Kniharnia.by па традыцыі прадстаўляе свой топ-10 самых прадаваных кніг. У снежні яго зноў узначальвае першы зомбі-хорар па-беларуску, які ужо нарабіў шуму на старонках беларускага інтернета.
1. Уладзімір Садоўскі «1813»
Другі месяц у ТОПе запар. Другі месяц на першым месцы!
Першы зомбі-хорар па-беларуску!
Дзеянне навэлы «1813» адбываецца ў 1813 годзе ў апошнія дні зімы. У разбуранае Вялікай вайной мястэчка на ўскрайку Мінскай губерні наведваецца госць са сталіцы. Міхал Клеафас Агінскі — дыпламат, кампазітар, а зараз сенатар Расійскай Імперыі — прыязджае пагасціць да свайго дзядзькі ў фамільны замак ля Маладэчна. З надыходам адлігі ў наваколлях мястэчка пачынаюць адбывацца незразумелыя рэчы: забітыя жаўнеры паўстаюць з поля мінулай бітвы і нападаюць на жыхароў паселішча. Хутка замак Агінскіх апынаецца ў аблозе хадзячых мерцвякоў. Міхалу Клеафасу не застаецца нічога іншага, як зноў узяць у рукі зброю і змагацца за свабоду роднага края. Толькі гэтым разам ворагам будуць не жывыя людзі, а паўсталыя пачвары.
У кнізе таксама змешчаны ў якасці бонуса пяць новых апавяданняў Уладзіміра Садоўскага.
Набыць кнігу «1813» Уладзіміра Садоўскага
2. Альгерд Бахарэвіч “Дзеці Аліндаркі”
Другі месяц у ТОПе запар
Героі нашумелага рамана Альгерда Бахарэвіча — беларускамоўныя дзеці, пацыенты загадкавай установы пад назваю «Лагер». Як сучасныя Гэнзэль і Грэтэль, яны трапляюць у цёмны лес, дзе іх чакаюць зусім не дзіцячыя прыгоды. Казка, сатыра, антыўтопія — кнігу можна аднесці да кожнага з гэтых жанраў, але яна ўсё роўна застаецца кнігай пра нас, тых, хто жыве тут і цяпер.
Гэты раман А. Бахарэвіча ўганараваны першай прэміяй «Кніга году» і трэцяй прэміяй Гедройца ў 2015 годзе. Неўзабаве ў Францыі выйдзе яго пераклад на французскую мову.
Набыць «Дзеці Аліндаркі» Альгерда Бахарэвіча
3. Зянон Пазняк «Палын-палын»
Дзеяньне рамана пачынаецца ў 30-х гадах на Віленшчыне і працягваецца ў 40-х — 60-х гадах мінулага стагоддзя ў БССР. Гэта расповяд пра лёсы, каханьне і справы беларусаў, што жылі пад саветамі. Паказана акупацыйная рэчаіснасьць савецкага рэжыму, яго норавы і парадкі. У цэнтры сюжэта людзі, якія шанавалі сваю годнасьць і Бацькаўшчыну і змагаліся за яе волю і адраджэньне.
Набыць «Палын-палын» Зянона Пазняка
4. Кухмістр Верашчака “Літвінская кухня”
Чацвёрты месяц у ТОПе запар
Гэтая ўнікальная кніга складаецца з баек, напісаных добра вядомым Кухмістрам Верашчакам для «Нашай Нівы» і «Звязды» цягам апошняга дзесяцігоддзя. Блізкае знаёмства з «Кухаркай Літоўскай», кулінарнымі рэаліямі паэмы «Пан Тадэвуш», мемуарамі Леона Патоцкага, Яна Булгака, Мельхіёра Ваньковіча, Міхала Паўлікоўскага і многімі іншымі тэкстамі ХІХ – першай паловы ХХ ст. стварае досыць арганічную карціну кухні, якую сёння ўсё часцей называюць «літвінскай». Гэта шляхецкая і мяшчанская кухня былога ВКЛ, у нейкай ступені таксама – заможнага сялянства.
Набыць «Літвінскую кухню» ад Кухмістра Верашчакі
5. Кірыл Стаселька “ Marginalis”
Насычаны i захапляльны фiласофскi раман, дзеянне якога ахоплiвае больш за чатырыста гадоў, паўтары сотнi персанажаў i дзясяткi краiн. Гэта пазл з мноства сюжэтных лiнiй, фiласофскiх ды псiхалагiчных матываў, якiя складаюцца ў адно цэлае.
Дзеянне ў рамане разгортваецца вакол уладальнiкаў старажытнай загадкавай кнiгi. У пошуках сябе i свайго “я” героi рамана прыходзяць да разумення, што часам не меншае значэнне мае тое, што знаходзiцца на палях — па-за цэнтрам, па-за межамi. Па-за межамi гiсторыi, жыцця, увагi…
Раман “Marginalis” быў прызнаны самым насычаным творам беларускай літаратуры. У рамане аб’ёмам 251 944 знакі сустракаецца не менш за 136 персанажаў. Рэкорд быў зафіксаваны беларускім аналагам Кнігі рэкордаў Гінэса – праектам “Рэкорды Куфара”.
