60 галоўных гітоў сучаснай беларускай музыкі

Галоўныя беларускія песні сучаснасці

Да свайго 15-гадовага юбілею галоўны музычны партал краіны TuzinFM разам з Letapis.by склаў рэйтынг песень, безь якіх немагчыма ўявіць незалежную беларускую музыку. У яго ўвайшлі 40 самых важных беларускамоўных песень з гіт-параду «Тузіна» (2003—2018) і яшчэ 20 гітоў за папярэднія 15 гадоў (1988—2003).

Адзначым, што сярод гэтых 60 кампазіцый 4 належаць гуртам «Крама» і N.R.M, і па 3 — Зьміцеру Вайцюшкевічу і «Крамбамбулі».

А вось поўны спіс кампазіцый

Ляпіс Трубяцкі Грай 2013
Адна з самых своеча­совых песень беларускага року. Міхалок прэзэн­таваў яе пры канцы 2010 году, калі сотні людзей былі ў турмах, а тысячы — у дэпрэсіі, «каб вярнуць у нашы шэрагі веру ў сяброў­ства, братэр­ства і любоў». Твор пераможа ў чарце на «Тузіне» сем разоў, стане саўнд­трэкам маўклівых акцый, увойдзе ў магутны альбом «Весёлые картинки» і дасьць назву адзінай беларуска­моўнай кружэлцы гурта.
Крамбамбуля Абсэнт 2002
Галоўны гіт з дэбютнага альбому, прысьве­чанага алька­гольным напоям сьвету быў прыду­маны адным з альтэр-эга Лявона Вольскага — француз­скім кампазы­тарамм Даніэлем Пастысам. На падставе ягонай гармоніі зь мэлё­дыяй і зьявіўся тэкст пра палынны напой. Узьдзе­яньне абсэнту музыкі праверылі на сябе, але прыходу зялёнай феі так і не дача­каліся. Песьня настолькі трапіла ў фармат, што цягам некаль­кіх год гучала на ўсіх беларускіх FM-станцыях, а кліп на яе — на дзяр­жаўных тэле­каналах.
Nizkiz Небясьпечна 2017
Гіт стадыён­нага размаху з трэцяга студый­нага альбома магілёў­скай рок-каманды, галоўны гіт cэзону 2016–2017 на TuzinFM. Сьпеў ад імя расчара­ванага раман­тыка з цэнтраль­най фразай-вобразам «Неба-небясь­печна!», якая трывала засядае ў памяці. Кліп на гэтую песьню рэжы­сэра Арцёма Лобача добра зайшоў на Youtube, набраўшы за паўгады больш за чвэрць мільёна праглядаў.
Akute Kali b ja zastaŭsia z taboj 2016
Чаць­вёрты альбом магілёў­цаў атры­маўся настоль­кі хуткім па музыцы, што ягоныя аўтары заявілі, што пад яго зручна ўхіляцца ад куль, перабя­гаючы з акопа ў акоп. І гэта ня змрочны жарт. Эма­цыйны пік пра­грамы — песьня «Kali b ja zas­taŭsia z taboj» прысьве­чаная ўкра­інцам, якія зма­гаюцца за сваю свабоду.
Крама Будзь разам з намі 1993
Неўмі­ручы гіт «Крамы» зь іх першага-лепшага альбому, запі­санага ўціхую ў студыі «Песь­няроў». Песьня паўстала за пару рэпэ­тыцый, а патрэб­ныя словы напісаў 21-гадовы рок-паэт Зьмі­цер Лукашук на ўжо гатовую музыку — ва ўсіх сваіх тэкстах для гурта ён імкнуўся адлюс­траваць творчы канцэпт, што выяў­ляўся ў «імкнень­ні да свабоды».
Зьміцер Вайцюшкевіч & WZ-ORKIESTRA Я ішоў да цябе 2003
Цэнтраль­ная тэма з альбому на вершы Алеся Камоц­кага, у якім былы ўдзель­нік «Палацу» і Kriwi праявіў сябе ў вобразе майстра сардэч­най лірыкі ды пачаў зьбі­раць канцэрт­ныя залі. Песьня тройчы ўздыма­лася на вяршыню «Тузіна Гітоў» у самым першым сэзоне 2003–2004.
ZET Белакрылы анёл 2006
Невядо­мыя людзі ў масках на чале з чала­векам, які называў сябе Канцлерам, на кароткі час праніклі ў дзяржаўны тэле- і радыё­этэр. У прыват­насьці «Анёл», які ўзначаль­ваў «Тузін» 10 тыдняў запар, гучаў акурат перад дзяржаў­ным гімнам у радыё­вэрсіі чарту, якая выхо­дзіла тады на радыё, што належала Менгар­выкан­каму, а кліп на песьню «Калгас» круціўся па БТ.
