Беларускі гурт «Майтай» сёння прэзентаваў афіцыйны сайт, а таксама і новы сінгл з аднаіменнай песняй Minulae, якая стала другой беларускамоўнай песняй у рэпертуары калектыва. Дарэчы, старонка таксама зроблена цалкам на беларускай мове. Але самае галоўнае для нас сёння — прааналізаваць новы трэк Андрэя Дзяркова і яго музыкантаў. Дакладней, музыканта.
Трэба адзначыць, што «Майтай» запісвалі новую песню ўдваіх: акрамя вышэйузгаданага лідэра гурта Дзяркова, прымаў удзел у сінглу і гітарыст Павел Трацяк. Але, як можа падацца на першы погляд, песня запісана не ў акустычнай форме, як гэта было на апошнім восеньскім канцэрце. Так сталася, што астатнія музыканты занятыя ў іншых праектах, таму выкананне іх партый на сябе ўзяў Трацяк. Ну як узяў — запісаў бас-гітару, а бубны, клавішныя і іншыя эфекты сэмпліраваў. Шкада, але б я гэта запісаў хутчэй у мінус, чым аднёс да станоўчай спробы.
Што датычыцца бубнаў, якія адкрываюць трэк і гучаць у адзінай форме на яго працягу, то яны вельмі нагадваюць па стылю гурт «Кіно», з такой акцэнтаванай электрычнасцю. Нават падаецца, што хутка заспявае Віктар Цой ці, можа, Андрэй Дзяркоў паспрабуе выканаць партыю басам. Але мясцовы беларускі каларыт, які так яскрава адлюстроўвае творчасць гурта нікуды не знік: вакаліст і далей спявае сіпла, трохі з натугай, але дагэтуль эмацыянальна. І ўсё гэта суправаджаецца жвавымі лід-гітарамі, а рытм-гітара ўвогуле амаль адсутнічае — яе функцыю выконвае бас. Які, як вы памятаеце, запісваў гітарыст Трацяк. І гэта таксама адчуваецца. Усё ж штатны басіст гурта Мышкевіч змог бы дадаць больш разнастайнасці да аранжыроўкі.
Ва ўсялякім разе хацелася б пачуць песню Minulae на новым альбоме гурта «Майтай». Канешне, калі ён з’явіцца ў бліжэйшы час. І пачуць песню ўсё ж у новай аранжыроўцы і з жывымі бубнамі. Але, можа быць, як раз у альбоме трэк і загучыць зусім па-іншаму нават у такой форме.
Напрыканцы хацелася б адзначыць як заўсёды глыбокі і сумны тэкст песні, які цяжка ўспрымаць нават пасля некалькіх праслухоўванняў і азнакамлення з ім. Але гэта, падаецца, такая душа Дзяркова. І што ён спрабуе знайсці ў мінулым — ведае толькі ён сам. Праўда, калі глядзіш на цудоўную вокладку, то нейкія думкі, усё ж, узнікаюць.