20 вядомых і не вельмі фактаў пра Анатоля Мяльгуя

Сёння, 14 снежня, вядомаму беларускаму журналісту і музычнаму крытыку Анатолю Мітрафанавічу Мяльгую магло б споўніцца 60 гадоў. Мы вырашылі ўспомніць гэтага выдатнага чалавека, аднаго з пачынальнікаў рок-руху Беларусі і сабралі для вас 20 вядомых і не вельмі фактаў пра яго жыццё, працу і творчасць. Некаторыя з фотаздымкаў у гэтым матэрыяле публікуюцца ўпершыню.

 

Факт 1. 60-годдзе

Анатоль вельмі хацеў адзначыць сваё 60-годдзе. Марыў сабраць разам, за адным сталом, родных, сяброў, калег і ўсіх людзей, якія дапамагалі яму ў жыцці. Нават за год да імянін ён пачаў запрашаць шмат каго са знаёмых на свята, якое планавалася правесці ў адной з мінскіх кавярань. Але… не атрымалася.

 

Факт 2. Бацькі і дзяцінства

Анатоль нарадзіўся ў Мінску. Яго бацькі Леакадзія Вікенцьеўна і Мітрафан Вікенцьевіч працавалі на аўтазаводзе. Уся сям’я жыла ў Завадскім раёне. У школе Мяльгуй не быў лепшым вучнем, але затое стаў старастай класа. Што сведчыць пра давер з боку настаўнікаў і аднакласнікаў.

Рос Анатоль разам з малодшай сястрой.

 

Факт 3. Мяльгуй і цыгарэты

Некаторы час Анатоль паліў цыгарэты. Але збавіцца ад шкоднай звычкі не мог. Зрэшты, жаданне пазбавіцца цыгарэтнай залежнасці перадужыла. І Анатоль выпаліў столькі цыгарэт за адзіны раз, што болей не мог на іх глядзець.

 

Факт 4. Праца на заводзе «Атлант»

Мала хто ведае, але больш за 25 гадоў свайго жыцця Анатоль Мяльгуй працаваў у карпаратыўнай газеце ЗАТ «Атлант» — з 1989 да 2015 года. Менавіта там ён атрымліваў свой асноўны заробак. У газеце ён стварыў рубрыку «Спадчына» дзе пісаў пра гісторыю і сучаснасць беларускіх гарадоў. Таксама быў рэдактарам некалькіх зборнікаў паэзіі працаўнікоў завода «Прыналежнасць». З дапамогай «Атланта» з’явілася у Толі і ўласная кватэра.

Анатоль Мяльгуй з пасведчаннем «Ветэрана завода» разам з галоўнымі рэдактарамі газеты «Атлант» — Дзмітрыем Чэховічам і Інай Саўчэней

 

Факт 5. Праца на канвееры

Час ад часу супрацоўнікаў завода адпраўлялі дапамагаць збіраць халадзільнікі. Аднойчы на канвееры працаваў і Анатоль. Ён расказваў, што пасля адной з аперацый паставіў халадзільнік, але той гучна паваліўся. Анатоль спужаўся. Паміж тым мужыкі з канвеера спакойна паднялі халадзільнік і супакоілі: «Не перажывай, усё нармальна!» Мабыць, і зараз у некага на кухні працуе той самы халадзільнік.

 

Факт 6. Кулінарыя

Хто быў добра знаёмы з Анатолем, ведае, што ён вельмі любіў гатаваць. Цяжка вызначыць, якая страва была яго кароннай, але з мясам дакладна Мяльгуй рабіў цудоўныя рэчы. Некаторы час Анатоль марыў напісаць кнігу, у аснове якой ляжалі б размовы з вядомымі беларускімі музыкамі пра ежу. Таксама друкаваў свае рэцэпты ў газеце «Атлант».

 

Факт 7. Адукацыя

Анатоль скончыў спачатку энергетычны тэхнікум, а затым паступіў у інстытут, але зразумеў, што гэта не яго шлях. І пайшоў на завочнае аддзяленне журфака БДУ. Па яго словах, у тыя часы ён насіў бараду і казаў, што быў падобны на Карла Маркса. Шкада, але здымак з тых часоў знайсці не атрымалася.

 

Факт 8. Узнагароды

У 1985 годзе Анатоль Мяльгуй стаў пераможцам І Усесаюзнага конкурсу знаўцаў рок-музыкі, арганізаваным часопісам «Студенческий меридиан» (Масква).

У 1998 годзе Мяльгуй узнагароджаны медалём Камітэту ўшанавання клубу «Спадчына» за «…актыўную і плённую працу на ніве беларускай нацыянальнай журналістыкі, за смелае адстойванне права беларускага народу на дзяржаўны суверэнітэт», а ў 2005 срэбраным пярсцёнкам з выявай «Пагоні» і дэвізам «Жыве Беларусь» за «…дабрачынны і самаахвярны ўклад у падрыхтоўку і выданне альманаха «Скрыжалі «Спадчыны-4». Таксама Анатоль быў узнагароджаны медалём імя Яна Масарыка «…у падзяку за карыснае супрацоўніцтва ў паглыбленні беларуска-чэшскіх стасункаў» (2007).

Cтыў Крамэр і Анатоль Мяльгуй у Віцебску, 2016 год
Cтыў Крамэр і Анатоль Мяльгуй у Віцебску, 2016 год

 

Факт 9. Рок-клуб «Няміга»

У 1985 годзе Анатоль Мяльгуй разам з Вітаўтам Мартыненка заснаваў першы Менскі рок-клуб «Няміга». У яго ўвайшлі восем гуртоў. У тым ліку знакамітая «Мроя». У асноўным клуб займаўся арганізацыяй фэстываляў, якія праходзілі два разы ў год — у дзень народзінаў Рычы Блэкмара і ў дзень народзінаў Джымі Хендрыкса. «Няміга» існавала да 2003 года.

 

Факт 10. «Праз Рок-прызму»

Кніга «Праз рок-прызму», якую Анатоль Мяльгуй стварыў сумесна з Вітаўтам Мартыненка, была першым беларускім рок-выданнем. Яна выйшла ў ЗША ў 1989 годзе, а рэдагаваў яе былы дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Ян Запруднік. Цікава, што адзіны экзэмпляр кнігі ёсць і ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Занёс яго туды сам Анатоль.

Спампаваць кнігу «Праз рок-прызму»

 

Факт 11. Вітаўт Мартыненка

Вядома, што Мяльгуй і Мартыненка былі лепшымі сябрамі. Анатоль — больш сціплым і стрыманым, Вітаўт — запальчывым і эмацыйным. Вось, што казаў пра іх дуэт вядомы пісьменнік Адам Глобус пасля смерці Анатоля: «Спадзяваўся, вось сустрэну Анатоля Мяльгуя, абавязкова спынюся, абавязкова пагавару з ім пра Вітаўта Мартыненку, пра іх агульныя кнігі, пра літаратурную спадчыну, што засталася ад Вітаўта. Ён жа шмат напісаў пра бел-рок-н-рол. Мусіць ён больш за ўсіх напісаў пра беларускую рок-музыку. Нехта прыходзіў, нехта сыходзіў з рок-сцэны і з рок-жыцця, а Мяльгуй з Мартыненкам прастаялі каля той сцэны ўсё, як ёсць, сваё творчае жыццё. Таму і хацеў я перагаварыць пра Вітаўта з Анатолем. Шчымлівасці і шчырасці ў размове хацелася. Каб вочы ў вочы. Каб без сведак. Каб безкампрамісна. Не лёс. За год, што прамінуў пасля смерці Вітаўта, я так і не спаткаўся з Анаталем. Думаў – час ёсць. Куды нам спяшацца? Цяпер ведаю: ні сустрэчы, не размовы, ні ўспамінаў не будзе. Няма больш зацятага рок-журналіста Анатоля Мяльгуя. Ён ужо сустрэўся са сваім найвялікшым сябрам – Вітаўтам».

Цікава, што з жыцця Мяльгуй і Мартыненка пайшлі з розніцай у год і некалькі дзён. Анатоль вельмі цяжка ўспрымаў страту сябра.

Пахаванне Вітаўта Мартыненка
Пахаванне Вітаўта Мартыненка

 

Факт 12. «222 альбомы беларускага року і ня толькі…»

У 2006 годзе выйшла кніга Мяльгуя і Мартыненкі, якая атрымала назву «222 альбомы беларускага року і ня толькі». Гэтае выданне выяўляла сабою зборнік рэцэнзій на рэлізы айчынных і замежных выканаўцаў, якія калісьці пісалі Анатоль і Вітаўт. Неглядзячы на прысутнасць водгукаў на альбомы небеларускіх гуртоў, і ў сваю чаргу адсутнасць справаздач пра некаторыя культавыя кружэлкі вядомых прадстаўнікоў нашай сцэны, кніга стала сапраўднай энцыклапедыяй для тых, хто цікавіцца гісторыяй музыкі.

Спампаваць кнігу

Кніга "222 альбомы беларускага року і ня толькі..." з подпісамі аўтараў
Кніга «222 альбомы беларускага року і ня толькі…» з подпісамі аўтараў

 

Факт 13. Рок-каранацыя

Анатоль Мяльгуй разам з Вітаўтам Мартыненка атрымаў спецыяльную прэмію у «Рок-каранацыі 2006» за кнігу «222 альбомы беларускага року і ня толькі…». Але падчас узнагароджання вядоўца памыліўся і запрасіў на сцэну толькі Вітаўта Мартыненка. І Анатоль павінны быў наглядаць за сцэнай узнагароджання з пляцоўкі. А Мартыненка быў настолькі ўзрадаваны, што зусім запамятаваў пра свайго сябра.

Вітаўт Мартыненка, Анатоль Сыс і Анатоль Мяльгуй
Вітаўт Мартыненка, Анатоль Сыс і Анатоль Мяльгуй

 

Факт 14. Мяльгуй у сеціве

Анатоль заўсёды намагаўся быць «у трэндзе», хай гэта і не заўсёды было проста. Напрыклад, у яго быў свой асабісты сайт, які дзейнічае дагэтуль. Апошні запіс на ім з’явіўся за 9 дзён да смерці журналіста. Стварыць старонку ў сеціве Мяльгую дапамагаў тэхнічны рэтактар DelaemVmeste.by.

Таксама застаўся ў Толі і свой канал на  YouTube, куды ён выкладаў выступы беларускіх музыкаў.

Анатоль Мяльгуй на мерапрыемстве «Музыка без межаў». Адзін з апошніх фотаздымкаў Анатоля Мяльгуя

 

Факт 15. Хвароба

Доўгі час Анатоль меў праблемы з ныркамі і быў вымушаны хадзіць на дыяліз. З цягам часу яго стан пагаршаўся, пасля перасадкі ныркі была зроблена і аперацыя на сэрцы. Тым не менш Анатоль здавацца не збіраўся. Да апошняга ён адчуваў сябе бадзёра…

 

Факт 16. “Беларускае слова ад спеву”

У 2010 годзе выйшла кніга “Беларускае слова ад спеву” у суаўтарстве Анатоля Мяльгуя, Элы Дзвінскай і Паўла Севярынца. Гэта апошняя кніга ў стварэнні якой прымаў удзел Анатоль. Яна была прысвечаная творчасці беларускага выканаўцы Зміцера Варашкевіча.

Спампаваць кнігу

 

Факт 17. Мяльгуй і Кіпелаў

Гэты факт запісаны са словаў Анатоля Мяльгуя. Было гэта праўдай ці ягонай выдумкай — невядома. Тым больш, што ён валодаў добрым пачуццём гумару…

У 1980-х Мяльгуй быў ці арганізатарам, ці ўваходзіў у журы музычнага конкурсу ў Прыбалтыцы. Там удзельнічаў і расійскі метал-гурт «Арыя». Тады яны яшчэ не былі такімі вядомымі, ды і Анатоль Мяльгуй таксама не вельмі ведаў іх творчасць. Але, па ягоных словах, выступ «Арыі» яму зусім не спадабаўся. Пасля канцэрту Анатоль зайшоў да іх у грымёрку і раскрытыкаваў музыкаў. Асноўны пасыл быў такім: «Хлопцы! Ну што вы за гаўно іграеце, га?»

Пасля пламеннай гаворкі адзін з удзельнікаў «Арыі» не вытрымаў і расплакаўся. Калі Анатоль распавядаў пра гэта, казаў, што не памятае, хто не вытрымаў ягонай крытыкі. Але яму здавалася, што да слёз ён давёў вакаліста Валерыя Кіпелава.

 

Факт 18. Сын

У Анатоля застаўся сын Стас, які так успамінаў бацьку ў інтэрв’ю БАЖ:

«Як сапраўдны беларус тата вельмі любіў нашу зямлю і прыроду, — гаворыць сын Станіслаў Мяльгуй. — Тата вучыў мяне быць добрым да кожнай жывой істоты на зямлі. Мне вельмі пашанцавала быць яго сынам. Аднойчы ён узяў мяне маленькім на канцэрт “Крамы”, гэта паўплывала на мой светапогляд. Мы разам ездзілі ў грыбы, гулялі на свежым паветры і радаваліся адзін аднаму. Яшчэ мы любілі разам пафіласофстваваць і падумаць пра мінулае. Ён таксама цікавіўся новымі тэхналогіямі і ніколі не губляў смак да жыцця. Разам з ім мы любілі час ад часу пакаштаваць амерыканскага віскі.”

 

Факт 19. Пахаванне

Памінальная служба на пахаванні Мяльгуя вялася на беларускай мове. Яго крэміравалі і пахавалі побач з бацькамі на могілках у Міханавічах.

 

Факт 20. Hvali.by

Анатоль Мяльгуй быў адным з першых аўтараў нашага сайту. І першым, хто пачаў пісаць тэксты на беларускай мове. І заўсёды прапанаваў нам больш пісаць па-беларуску. Менавіта таму і гэта публікацыя напісана на беларускай мове.

HVALI.BY