Аляксандр Памідораў Цуд на каляды 2000
Першы ўцямны рэп-твор па-беларуску ў нашай музыцы і наогул адна з галоў­ных беларускіх песень пра Каляды была запі­саная разам з гуртом N.R.M. для суполь­нага музыч­нага праекту «Сьвяты вечар» на студыі Бел­тэле­радыё­кампаніі.
Крамбамбуля (2) Люблю 2003
Галоўны гіт першага сэзону на «Тузіне». Самая пазы­тыўная песьня застоль­нага праекту Вольска­га, а то і ўсяго акрэсь­ленага тут пэрыяду ў беларускай музыцы, увайшла ў самы гітовы альбом. Лявон Вольскі выканаў яе разам зь Сяргеем Міхал­ком, а ў кліпе зьня­лася яшчэ адна зорная ўдзель­ніца праекту — поп-сьпявачка Гюнэш.
TonqiXod Насыпаць горы 2014
Песьня, пасьля якой арт-рокавае трыё стала ўлюбёным гуртом беларускіх інтэлек­туалаў. Паэт і вакаліст Уладзь Лянкевіч, натхнё­ны ўласнай асацы­яцыяй беларусаў з амэрыкан­скімі індзей­цамі, прапа­наваў сваё бачаньне нацыя­нальнай ідэі, пабуда­ваўшы ў пяці­хвілінным трэку цэлы сусьвет.
Палац Кола грукатала 2012
Песьня «Палацу» у новым стагодзь­дзі адразу пасьля прэзэн­тацыі на «Тузіне» у 2005 годзе перамагла ў чарце, стала галоўнай візы­тоўкаю гурта. Зь ёй гурт імкнуўся трапіць на «Эўра­візію», паводле яе назваў свой самы шыкоўны альбом. Песьню можна прыняць за народную, але музыку і словы да яе напісаў лідэр каманды Алег Хаменка. Тэма­тычна яна зьвяза­ная са сьвятам Троіцы.
Dzieciuki Сумнае рэгі 2014
Цэнтраль­ная песьня з дэбютнага альбому гарадзен­скай фольк-панк фармацыі, у якой акрэсьлі­ваецца іх пазыцыя: камунізм = фашызм. Музыкі прысьвя­цілі песьню ахвярам бальша­візму і нацызму, а кліп на песьню зьнялі ў Хатыні і Кура­патах.
IQ48 Сьвятло ў цемры 2006
«Здаро­выя лосі», як называлі музыкаў прыхіль­нікі, разна­стаілі клясычны беларускі рок элемэн­тамі ска, фанку ды гіп-гопу. Самая знакавая песьня герояў белар­ускай неза­лежнай сцэны 00-х была напі­саная на безда­корны верш Міхала Анем­па­дыс­тава. Гэтая вэрсія была запі­саная адмыслова да скла­данкі най­лепшых беларускіх песень «Прэм’ер Тузін», якую гэты трэк адкрывае.
Уліс Радыё свабода 1990
Твор, які стаў ня толькі галоў­най песьняй «Улісу», але і сымбалем беларускага року ды наогул неафі­цыйным гімнам беларускага руху пачатку 90-х. Пры ўяўнай про­стась­ці, яна мае шэраг тракто­вак. Гэты шмат­пластавы тэкст так пакуль да канца не расшыф­раваны. Вядома, што пад вобразам «радыё свабода» яе аўтар Фэлікс Аксёнцаў разумеў аніяк не аднай­менную радыё­станцыю, а су­сьветны розум ды нірвану, а пад белым сьцягам мелася на ўвазе безумоў­ная адмова ад сілы і гвалту — такі беларускі сьцяг, але без крыві.
Ігар Варашкевіч і Лявон Вольскі Аўтабіяграфія 2006
Міхал спры­чыніўся ў тым сэзоне да двух галоў­ных гітоў сэзону на «Тузіне» і быў названы «Чала­векам году ў беларускай музыцы». «Аўта­бія­графія» — ягонае пера­асэнса­ваньне славутага гіта польскага гурта Perfect, якая была запі­саная ўжывую падчас першага канцэрту «Салі­дарны зь Беларусьсю» у цэнтры Варшавы. Запіс таго канцэрту праку­ратура Беларусі прыз­нала экстры­місцкім, аднак гэты твор удалося афіцыйна выдаць на дыску «Прэм’ер Тузін — 2006» на лэйбле West Records.
N.R.M. Мінск і Менск 2007
Дзякуючы дакладна схопле­наму адчу­ваньню паў­сюднай шызоідна­сьці, песьня Вольскага адразу пасьля прэм’еры стала адным з самых забой­ных ягоных нумароў. Яна стала галоўнай песьняй сэзону на «Тузіне» і наогул гімнам беларускіх унутраных эмі­грантаў. Апынулася, што гэта быў апошні гіт зала­тага складу N.R.M.
VuRaj Вэлытай, пэрэпылко 2014
Летняя абрадавая песьня, якая пяялася на Палесьсі падчас жніва, стала першым і галоў­ным гітом гурта Сяргея Доўгу­шава. Дзякуючы «Сьпеў­ным сходам» яна стала шмат для каго кропкай уваходу ў сьвет беларускага фольку ды здабыла сабе славу беларускай «We Will Rock You». Выкон­ваюць яе грамадою, прыстук­ваючы рукамі і нагамі.
Крама (2) Бяжы хлопец 1993
Гэты твор з поўным правам можа лічыцца песьняй № 1 у рэпэр­туары «Крамы». Упершыню яна была запісана і выда­дзена на дэбютным альбоме каманды, і з тых часоў безь яе не абыхо­дзіцца ніводны канцэрт Ігара Вараш­кевіча і кам­паніі.
Дай дарогу! Ня веру 2016
Першы беларуска­моўны твор вядучая панк-каманда краіны запісала на 19 годзе свайго існа­ваньня. Юры Стыльскі меў тройку па беларускай у школе, але кажа, што наша мова — у крыві, таму тэкст зьявіўся лёгка. Гэтай песьняй музыка хацеў сказаць, што больш нікому нельга даваць веры і што не існуе ўзаема­даверу ў гра­мадзтве і ўсіх ахутаў страх. І прысьпеў час, калі варта пра гэта казаць. Нават крычаць.
Ляпіс Трубяцкі (2) Зорачкі 2008
Песьня, у якой Міхалок раз і назаўжды дае адказ на пытаньне дзе ягоная Радзіма. Цікава, што сваю касма­палі­тычнасьць лідэр «Ляпісаў» вырашыў давесьці менавіта на беларускай мове і здабыў тым самым нямала прыхіль­нікаў, якія раней гэты гурт за беларускі не прызна­валі. «Зорачкі» упрыго­жылі 9-ты альбом гурта «Маніфэст», сем разоў узды­маліся на вяршыню чарту і пабілі ўсе рэкорды папуляр­насьці на «Тузіне».
Новае неба Мая краіна 1996
Сьпявачка Кася Камоцкая папрасіла паэта Міхала Анем­падыс­тава хоць раз напісаць не грама­дзянскую, а любоўную лірыку. Ён і прынёс ёй тэкст, які пачы­наўся са словаў «Я люблю…». «Мая краіна» стала саўнд­трэкам да тага­часных падзеяў у краіне і галоўным гітом Касі.
Landau feat.Zolki Band Сьнежань 2014
Песьня-рэфлексія на Плошчу—2010 была прэзэнта­ваная і стала найлеп­шай на «Тузіне» праз чатыры гады пасьля тых падзеяў. Адметны стыль каманды і яскравы вакал больш ацанілі ў Польшчы, чым на Радзіме. Гурт зрабіў фурор на некаль­кіх польскіх фэстах, а тут зь цяжкасьцю сабраў «Графіці» ды зьнік з даля­гляду пасьля таго, як сьпя­вачка Алена Мішчанка (Калей­нікава) пера­ехала жыць ва Ўкраіну.
Мама Будзь злой 2015
Новы праект лідэра гурта Mauzer, які зьявіўся праз чатыры гады маў­чаньня і пераезду ў Кіеў. Мужная рок-баляда з краналь­най просьбай «будзь са мной злой» была сустрэтая на ўра і стала галоўнай песьняй сэзону ў 2015. За 4 гады існа­ваньня гурт Яна Маўзэра запісаў яшчэ некалькі някепскіх песень, але так і не пака­заўся жыўцом на публіцы.
N.R.M. (2) Тры чарапахі 2000
Штуршком да стварэньня гэтай песьні стаў дзяжурны жарт у тусоўцы «Народ­нага альбому», калі падчас замежных гастро­ляў голасам тага­часнага расейскага прэзы­дэнта Ельцына вымаў­лялася фраза: «Росий­ская государ­ственность зиждется на трёх китах…». Да ўсяго Вольскі чамусьці думаў, што паводле антыч­най тэорыі пабудовы сьвету чарапах, што цягнуць зямлю, было столькі ж, колькі кітоў і сланоў. Дзякуючы памылцы і жарціку атры­малася песьня, якая імгнен­на стала гітом і дала назву новаму альбому гурта. Пасыл на самой справе ў яе сур’ёзны — вядзецца пра тое, што ў астатнім сьвеце ўсё ідзе наперад, а ў нашых краях усё настоль­кі ста­більна, што зямля дагэтуль пляска­тая.
Глюкі feat. Mauzer i Green Che Краіна 2.0 2009
Трэк, у якім паўдзель­нічала краса і сіла магі­лёўскай нефар­мальнай сцэны, выйшаў пасьля распаду «Глюкаў» . Тут разам зь Лёшам Парон­кіным сьпелі Ян Маўзэр, Рома Англі­чанін (ён жа Green Che), а тэкст Ромы Жыга­рава разна­стаіў рэпавым куплетам паэт Віталь Рыжкоў. «Краіна 2.0» 10 (!) разоў перамагала ў «Тузіне», а сам альбом Idyatyzm стаў адным з пера­можцаў першых узна­гародаў Experty.by. Гурт на момант выхаду альбому ўжо не існаваў.
Re1ikt Люцэрна 2015
Бадай самая прыгожая песьня з самага тыту­ляванага альбому беларускай музыкі 2010-х піянэраў беларускага пост-мэталу. Сьпеў наўпрост адлюс­троўвае ідэю дыску. Музыкі імкнуліся напісаць такую песьню, гукі якой маглі б супа­коіць чалавека і дапамагчы пера­адолець стрэс. Люцэрна — гэта каганец, маленькі ліхтарык у цемры, а таксама лекавая расьліна.
Зьміцер Вайцюшкевіч (2) Я нарадзіўся тут 2000
Новая песьня Лявона Вольскага гарма­нічна ўвайшла ў альбом пера­сьпеваў самых важных беларускіх маршаў і гімнаў у якасьці сучас­нага прыкладу. Аўтару песьні падалося, што найбольш песьня, напі­саная на рэгі-манер, будзе пасаваць Зьмітру Вайцюш­кевічу. З таго часу слухачы не адпус­каюць са сцэны ані Воль­скага, ані Вай­цюшке­віча без выка­наньня гэтага твору, а радкі з прыпева «Я нара­дзіўся тут і я буду жыць тут» сталі для новага пака­леньня беларусаў такімі ж значнымі, як у свой час слёган «Каго любіш? — Беларусь! — То узаемна!».
Паліна Рэспубліка Як ты 2012
Сьпеў ці тое пра няўлоў­нае каханьне ці тое пра любоў да Радзімы пад акустыч­ную гітару лагодным і ў той жа час упэў­неным дзявочым голасам стаў сеціўным гітом, калі яго аўтарцы было 17 год. На той час яна ўжо мела Гран-Пры «Бардаўскай восені» і была названая «Адкрыць­цём году» на «Тузіне».
Mauzer (2) Я люблю боль 2009
Гэтая песьня найлепш характа­рызуе бадай што самы яскравы беларускі гурт сярэдзіны 00-х. Боль, любоў, агрэсія, няна­вісьць, сэкс і палітыка, — такі густы ў іхняй твор­часьці быў замес. Магі­лёўская каманда распалася на ўзьлёце — Ян Маўзэр зьехаў у Кіеў, а басіст з бубначом — у Піцер, дзе ў складзе гурта Iowa скарылі расейскі шоў-біз. Яшчэ адзін удзель­нік каманды — Рома Англі­чанін далучыцца да праекту ЛСП.
N.R.M. (3) Лёгкия-лёгкия 2002
Бадай, што самая моцная песьня зь пятага нумарнога альбому N.R.M. Вольскі называе гэты твор апошняй фарбай, якой бра­кавала новай праграме. Мала хто ведае, што радок «Цяжкія-цяжкія блізкія, нашыя» тычыўся паплеч­нікаў Лявона па гурце — ужо тады адносіны між імі сталі псавацца. Адбітак на яе ства­рэньне наклала яшчэ і тое, што на час напі­саньня ў цяжкім стане быў бацька музыкі — вядомы дзіцячы пісьмень­нік Артур Вольскі.
Neuro Dubel Жыцьцё 2004
Знакавая песьня Аляксан­дра Куль­лінковіча з першага беларуска­моўнага альбому ягонай каманды. За 10 год да яе напі­саньня аўтару зрабілі цяжкую апэрацыю на мозг, пасьля якой дактары сказалі, што доўга ён можа не пражыць ды параілі ня піць, не курыць ды наогул пазьбя­гаць залішніх цела­рухаў. «Гэтая песьня — сьвед­чаньне таго, што я жывы», — з такімі словамі прэзэн­таваў яе на «Тузіне» лідэр ND.
Irdorath Быў. Ёсьць. Буду 2015
Галоўны гіт на «Тузіне» у 2016 на словы Ўладзі­мера Кара­ткевіча фэнтазі-фольк гурт назваў мантрай, якая надае сілы ў той момант, калі здаецца, што будучыні няма. Па задуме, кожны інстру­мэнт тут нясе свой сэнс. Колавая ліра — голас народу, які зьбіўся з дарогі. Але ў адказ гучаць званы: гэта значыць, што надзея адшукаць свой шлях заста­ецца. Літаўры заклі­каюць да змаганьня, а віялян­чэль сьведчыць пра эўра­пейскі лад мысь­леньня беларусаў.
Уліс (2) Пляц Францыска 1999
Песьня-дыямант зь першага альбому гурта, які заснавалі былыя ўдзель­нікі гурта «Бонда» на дужа актуальную тэму — пры канцы 80-х акурат адбываўся крытычны пера­гляд савецкай гісторыі і вяртаньне забытых імёнаў. Кампа­зыцыю запісалі ў польскім Ольштыне ў 1989 годзе, вакальную партыю сьпявае першы вакаліст гурта Андрэй Патрэй. У 1991 годзе — пера­ломным для імпэрыі — гэтая песьня выйдзе на вінілавай кружэлцы фірмы «Мелодия» у Маскве.
Gods Tower Людзі на балоце 2014
Першы беларуска­моўны трэк найлепшай беларускай мэтал-каманды. Гурт, які яшчэ на пачатку 90-х першым у Беларусі спалучыў мэтал з фолькам, дагэтуль сьпяваў выключна па-ангельску. Лэсьлі Найф даводзіць гэтым трэкам сваю несуця­шальную думку: Беларусь – край маў­чаньня, і няма ніякіх шанцаў на тое, каб тут зьявілася нацыя.
Крама (3) Стэфка 1993
Пэўна самая доў­гайгра­ючая песьня беларускага року, якая за 32 гады перажыла некалькі пера­стварэнь­няў і пра­цягаў. Яна гралася яшчэ ў «Бондзе» (1986), у новым запісе (самым кана­нічным) упры­гожыла дэбютнік новага гурта Ігара Вара­шкевіча «Крама» і тут жа была пера­запісаная на ангель­скай мове для арыента­ванага на Захад альбому «Vodka on Ice». Потым яшчэ зьявяцца «Стэфка праз 20 год» (2006) і «Стэфка праз 30 год» (2017), сваю вэрсію арыгіналу зробіць Naviband (2014). І агулам дзяўчатаў зь імём Стэфка ў Беларусі пасьля зьяўленьня ў этэры гэтае песьні значна паболее.
:B:N: Дажджамі 2006
Галоўны гіт з трэцяга нумар­нага альбому тады яшчэ бярозаў­скага гурта стаў іх самай пазна­вальнай песьняй. Ён пяць разоў уздымаўся на пазыцыю лідэра на «Тузіне» і трапіў у топ-12 гітоў сэзону. Посьпех быў падма­цаваны кліпам, які быў зьняты на «Белсаце» і некалькі год запар круціўся на экранах у менскім мэтро. Выканаць тужлівую баляду пра няшчаснае каханьне Алесю Лютычу на запісе дапа­магла Яўгенія Хіло, колішняя вака­лістка бера­сьцей­скай каманды Sciana.
Shuma Ой еду я дарогаю 2011
Менавіта з гэтай песьняй былая вака­лістка рок-гурту Indiga Руся пачала свой экспэ­рымэнт, які доўжыцца і дагэтуль, па спалу­чэньню беларускай стара­жытнай культуры з клюбнай музыкай. Яшчэ пару год — і танчыць пад «Шуму» у вышы­ванцы на Зыбіцкай і Кастрыч­ніцкай будзе дужа модна. Дэбютны сынгл жа «Шумы» уяўляе зь сябе мікс на летнюю песьню «Ой, еду я дарогаю» у выка­наньні А. Тарасюк, якая была запі­саная ў 1968 годзе на Палесьсі ў вёсцы Спорава.
Андрэй Макарэвіч Сьнег 2015
Галоўная музычная сэнсацыя 2015 году. Песьня, запісаная адмыслова для трэцяй часткі праекту TuzinFM і кампаніі «Будзьма!» — «Пера­загрузка». Лідэр «Машины времени» пага­дзіўся ўпершыню ў жыцьці засьпя­ваць па-беларуску на знак любові да нашае краіны і дзеля таго, каб аддаць даніну павагі сваім продкам — ягоная бабуля з Заходняй Беларусі. Тэкст славутай песьні 1978 году на беларускую мову пераклаў Юры Несьця­рэнка, а акампа­наваў музыку гурт Apple Tea.
Мясцовы час Я жыў 1991
Песьня, зь якой зьвяза­ная кароткая, але яркая гісто­рыя рок-гурта з Полацку. Цэнтраль­ная рэч з самага пасьпя­ховага іх альбому, які быў запі­саны ў Мазыры ў 1991 годзе. Зь ім «Мясцовы час» урываецца ў вышэйшую лігу беларускага рок-н-ролу, пера­магае ў «Басовішчы», ладзіць акустыку ў полацкай Сафіі, грае ў якасьці хэдлайнэра на менскай плошчы Неза­лежнасьці на акцыі «Рок за неза­лежнасьць». І распа­даецца пры канцы 1992. Забаўна, што песьню, пра­сякнутую такім сур’ёзным экзістэн­цыйным патасам між сабою музыкі жартаў­ліва называлі «ёжик», па сугуч­насьці з назваю.
Vinsent Ні кроку назад 2012
Самы качовы трэк найбольш яскра­вага беларуска­моўнага рэпэра 2010-х, першы, які быў запісаны з жывым бэндам. Выканаўца акрэсьліў тэма­тыку сынглу шырока — пра Менск, каханьне і мэта­фарычную вайну. Песьня ўпрыгожыла фільм «Вышэй за неба».
Лявон Вольскі (2) Жорны 2016
Volski — Psychasamatyka — 2016 — Падрабязьней Гіт з двайнога альбому Лявона быў запісаны ў Вільні, напісаны ў Швай­царыі, а задуманы ў часы N.R.M. Выканаўца разьвіў ідэю свайго даўняга верша пра дачы­неньні асобы і дзяржавы, які гучаў так: «Круціць дзяржава жорны / Будзе мукою зерне / Калісьці і мы з табою / Мой сябар, будзем мукою».
Кальян Радыёактыўны сьнег 1997
Бадай самая яркая беларуская рок-песьня на тэму радыяцыі і візытоўка адной зь першых беларускіх фольк-панкаў­скіх камандаў, лідэрам якой быў Алесь Дзяні­саў. Яна была запі­саная для першага электрыч­нага альбому каманды «У краіне цудаў» (1997), а пасьля музыкі неаднойчы да яе зьвяр­таліся — праз 8 год яе пера­запісалі ды пера­выдалі асобным сынглам, праз 11 год зьнялі кліп. Як «КальЯн» разышоўся, кампа­зыцыя перайшла ў рэпэртуар новай каманды Алеся — Dzieciuki.
Палац Як пайду я ў новую канюшню 1995
Менавіта апрацоўка гэтай вясель­най народ­най песьні стала першым запісам у гісторыі гурта «Палац». Песьня, ство­раная на кля­вішах Yamaha 808, упер­шыню прагу­чала ў тэле­фільме «Фольк-мадэрн Палац» рэжы­сэра Ўладзі­мера Мікалаева (1992). Яна выкон­ваецца на першай «Рок-Кара­нацыі» (1994), дзе гурт атрым­лівае прыз у намі­нацыі «Трады­цыі і сучас­насьць» і стано­віцца гітом № 1 з дэбютнага альбому «Палацу». Твор пера­запісва­ецца яшчэ тройчы, але найболь­шае заміла­ваньне выклікае акурат тру-варыянт — у моднай на той час тэхна-поп стыліс­тыцы.
Brutto Родны край 2015
Магчыма, самая шчырая песьня Міхалка, якая была напі­саная ў вельмі для яго няпросты пэрыяд — пасьля забаронаў і ціску з боку КДБ лідэр Brutto пера­ехаў ва Ўкраіну ў той час, калі сям’я заста­валася ў Беларусі. Гэтую песьню Сяргей прысьвя­ціў акурат свайму сыну Макару. Яна дала назву другому альбому каманды. Рэліз супра­вадзіў кра­нальны і прыгожы відэа­ролік.
Супольны праэкт «Народны альбом» Простыя словы 1997
Без сумневу самая ўдалая песьня з самага значнага музычнага праекту 90-х, запі­саная ў сьценах зачы­ненага ўжо на той час «Радыё 101,2». Агульны патас кампазыцыі такі, што песьню пяюць усёй грамадою пры канцы беларускіх канцэртаў, цырымоній і фэсты­валяў. У той жа час яна трапляе ў шэраг дваравых — яе вельмі лёгка развучыць на гітары пачаткоўцам. А яе аўтар Міхал Анем­падыс­таў трохі пазьней прызнае, што гэтая песьня — самая важная ў яго жыцьці.
Pomidor/Off Дым 2011
Галоўны гіт з другога соль­ніка рок-гурта Аляк­сандра Памі­дорава з простым, але ў той жа час з шмат­слойным тэкстам. На знак пашаны да засна­валь­ніка Gods Tower Аляк­сандра Ўракава, тут гучыць гітарнае сола ў ягоным стылі. Бяс­спрэчна, галоўная рок-песьня 2011 году. Існуе таксама іншая вэрсія гэтай песьні ў супра­ваджэньні струннага квартэту, якая была запісаная для супольнага музычнага праекту «Апошні золак» у 2014.
Naka Бяжы 2009
Песьня гурта Насты Шпакоў­скай перша­пачаткова была напісаная на расейскай мове. На беларускую для праекту «Тузін.Пера­загрузка» яе пераклаў Сяргей Бала­хонаў. Па выніку яна стала ня толькі галоўным посьпехам праекту, але і візітоўкаю каманды. Сама Наста кажа, што ў гэтай вэрсіі яна загучала больш жорстка і прынцы­пова, чым перша­пачаткова.
N.R.M. (4) Паветраны шар 1999
Лідэр N.R.M. напісаў гэтую песьню ў памяш­каньні «Радыё 101,2» на вуліцы Рэва­люцыйнай, дзе на той час рэпе­тавалі музыкі. Лявон згадвае, што 1996 год быў для яго надзвычай плённым — «ішла пруха і зьмянялася асабістае жыцьцё». Пад натхнень­нем і зьявілася песьня, якая станецца галоўным гітом трэцяга альбому гурта.
J:Морс Маё сонца 2007
J:Морс — Адлегласьць — 2007 — Падрабязьней Песьня ўпрыгожыла адзіны цалкам беларуска­моўны дыск гурта Ўладзімера Пугача. І гэта было яе другое жыцьцё. За два гады да гэтага яна выходзіла ў расейскамоўнай вэрсіі на альбоме «Апрель». Будзе яшчэ трэцяе і чацьвёртае жыцьцё — у 2009 годзе на «Тузіне» пераможа акустычная лайв-вэрсія беларускага «Майго сонца», а на Новы 2018 год яна загучыць у джазе, дзякуючы гурту Apple Tea.
Троіца Тры янгалы 2008
Можа быць самая ўражваль­ная песьня ў выкананьні Івана Кірчука, якая ўяўляе зь сябе ўрывак з духоўных песьня­сьпеваў, што выкон­валіся ў пост. Пяецца пра тое, што чалавек ня можа забраць з сабою на той сьвет тое, што здабыў на зямлі. Сьпеў узмацняе выдатны аніма­цыйны кліп Юліі Рудзіц­кай. І той факт, што запі­саная яна была ў вёсцы Барталаме­еўка Веткаў­скага раёну, дзе пасьля Чарно­былю сапраўды апынулася, што «жыць некаму».
Стары Ольса Літвін 2004
Галоўны канцэртны гіт гурта сярэдня­вечнай музыкі, у якім згадва­юцца чатыры зна­кавыя для беларусаў бітвы. Тэкст напісаў лідэр «ольсаў» Зьміцер Сасноўскі, але яна пайшла ў масы настолькі, што на караоке-сайтах яе пазна­чаюць за народную.
Воплі Відаплясава Краіна мараў 2011
Украінскі рок-гурт перазапісаў адзін з сваіх галоўных гітоў на беларускай мове для праекту, які ладзілі TuzinFM разам з кампаніяй «Будзьма беларусамі». З нагоды прэм’еры Алег Скрыпка вылічыў, што ён на чвэрць зьяўля­ецца беларусам і нязьмен­на стаў сканчаць свае канцэрты ў нашай краіне гэтым сьпевам у пера­кладзе Андрэя Хадановіча.
UltraВожык Атлянтыда 2005
Песьня, якая прынесла шырокую вядо­масьць ананімнаму праекту. Запісаная насуперак іміджу гурта, як сур’ёзная рок-баляда, яна трапіла ў лік лепшых песень сэзону на «Тузіне», выйшла на складанцы «Песьні свабоды» і стала адным зь гітоў Вясны—2006. Яе разам зь песьнямі N.R.M. і «Крамай» сьпявалі ў турме на Акрэсьціна ўдзельнікі пратэстаў.
Крамбамбуля (3) Госьці 2003
Гэтую песьню Лявон Вольскі напісаў для другога альбому свайго застольнага праекту, але стаўка канкрэтна на гэты нумар не рабілася. І дуэта зь Міхалком не мерка­валася. Але лідэр «Ляпісаў» пачуўшы дэмку зазначыў, што гэта ёсьць 100-адсоткавы гіт, таму Лявон зь Сяргеем выканалі яе дуэтам, а пазыцыю «Гасьцей» умацаваў кліп Мацея Сабурава і Аляксея Хацкевіча. Песьня займела шалёную папу­лярнасьць, уявіць безь яе канцэрт «Крам­бамбулі» проста немагчыма.
Indiga Тры сонцы 2004
Галоўны гіт бадай што самай яскравай беларускай жаночай рок-каманды сярэ­дзіны 00-х, якая праіс­навала каля пяці гадоў. Цэнтраль­ная тэма зь першага (і апошняга) альбому, які быў запісаны пасьля перамогі на «Басо­вішчы». Сам трэк быў створаны пад уплывам вершаў Веліміра Хлеб­нікава, у тэксьце нават ёсьць цытаты зь яго. Што да назвы, то гэта мэтафара адно­сінаў у гурце, у якім вака­лістку Русю атачалі тры мужчыны. У навагоднім тэлешоў на «Белсаце» у 2018 годзе Руся выканае гэтую песьню ў джазавым варыянце разам з гуртом Apple Tea
Закон гука Пішы 2018
Надзвычай удалы прыклад спалу­чэньня паэзіі з музыкаю. Музыкаў з гурта «Закон Гука» уразіў верш Вацлава Ластоў­скага (1924) перадусім сваёй энэрге­тыкай і сучасным гучаньнем. Яны імкнуліся максы­мальна раскрыць зьмест твору і дапоўніць яго музыкай, каб музычны і паэтычны складнік гучалі разам, як адзінае цэлае. Песьня стала часткаю праекту «(Не)расстра­ляныя» і перамагла ў сэзоне 2017–2018 на «Тузіне».
Крама (4) Слуцкая брама 1994
Песьня, якой сканчваецца другі нумарны альбом «Крамы» належала да рэпэр­туару гурта «Бонда» і была напі­саная ў 1985 годзе. Перша­пачаткова словы да яе напісаў паэт Анатоль Сыс. Але як тлумачыць аўтар музыкі да «Слуцкай брамы» Ігар Вара­шкевіч той тэкст тады палічылі «дзіцячым», таму аўтарам выступіў бубнач «Бонды» Сяржук Кныш.
Зьміцер Вайцюшкевіч (3) Сьцяг 2008
Рытмічны гімнавы верш, які паэт Някляеў адмыслова напісаў для музыкі Вай­цюшке­віча нечакана загучаў у балядным рэчышчы ў першым варыянце. Зьміцер пачы­таўшы тэкст згадаў як лунаў бел-чырвона-белы сьцяг па-над Домам ураду і ў рытм гэтага лунаньня ў яго нара­дзілася музыка. «Вядзецца не пра рэва­люцыю, а пра стан душы!», — заўважыў артыст з нагоды яе прэм’еры на «Тузіне».
Znich Крыжы-абярэгі 2006
Кранальны твор пра крыжы, што аберагалі ад усялякага насланьня палескія вёскі, але заняпалі яны ды зьніклі вёскі тыя. Бадай што галоўная песьня пачы­нальнікаў беларускага фольк-паган мэталу, якая разышлася куды шырэй за кола аматараў гэтае музыкі. Першы яе запіс быў зроблены ў 2003 годзе, яна ўпры­гожыла складанку «Генэралы айчыннага року», а пасьля была пера­запісаная для трэцяга альбому «Зьніча», якому і дала назву.
Мроя Зямля 1989
Гэтую песьню вакаліст і клявішнік гурта Лявон Вольскі напісаў за паўгадзіны па прыезьдзе з канцэрту ў Быхаве, здарожаны і нявы­спаны. Тэкст выдатна паклаўся на музыку, кампа­зыцыя стала адным з галоўных гітоў каманды і была запісаная для віні­лавага альбому гурта, які выйшаў на фірме «Мелодия». Праз гады песьню рэанімуе N.R.M., як твор актуальны і злаба­дзённы. «Зямлю» можна пачуць і цяпер на сольных канцэртах Лявона.
HVALI.BY