Прадстаўляем вашай увазе топ-10 самых прадаваных кніг на kniharnia.by. На гэты раз тут можна знайсці адразу дзве кнігі пераможцы Прэміі Гедройца 2016 — Макса Шчура. І адразу тры кнігі Людмілы Рублеўскай з цыклу пра прыгоды Пранціша Вырвіча.
1. Макс Шчур «Завяршыць гештальт»
ПЕРАМОЖЦА ПРЭМІІ ГЕДРОЙЦА 2016 ГОДА!
«Завяршыць гештальт» — дзённік падарожжа «чалавека з фотаапаратам» у прасторы і часе, з Чэхіі ва ўлюбёную краіну ягонай маладосці Галандыю. Па дарозе герой-апавядальнік сустракае людзей з розных краін Еўропы і свету, абмяркоўвае з імі надзённыя пытанні эстэтыкі, эротыкі і геапалітыкі і напружана чакае, калі з ім нарэшце здарыцца нешта, што апраўдае ягонае рашэнне выехаць за мяжу — як цяпер, так і дваццаць гадоў таму з Беларусі. Ён перакананы, што галоўная сустрэча ягонага жыцця чакае яго ў Амстэрдаме.
Набыць «Завяршыць гештальт» Макса Шчура
2. Кухмістр Верашчака «Літвінская кухня»
Другі месяц у ТОПе запар
Гэтая ўнікальная кніга складаецца з баек, напісаных добра вядомым Кухмістрам Верашчакам для «Нашай Нівы» і «Звязды» цягам апошняга дзесяцігоддзя. Блізкае знаёмства з «Кухаркай Літоўскай», кулінарнымі рэаліямі паэмы «Пан Тадэвуш», мемуарамі Леона Патоцкага, Яна Булгака, Мельхіёра Ваньковіча, Міхала Паўлікоўскага і многімі іншымі тэкстамі ХІХ – першай паловы ХХ ст. стварае досыць арганічную карціну кухні, якую сёння ўсё часцей называюць «літвінскай». Гэта шляхецкая і мяшчанская кухня былога ВКЛ, у нейкай ступені таксама – заможнага сялянства.
Набыць «Літвінскую кухню» ад Кухмістра Верашчакі
3. Андрусь Макатоўша alias Макс Шчур «Упырхлікі»
Андрусь Макатоўша — сапраўды ўнікальны аўтар, чый літаратурны дэбют «Упырхлікі» адбываецца ўжо пасля ягонага заўчаснага сыходу (знікнення без вестак) з рэальнага жыцця. У стылізаванай пад фікцыю аўтабіяграфіі былы эмігрант Макатоўша апісвае свае гаротныя паўпрыгоды на Радзіме і па-за яе межамі. Каментарыі і паслямову да аповесці напісаў яе рэдактар Макс Шчур, які адзначае: «Рабле, Сэрвантэс, Грымэльсгаўзэн, Вальтэр, Казанова, Стэрн, Мойхер-Сфорым, Пруст, не кажучы ўжо пра так званы пікарэскны (ці прайдзісвецкі) раман — усё гэта не магло не паўплываць на аповесць, якая ў беларускай літаратуры годна працягвае сатырычныя традыцыі Андрэя Мрыя і Лявона Савёнка ў спалучэнні з спавядальнай традыцыяй Ларысы Геніюш».
Набыць кнігу «Упырхлікі» Андруся Макатоўшы
4. Людміла Рублеўская «Авантуры студыёзуса Вырвіча»
Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў 18 стагоддзі былога шкаляра Менскага езуіцкага калегіюму, маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацку. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, які здабыў сабе шляхецтва на полі бойкі – суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…
Набыць кнігу Людмілы Рублеўскай «Авантуры студыёзуса Вырвіча»
5. Альгерд Бахарэвіч «Белая муха, забойца мужчын»
Другі месяц у ТОПе запар
Адна з найбольш папулярных кніг 2016 года!
Новы раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?