Набыць раман Кірыла Стаселькі “ Marginalis”
6. Макс Шчур «Завяршыць гештальт»
ПЕРАМОЖЦА ПРЭМІІ ГЕДРОЙЦА 2016 ГОДА!
Трэці месяц у ТОПе запар
«Завяршыць гештальт» — дзённік падарожжа «чалавека з фотаапаратам» у прасторы і часе, з Чэхіі ва ўлюбёную краіну ягонай маладосці Галандыю. Па дарозе герой-апавядальнік сустракае людзей з розных краін Еўропы і свету, абмяркоўвае з імі надзённыя пытанні эстэтыкі, эротыкі і геапалітыкі і напружана чакае, калі з ім нарэшце здарыцца нешта, што апраўдае ягонае рашэнне выехаць за мяжу — як цяпер, так і дваццаць гадоў таму з Беларусі. Ён перакананы, што галоўная сустрэча ягонага жыцця чакае яго ў Амстэрдаме.
Набыць раман «Завяршыць гештальт» Макса Шчура
7. Людміла Рублеўская “Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата”
Трэці месяц у ТОПе запар
У чацвёртай кнізе авантурна-прыгодніцкага цыклу Людмілы Рублеўскай загонны шляхцюк Пранціш Вырвіч і полацкі доктар Баўтрамей Лёднік зноў выпраўляюцца ў прыгоды. На гэты раз яны трапляюць у Францыю, дзе Лёднік працуе разам з вядомым навукоўцам Жанам Жыліберам. На гэты раз Лёдніка ўцягваюць у таемнае таварыства, што займаецца злачыннымі аперацыямі на людзях. Пранцішу Вырвічу давядзецца рызыкнуць жыццём, каб вызваліць старэйшага сябра. А па вяртанні на радзіму – новыя прыгоды… Тут адбываецца магнацкае паўстанне супраць караля Станіслава Панятоўскага, і героі апынаюцца нібы паміж жорнамі, іх перакідвае то на адзін бок палітычных сілаў, то на другі. Давядзецца сустрэцца з егіпецкай прынцэсай і каронай святога Альфрэда, плаваць у вадзяным змеі ў падземных азёрах пад Туравам, разгадваць таямніцу шлема арабскага лекара Альбукасіса… Вас захопяць цудоўная мова і аўтарскі гумар, неверагодныя павароты сюжэту, захапляючая атмасфера стагоддзя плашча і кінжалу, сапраўдныя таямніцы беларускай гісторыі.
Набыць кнігу Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата»
8. Віктар Марціновіч “Мова”
Другі месяц у ТОПе запар
Мінск, 4741 год па кітайскім календары. Часы Смутку скончыліся, надышла эра ўзвышэння Саюзнай дзяржавы Кітая і Расіі, бесклапотных уцехаў, шопінг-рэлігіі і cold sex’у. Аднак існуе Нешта, чаго ў гэтым грамадстве суцэльнага дабрабыту не стае як вады і паветра. Сентыментальны кантрабандыст Сярожа пад страхам смяротнага пакарання ўвозіць каштоўны скарб з-за мяжы і апынаецца пад пільным кантролем мінскага падполля, узначаленага кітайскай мафіяй пад кіраўніцтвам таямнічай Цёткі. Разам яны спрабуюць зламаць сістэму, у якой дабро і зло, асветнікі і злачынцы, каханне і спажыванне, вернасць і здрада памяняліся месцамі.
Ці можаце вы ўявіць Беларусь без Беларусі? Гэты раман — страшны сон пра будучыню, прадухіліць якую можна толькі ў лучнасці з тым скарбам, вакол якога і распачынаецца дзеянне гэтага лінгвістычнага баевіка.
Набыць раман Віктара Марціновіча “Мова”
9. Альгерд Бахарэвіч “Белая муха, забойца мужчын”
ДРУГАЯ ПРЭМІЯ ГЕДРОЙЦА 2016 ГОДА!
Адна з найбольш папулярных кніг 2016 года!
Чацвёрты месяц у ТОПе запар
Новы раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?
Набыць кнігу «Белая муха, забойца мужчын» Альгерда Бахарэвіча
10. Андрэй Адамовіч «Таўсьціла і лешч»
ТРЭЦЯЯ ПРЭМІЯ ГЕДРОЙЦА 2016 ГОДА!
Гэтая кніга — адна з галоўных сенсацый 2016 года!
Вяртанне ў ТОП
Тры сябры выпраўляюцца ў рыбу. Максім мусіць злавіць ляшча. Ён добра ведае стратэгію і тактыку лоўлі вялікай рыбы, шматлікія хітрыкі. Але вось ужо два гады яму не шанцуе. Ці дасьць ён рады гэтым разам? Ці выцягне ляшча? Ці могуць вячоркі з алькаголем ля вогнішча скончыцца панажоўшчынай? Можа быць, мясцовыя скрадуць вуды? А калі сяброў разарве мядзьведзь? Нельга выключаць і пытаньня “А ці ня ўтопіцца хто зь іх?” Як завуць двух астатніх сяброў і чым будуць займацца яны? Адказы на гэтыя загадкі – у кнізе. Таксама вы можаце выкарыстоўваць яе як кароткі даведнік па фідарнай лоўлі і галяктычных падарожжах.