Інэса Кур’ян “Бэзавы бамжак” — рэцэнзія

Бэзавы бамжак

На гэтую кнігу маю ўвагу звярнула калега, калі я спытала, што класнага з беларускай літаратуры яна прачытала апошнім часам. Праўда, было гэта амаль год таму, а да кнігі я дабралася толькі цяпер.

Твор існуе выключна ў электронным выглядзе. Выходзіў асобнымі часткамі ў ЖЖ аўтаркі, а таксама цэлай кнігай з’явіўся ў продажы на kniharnia.by. У 2018 годзе кніга патрапіла ў поўны спіс намінантаў на Прэмію Гедройца, але далей не прайшла.

Твор мае падзагаловак “гарадскі раманс”, а ўнутры разварочваецца нешта вельмі незвычайнае і своеасаблівае. Ёсць гераіня, жыхарка сталіцы, якую завуць Шыншыла. Дзівосы кнігі распачынаюцца ўжо ў імені галоўнай гераіні 🙂 Мы не ведаем, колькі ёй гадоў, атрымліваем кароткія апісанні знешнасці на працягу ўсёй кнігі. І ўвесь час яна шукае загадкавую штуку, якая называецца “Жаданне пад бэз”. Пад бэз ходзяць спраўляць патрэбу бамжакі. І ў гэтым моманце многія чытачы могуць зразумець, што кніга дакладна не для іх.

Сапраўды, у творы мноства даволі натуралістычных апісанняў побытавых, а часам і не вельмі рэальных рэчаў. Напрыклад, бамжы ці мёртвыя яўрэйскія ногі. Таксама ў кнізе шмат гульняў са словамі, якія ў аўтаркі атрымліваюцца даволі ярка. Але ж за ўсімі гэтымі лінгвістычнымі выкрутасамі амаль губляецца звязны сюжэт.

Усё, што адбываецца ў творы, падаецца вельмі абсурдным, нібыта гэта адна вялікая галюцынацыя галоўнай гераіні. Лангбард і яго галава, якая коціцца па праспекце, дух ненапісанай кнігі, сеанс кахання з калонамі Акадэміі навук.

Для мяне кніга так і засталася зборнікам аўтарскіх метафар, часам нядрэнных, лінгвістычных знаходак. Няхай гэта постмадэрнізм і не варта чакаць уцямнай сюжэтнай лініі, але трэба адчуваць хоць нешта да персанажаў, бачыць паміж імі ўзаемасувязь, канфлікт. Тут жа такога няма.

Такі вось гарадскі абсурд пад соусам постмадэрнізму.

Bookvajed

 
HVALI.BY