У 1972 годзе ганаровае званне «Народны пісьменнік БССР» атрымалі два нашых суайчыннікі: Іван Мележ і Іван Шамякін. У гэтым артыкуле мы распавядзем пра Івана Мележа, чалавека, які стварыў самы вядомы беларускі эпас «Палескую храніку».
Біяграфія Івана Мележа
Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Глінішча (Гомельская вобласць). З дзяцінства працаваў на гаспадарчых работах — пас свіней, авечак, кароў. У 1938 годзе скончыў сярэднюю школу ў мястэчку Хойнікі. Падчас вучобы Мележ шмат малюе і ў будучыні марыць стаць мастаком.
Пасля заканчэння школы будучы народны пісьменнік спрабаваў паступіць у адзін з маскоўскіх універсітэтаў, але няўдала. Таму цэлы год ён працуе ў Хойніцкім райкаме камсамола. У гэты час шмат ездзіць па вёсках, знаёміцца з рознымі людзьмі, назірае за іх жыццём. У 1939 годзе з другой спробы паступае ў Маскоўскі інстытут філасофіі, літаратуры і гісторыі, але быў прызваны ў Чырвоную Армію. У войску, нягледзячы на забарону, піша Ваенныя дзённікі, якія ў большасці былі згубленыя пасля пачатку вайны.
У 1940 годзе ўдзельнічае ў паходах у Бесарабію і Букавіну. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ваяваў пад Мікалаевам і Растовам-на-Дану. У ліпені 1941 сур’ёзна паранены ў правае плячо пад Растовам і адпраўлены ў шпіталь у Тбілісі. У 1942 годзе скончыў курсы палітработнікаў і быў камандзіраваны ў 51-ю стралковую дывізію супрацоўнікам газеты.
Пад Растовам Іван Мележ атрымлівае другое раненне. Асколкам бомбы яму раздрабніла правае плячотак моцна, што ўсю руку хацелі ампутаваць. Але знайшоўся хірург, які выратаваў яе. Пісьменнік атрымаў інваліднасць і быў накіраваны ў Бугуруслан. З лістапада 1942 года выкладаў ваенную падрыхтоўку і завочна вучыўся на літаратурным факультэце малдаўскага педінстытута. У 1943-1944 гадах выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які знаходзіўся ў той час пад Масквой.
У 1945 завочна заканчвае філасофскі факультэт БДУ. Адначасова з вучобай працуе ў часопісе «Полымя». Скончыў аспірантуру і ўладкаваўся ў БДУ выкладчыкам беларускай літаратуры.
У 1966 годзе становіцца сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР, а ў у 1971-1974 гадах працуе намеснікам старшыні праўлення гэтай арганізацыі.
Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1967-1976). Быў старшынёй Беларускага Камітэта абароны міру, членам Сусветнай Рады міру, старшынёй праўлення Беларускага аддзялення Таварыства «Беларусь-Францыя».
Памёр 9 жніўня 1976 года ў 55 гадоў.
Творчасць Івана Мележа
У 1933 годзе Іван Мележ удзельнічае ў літаратурным конкурсе, абвешчаным часопісам «Искры Ильича». Яго апавяданне стала адным з лепшых і ў будучыні Мележ будзе распавядаць, што гэта быў яго першы літаратурны поспех.
Першы верш Мележа «Радзіме » апублікаваны ў 1939 годзе ў «Чырвонай змене». Да вайны друкаваўся ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Бальшавік Палесся» і іншых.
Першыя празаічныя творы напісаў у тбіліскім шпіталі пасля атрыманага ранення. У 1944 годзе ў газеце «Звязда» выйшла апавяданне «Сустрэча ў шпіталі». Першы зборнік апавяданняў пісьменніка «У завіруху» выйшаў у 1946 годзе. У яго ўключаны апавяданні, напісаныя падчас вайны. А ўжо ў 1948 годзе выйшаў другі зборнік — «Гарачы жнівень».
