Народны пісьменнік Беларусі. Міхась Лынькоў

Міхась Лынькоў

Міхася Лынькова, які атрымаў званне Народнага пісьменніка БССР у 1962 годзе, ведаюць практычна ўсе. А калі не яго асабіста, дык яго аповесць — «Міколка-паравоз». З іншага боку, шмат хто лічыць яго аўтарам аднаго твора, у той час як астатняя творчасць не заслугоўвае ўвагі. Ці так гэта насамрэч?

 

Біяграфія Міхася Лынькова

Міхась Лынькоў нарадзіўся ў вёсцы Зазыбы Віцебскай вобласці ў сям’і чыгуначніка 30 лістапада 1899 года. Яго сям’і даводзілася даволі шмат раз’язджаць, часта мяняць месца жыхарства з-за спецыфікі працы. Але неўзабаве бацька Лынькова атрымаў пасаду пуцявога абходчыка і сям’я нарэшце асела недалёка ад вёскі Старое Сяло (пад Рагачовам). Тут будучы пісьменнік пайшоў у школу. Вучыўся ён добра і па заканчэнні школы яму падарылі кнігу Гогаля «Вечары на хутары бліз Дзіканькі».

Пасля школы Міхась паступіў у рагачоўскую школу пры настаўніцкай семінарыі, а пасля яе заканчэння і ў саму семінарыю. Вучыўся ён старанна, але грошай на жыццё не хапала, таму будучы пісьменнік падпрацоўваў на чыгунцы, а таксама даваў прыватныя ўрокі. У 1917 годзе скончыў рагачоўскую настаўніцкую семінарыю.

У 1919 годзе быў прызваны ў армію і ўдзельнічаў у савецка-польскай вайне. Дэмабілізаваны ў 1922 годзе. У гэты час памірае бацька Лынькова і трагічна гіне маці. На руках маладога хлопца аказваюцца малодшыя брат і сястра, пра якіх ён павінен быў клапаціцца.

Пасля дэмабілізацыі некаторы час працаваў настаўнікам у вёсцы Ліпінічы, а потым рэдактарам штодзённай бабруйскай газеты «Камуніст». Варта адзначыць, што ў газеце ў той час друкаваліся матэрыялы адразу на чатырох мовах — рускай, беларускай, украінскай і ідыш. Сам Лынькоў правёў вялікую працу па паляпшэнні выдання. Менавіта пры ім у газеце стаў выходзіць спецыяльны літаратурны дадатак «Вясна». Менавіта дзякуючы гэтаму, дарогу ў літаратуру атрымалі Сяргей Грахоўскі, Васіль Вітка, Барыс Мікуліч і іншыя пісьменнікі. У тыя ж гады Лынькоў выступіў ініцыятарам стварэння бабруйскага аддзялення літаратурнага аб’яднання «маладняк».

У 1927 годзе ажаніўся на габрэйцы Ханне Арэнкавай і крыху пазней у іх нарадзіўся сын Марэк. У 1930 годзе пісьменнік пераязджае ў Мінск, дзе ўладкоўваецца на працу ў Дзяржаўнае выдавецтва БССР.

У 1933 годзе становіцца рэдактарам літаратурнага часопіса «Полымя рэвалюцыі». На гэтай пасадзе ён працуе да 1941 года. Існуе меркаванне, што менавіта дзякуючы гэтаму часопісу ўдалося абараніць многія творы беларускай літаратуры і іх аўтараў ад сталінскіх рэпрэсій. У 1938 годзе Лынькоў узначальвае Саюз пісьменнікаў БССР.

Пасля пачатку вайны Лынькова прызначаюць рэдактарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь». Гэтую пасаду ён займае да 1942 года.

На жаль, у Другую сусветную вайну сына і жонку Лынькова расстралялі немцы. Гэтай сумнай падзеі Янка Маўр прысвяціў сваё апавяданне «За што?».

У 1943-1946 і 1949-1952 гадах Лынькоў — дырэктар Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР.

Пасля вайны пісьменнік актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, займаецца расследаваннем нацысцкіх злачынстваў у Мінску, удзельнічае ў пасяджэннях ААН у ЗША.

Памёр народны пісьменнік Беларусі ў 1975 годзе. Пахаваны ў Мінску на Ўсходніх могілках. Па завяшчанні Лынькова, значная частка яго зберажэнняў дасталася дзіцячаму дому.

 

Творчасць Міхася Лынькова

Першы верш Лынькова апублікаваны  ў 1919 годзе ў смаленскай газеце «Борьба». А першыя празаічныя творы аўтара з’явіліся ў 1926 годзе і насілі аўтабіяграфічны характар — «З пражытых год» і «Гой». Менавіта «Гой» можна назваць першым значным творам пісьменніка. Ён носіць гуманістычны характар і заклікае да яднання людзей, незалежна ад рэлігіі або нацыянальнасці. Дарэчы, «Гой» стаў першым беларускім апавяданнем, якое ў будучым прачытаў Васіль Быкаў.

Першы зборнік апавяданняў пісьменніка выйшаў у 1927 годзе.

Юбилейная монета Нацбанка Беларуси, посвященная 100-летию со дня рождения Михася Лынькова
Юбілейная манета Нацбанка Беларусі, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Міхася Лынькова

Творчасць Лынькова падзяляюць на два перыяды. Першы перыяд прысвечаны ў асноўным грамадзянскай вайне, побыце беларускіх вёсак і невялікіх гарадоў. Пісьменнік завастраў увагу на тых працэсах, якія адбываюцца ў грамадстве пасля рэвалюцыі, як змяняюцца людзі. Да гэтага перыяду адносяцца (акрамя згаданых вышэй) творы «Чыгунныя песні», «Над Бугам» (усе 1927), «Радо», «Маньчжур», «Кларнет», «Беня-балагол» (усе 1928) і іншыя. Назіраецца пераход ад чыста «маладнякоўскіх» твораў да аўтарскіх.

Другі перыяд творчасці Лынькова прысвечаны побыту сялян і чыгуначнікаў. Гэты перыяд пачынаецца у 1930-х гадах. Нягледзячы на свае «пралетарскія» абавязкі аўтар нават у ідэалагічныя творы імкнецца ўключыць частку праўды. Напрыклад, у аповесці «Саўка-агіцірнік» (1932), прысвечанай калектывізацыі, аўтар распавядае гісторыю з асабістага вопыту, пра тое, як добрасумленнага чалавека выключылі з калгаса толькі за тое, што ён казаў праўду. Баючыся рэпрэсій за праўду Лынькоў нават зрабіў пазнаку ў творы — «Крупскі раён», паказваючы тое месца, дзе гэта адбылося.

У гэты ж час Лынькоў піша яшчэ адзін падобны твор — «Світка» (1932) — пра людзей, якія расчараваліся ў калгасах.

Магчыма, каб неяк загладзіць сваю «віну», пісьменнік пасля гэтага піша некалькі «ідэалагічна правільных твораў» — напрыклад, аповесці «Баян» (1933) або «Салавей-разбойнік» (1932). Абодва творы носяць агітатарскі характар.

У сярэдзіне 1930-х Міхась Лынькоў пісша творы для дзяцей і падлеткаў: «Пра слаўнага ваяку Мішку і яго слаўных таварышоў» (1935) і «Міколка-паравоз» (1936).

У 1939 годзе пісьменнік удзельнічае ў паходзе ў Заходнюю Беларусь, што адбіваецца на яго творчасці. Выходзіць зборнік апавяданняў «Сустрэчы «(1940), галоўнай тэмай якіх стала Заходняя Беларусь. У ім пісьменнік працягвае падтрымліваць «ідэалагічную лінію партыі», не дапушчаючы іншадумства.

Падчас вайны пісьменнік пераходзіць на ваенную тэму: «Васількі», «Ірына», «Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак», «Астап» і г.д. Гэтыя творы характарызуюцца прымітыўнасцю паказу вайны.

Пасля вайны піша свой самы маштабны твор, сёння практычна забыты — раман «Векапомныя дні» ў чатырох кнігах (1949-1956). Раман, па ідэі, павінен быў стаць у адзін шэраг з «Вайной і мірам» Льва Талстога (лёс народа ў вайне 1812 года), «Ціхім Донам» Шолахава (лёс народа падчас рэвалюцыі), бо «Векапомныя дні» — раман пра лёс народа падчас Другой сусветнай вайны. У ім апісваецца побыт людзей на акупаваных тэрыторыях, жыццё партызан. Але, зноў жа, з-за ідэалагічных перашкод пісьменніку не ўдалося паказаць праўду вайны. Верагодна, ён сам абмяжоўваў сябе ў гэтым. У выніку, раман атрымаўся ўзнёсла-пафасным, апяваў подзвіг савецкага народа. А такіх кніг у той час стваралася велізарная колькасць. І раман згубіўся на іх фоне.

У 1956 годзе твор «Міколка-паравоз» быў экранізаваны.

У 1981-1985 гадах, ужо пасля смерці пісьменніка, выйшаў поўны збор яго твораў у 8 тамах.

 

Што пачытаць з творчасці Міхася Лынькова:

Аповесць:

  • «Міколка-паравоз»

Апавяданні:

  • «Гой»
  • «Радо»
  • «Маньчжур»
  • «Світка»
  • «Саўка-агіцірнік»

 

Узнагароды і памяць.

3 ордэна Леніна (1949, 1955, 1969), 3 ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я.Коласа за раман «Векапомныя дні» (1968).

У 1999 годзе выпушчана юбілейная манета Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Лынькова. У 2011 годзе ў Бабруйску заснавана спецыяльная прэмія гарадскога выканаўчага камітэта імя пісьменніка Міхася Лынькова.

У Менску, Бабруйску і Пінску існуе вуліца імя Лынькова. Імем Лынькова названы цеплавоз ТЭП70-0381 з лакаматыўнага дэпо Воршы.

 

Артыкулы пра іншых народных пісьменнікаў Беларусі:

Кондрат Крапива (па беларуску) (1956)

Иван Мележ (1972)

Иван Шамякин (1972)

Андрей Макаенок (1977)

Василь Быков (1980)

Янка Брыль (1981)

Иван Чигринов (1994)

Иван Науменко (па беларуску) (1995)

HVALI.BY