Набыць кнігу «Белая муха, забойца мужчын» Альгерда Бахарэвіча
6. Антон Ф. Брыль (уклад.) «Мертвяцы»
Гэты несамавіты зборнік аўтэнтычных беларускіх жахаў, які паўстаў з ініцыятывы Антона Францішка Брыля. Тут вы знойдзеце самыя сапраўдныя народныя аповеды на «жахлівыя» тэмы, звязаныя са смерцю і мерцвякамі. Усе прадстаўленыя тут казкі і паданні ўзятыя з чацвёртага тома «Беларускага зборніка» Еўдакіма Раманава (Віцебск, 1891). Тэксты пададзеныя ў тым жа правапісе — ці, слушней будзе сказаць, у тых жа правапісах, што ў арыгінальным выданні.
Набыць кнігу «Мертвяцы» Антона Ф. Брыля
7. Ян Баршчэўскі «Шляхціч Завальня альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях»
Гэтую кнігу, без сумневу, можна назваць энцыклапедыяй XIX стагоддзя, даведнікам жыцця беларускага народа, яго фальклору, культуры, традыцый. У вельмі даступнай і часта дасціпнай форме аўтар паказвае вераванні жыхароў паўночнай Беларусі, іх спрадвечную прагу да лепшага і адвечную долю няшчаснікаў. Гісторыі, пераказваемыя з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне, пераўтварыліся ў легенды, міфы, паданні, якім свята верылі, якім падпарадкоўваліся. У фантазіях увесь час блукаюць нядобрыя духі, якія, аднак, служаць злым панам, чараўнікам і ўсім непрыяцелям простага люду. Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў іх народных аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для аўтара гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў.
Набыць кнігу Яна Баршчэўскага «Шляхціч Завальня альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях»
8. Людміла Рублеўская «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега»
У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Беларусь. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці рускіх гардэмарынаў.
Набыць кнігу Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега»
9. Андрэй Адамовіч «Таўсьціла і лешч»
Гэтая кніга — адна з галоўных сенсацый 2016 года!
Тры сябры выпраўляюцца ў рыбу. Максім мусіць злавіць ляшча. Ён добра ведае стратэгію і тактыку лоўлі вялікай рыбы, шматлікія хітрыкі. Але вось ужо два гады яму не шанцуе. Ці дасьць ён рады гэтым разам? Ці выцягне ляшча? Ці могуць вячоркі з алькаголем ля вогнішча скончыцца панажоўшчынай? Можа быць, мясцовыя скрадуць вуды? А калі сяброў разарве мядзьведзь? Нельга выключаць і пытаньня “А ці ня ўтопіцца хто зь іх?” Як завуць двух астатніх сяброў і чым будуць займацца яны? Адказы на гэтыя загадкі – у кнізе. Таксама вы можаце выкарыстоўваць яе як кароткі даведнік па фідарнай лоўлі і галяктычных падарожжах.
Набыць кнігу «Таўсьціла і лешч» Андрэя Адамовіча
10. Людміла Рублеўская «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата»
Абсалютна новая кніга пра авантуры Пранціша Вырвіча!
У чацвёртай кнізе авантурна-прыгодніцкага цыклу Людмілы Рублеўскай загонны шляхцюк Пранціш Вырвіч і полацкі доктар Баўтрамей Лёднік зноў выпраўляюцца на неверагодныя прыгоды. На гэты раз яны трапляюць у Францыю, дзе Лёднік працуе разам з вядомым навукоўцам Жанам Жыліберам. На гэты раз Лёдніка ўцягваюць у таемнае таварыства, што займаецца злачыннымі аперацыямі на людзях. Пранцішу Вырвічу давядзецца рызыкнуць жыццём, каб вызваліць старэйшага сябра. А па вяртанні на радзіму – новыя прыгоды… Тут адбываецца магнацкае паўстанне супраць караля Станіслава Панятоўскага, і героі апынаюцца нібы паміж жорнамі, іх перакідвае то на адзін бок палітычных сілаў, то на другі. Давядзецца сустрэцца з егіпецкай прынцэсай і каронай святога Альфрэда, плаваць у вадзяным змеі ў падземных азёрах пад Туравам, разгадваць таямніцу шлема арабскага лекара Альбукасіса… Вас захопяць жывая мова і аўтарскі гумар, неверагодныя павароты сюжэта і непаўторная атмасфера 18 стагоддзя — эпохі «плашча і кінжала».
Набыць кнігу Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата»