Я намагаўся пачаць пісаць рэцэнзію на гэты твор некалькі разоў. Але кожны раз пачатак атрымліваўся недарэчным. Спачатку была спроба распавесці пра сюжэт твора. Але ён атрымаўся такім цікавым і шматслойным, што немагчыма было нешта дакладна расказаць, без некалькіх спойлераў.
Потым была спроба распавесці пра структуру твора. Але тут я зноў сутыкнуўся з той жа праблемай. Вельмі цяжка расказаць пра пабудову “Дагератыпа”, каб не закрануць сюжэт твора.
Трэцяя спроба. Цяпер буду гаварыць проста пра тыя моманты, якія робяць гэты твор такім, які ён ёсць на самая справе.
Каханне
Калі верыць у каханне ў рамантычным разуменні, яно не залежыць ні ад сацыяльнага статуса людзей, ні ад іх матэрыяльнага становішча ці поглядаў на жыццё. Гэтае пачуццё ўзнікае нечакана, а часам і нежадана для мужчыны і жанчыны. Але яго моц настолькі вялікая, што яно можа перамагчы усё на сваім шляху. Сёння такое ўяўленне гэтага пачуцця вельмі рэдка сустракаецца ў літаратуры ці кінематографе. Успомніце хаця б раман “50 адценняў Грэя”, якім зачытвалоіся жанчыны ва ўсім свеце. Там галоўная гераіня закахалася не ў звычайнага вычварэнца, а ў вельмі багатага, прыгожага і разумнага вычварэнца. Уявіце сабе такі твор, каб гераіня закахалася ў жабрака-гарбуна, якому падабаецца лупіць сваіх каханак бізуном.
Нешта мы далёка адышлі ад “Дагератыпа”. Дык вось, у творы Рублеўскай каханне менавіта рамантычнае. Яно ўзнікае паміж героямі з рознымі поглядамі на жыццё – адзін з іх адукаваны шляхціч, а іншая – рэвалюцыянерка-тэрарыстка, якая хоча знішчыць усю шляхту і зрабіць людзей роўнымі. І нават нягледзячы на свае пачуцці, героі вельмі горача сварацца і б’юцца. Але каханне ўсё роўна мацней. Гэтым пачуццем насычана ўся кніга. І хай у рэальным жыцці яго не існуе, пасля прачытання “Дагератыпа” ў яго хочацца верыць.
Патрыятызм і менталітэт беларусаў
У гэтым творы патрыятызм не знаходзіцца на першым месцы. Ён быццам схаваны за спінамі герояў. Так, яны даволі часта размаўляюць пра лёс бацькаўшчыны, пра Беларусь і тутэйшы люд, але ў той жа час не кідаюцца громкімі словамі. Дый наогул, усіх герояў цяжка назваць патрыётамі.
Багуслава (галоўная гераіня), напрыклад, хутчэй патрыётка ідэі рэвалюцыі, Шымон наогул жыве за мяжой, Сімка быццам бы любіць Беларусь, але не любіць мястэчка ў якім нарадзілася, а Гальяш збіраецца з’ехаць за мяжу. Якія ж яны патрыёты? Але ў Рублеўскай такім чынам атрымаўся амаль зрэз беларускага грамадства, у якім нават тыя людзі, якія любяць Беларусь, вырашаюць пакінуць нашу краіну дзеля лепшай долі.
Але сам твор пры гэтым проста напоўнены любоўю да роднай старонкі і тутэйшага люду. Так, беларусы народ “талерантны”, які жыве абы б не было вайны, а на стале была чарка ды шкварка. Але ў глыбіні душы кожны з нас адданы роднай зямлі. Нажаль, некаторыя людзі вырашаюць, што лепш быць чужынцам, чым звычайным беларусам..
Нам увесь час унушалі, што мы — спакойныя, цярплівыя, талерантныя такія. А як толькі адыходзім ад гэтай нормы, пачынаем бараніць сваю годнасць — адмарозкі. Падонкі. Чаму мы павінны быць бяспечнымі, як кісель? Ешце нас лыжкай? Памятаеш рэпавую песню з прыпевам “Беларусы — шалёны народ”? Калі доўга заганяць у сябе гнеў, ён рана ці позна выбухне шалёным супрацівам.
Дэтэктыў
Дэтэктыўная гісторыя пра ваўкалакаў, хваробу і спадчыну проста не можа быць не цікавай. Да самага канца кнігі чытач не ведае, дзе ж праўда ў гэтай блытанай гісторыі. Нават калі здаецца, што галоўны злодзей спайманы, атрымоўваецца, што не такі ўжо ён і злодзей быў. Проста мсціўца за здраду. Але і на гэтым дэтэктыў не заканчваецца.
Нават калі вы не падзяляеце грамадскіх поглядаў Рублеўскай, дэтэктыўная частка рамана вам абавязкова спадабаецца.
З гэтых трох кампанентаў (і шмат яшчэ з якіх іншых) Рублеўская стварыла сапраўды варты ўвагі твор. У ім ёсць некалькі слабых ці спрэчных момантаў. Але тут пра іх нават гаварыць не хочацца.
Усім, хто цікавіцца беларускай гісторыяй, міфалогіяй, дый наогул нашай краінай, рэкамендуем прачытаць “Дагератып” Людмілы Рублеўскай.