Оригинал этого материала опубликован ЗДЕСЬ
Падымі сраку з крэсла і пачні ўжо нешта рабіць!» – любілі казаць у маім атачэнні апошнія некалькі год. І многія паслухмяна падымалі свае юнацкія зады і рабілі. Нешта.
Што б там ні казалі айцы дэмакратыі, але сёння стандартны малады беларус мае да халеры магчымасцяў: куды пайсці, чым запоўніць суботнюю адзіноту, як выратаваць свет ці хаця б шчанюкоў пародзістага дварняка. Нехта можа ўжо напісаць кнігу «1001 спосаб зваліць з гэтай краіны» і выдаць яе ў двух выдавецтвах адначасова – на розных дзяржаўных мовах адпаведна.
І ўсе нешта робяць. Усе адначасова спажываюць і вырабляюць прастору свабоды. Крэслы стаяць некранутыя.
Але свабода выбару мае адзін адваротны бок. Тое, што знішчае яе саму. Маючы свабоду выбару, мы больш не робім выбару, бо баімся згубіць гэту вялікую колькасць магчымасцяў. Вага і кошт выбару суразмерны аб’ёму страчанай свабоды.
І мы працягваем займацца маленькімі справамі, бо яны дазваляюць нам захоўваць ілюзію неабмежаванай свабоды. Мы ратуем коцікаў, думаючы, што ратуем планету. Мы сэйвімся пры кожнай магчымасці і баімся ехаць на паверх з босам. Мы кажам, што тут балота, бо на кожны вечар прыпадае не больш за пяць культурных падзей. Мы сядзім дома, бо «да “Хулігана” яшчэ ад метро піліць…»
Сёння падаюцца дзікімі расказы бацькоў пра тое, як яны працавалі на адным месцы па трыццаць-сорак год. Падаецца неверагодным: працаваць па спецыяльнасці, пражыць усё жыццё ў адной вёсцы, кахаць аднаго чалавека. Бо як жа можна ведаць, што «гэта – маё»? А раптам за кутом мяне чакае нешта новае, тое, што больш ува мне адгукаецца? Цяжка быць сёння ў нечым упэўненым, бо навокал столькі свабоды, столькі выбару. Бяры! Не хачу.
Чаму мы так баронім гэтую свабоду, якая робіць нас сваімі закладнікамі? Што мы насамрэч баімся згубіць? Як здарылася так, што інфантылізм перамог мужнасць і рашучасць?
Мне пашчасціла ведаць людзей, якія не баяцца рабіць выбар, стаць кімсьці, рабіць крок у невядомае. Для іх няма правільнага ці няправільнага выбару, ён можа быць толькі добрым ці кепскім. Бо пасля гэтага кроку знікае папярэдняя сітуацыя і пачынаецца іншая, з новымі мэтамі, новымі абставінамі, новымі магчымасцямі. Прыняць рашэнне ў выніку значна прасцей, чым жыць у нявызначанасці.
Дык як нам пазбавіцца гэтага самазакаханага інфантылізму і не ананіраваць больш на глыбокі ўнутраны свет? Як навучыцца адкрываць бутэльку, якая адкладзеная да асаблівага моманту і ўжо служыць прадметам дэкору? Як выбраць сваю справу і прысвяціць сябе ёй? Як навучыцца казаць «Я кахаю цябе» ці «Дзякуй, было крута, бывай!»?
Думаю, што ніяк. Але нікому не перашкодзіць прысесці на канапку, спыніцца і пачаць. А далей будзе зусім іншая гісторыя.
Аляксандр Каралевіч