круціцца вакол адной сталіцы.
Bookvajed