Першы буйны твор, раман «Мінскі напрамак», выдадзены ў 1952 годзе. Ён прысвечаны ваенным, а таксама пасляваенным падзеям. У 1970-я твор быў значна перапрацаваны і пашыраны. Былі больш дэталёва прапісаны характары галоўных герояў.
Спрабаваў свае сілы пісьменнік і ў драматургіі. Самая вядомая яго драма «Пакуль мы маладыя» (1956).
Цэнтральнае месца ва ўсёй творчасці Мележа займае трылогія «Палеская хроніка» («Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі. Снежань»). У трылогіі аўтар апісвае свае родныя мясціны і распавядае пра жыццё невялікай вёскі ў перыяд калектывізацыі. Самае галоўнае, што ўдалося пісьменніку ў трылогіі — раскрыць вобразы сваіх герояў. Кожны з іх па-свойму ўнікальны, са сваім характарам, і са сваімі звычкамі.
Ужо пасля смерці пісьменніка, у 1977 годзе, выйшла «Першая кніга» ў якую ўвайшлі дзённікі, а таксама публіцыстычныя нататкі Мележа часоў вайны.
Раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» былі экранізаваны на «Беларусьфильме» рэжысёрам Віктарам Туравым у 1981 і 1982 гадах адпаведна.
У 1979-1985 годзе выйшаў збор твораў пісьменніка ў 10 тамах.
Што пачытаць з творчасці Івана Мележа
Раманы:
- «Людзі на балоце»
- «Подых навальніцы»
- «Завеі, снежань»
- «Менскі напрамак»
Апавяданні:
- «У завіруху»
- Зборнік «Першая кніга: Дзённікі, сшыткі, з запісных кніжак»
П’есы:
- «Пакуль мы маладыя»
Узнагароды і памяць
У 1962 годзе за раман «Людзі на балоце» Мележ атрымаў прэмію імя Я.Коласа. А ў 1972 годзе Ленінскую прэмію за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы».
У 1976 годзе пасмяротна ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларускай ССР ім.Я. Коласа за зборнік артыкулаў «Жыццёвыя клопаты».
Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967, 1971), ордэнам Чырвонай Зоркі і ордэнам «Знак Пашаны».
У 1980 годзе Саюзам пісьменнікаў БССР была заснавана літаратурная прэмія імя Івана Мележа.
Вуліца Івана Мележа ёсць у Мінску, Гомелі, Хойніках, Лельчыцах. Да таго ж, у Гомелі імя пісьменніка носяць беларуска-славянская Гімназія №36 і гарадская бібліятэка №2. А ў Мазыры імя пісьменніка носіць гарадскі драматычны тэатр. У 2010 годзе ў Хойніках устаноўлена скульптурная кампазіцыя «По страницам произведений Ивана Мележа».
У Мінску на доме №7 па вуліцы Я.Купалы, дзе жыў Мележ, устаноўлена мемарыяльная дошка ў яго гонар.
У 1983 годзе на радзіме пісьменніка ў вёсцы Глінішча быў адкрыты прысвечаны яму музей, а таксама ўсталяваны бюст.
На Беларусьфільме двойчы здымаліся дакументальныя фільмы, прысвечаныя біяграфіі пісьменніка-у 1977 і 1990 годзе.
Літаратурныя легенды і цікавыя факты пра Івана Мележа
№1. Усе ведаюць знакаміты твор Івана Мележа «Людзі на балоце». Але мала хто пасля чытаў працяг гэтага рамана — «Подых навальніцы» і «Завеі. Сняжань». І, мабыць, яшчэ менш ведаюць, што ў «Палескай хранікі» павінна было быць не 3, А 5 раманаў! Але Іван Мележ памёр, не паспеўшы ажыццявіць задуманае. Два ненапісаныя раманы нават мелі назвы — «За асакою бераг» і «Праўда вясны». Многія крытыкі дагэтуль спрачаюцца, як павінна была скончыцца «Палеская хроніка» насамрэч. У адным з накідаў пісьменніка, пасля яго смерці, быў знойдзены фрагмент, дзе апісваецца Вялікая Айчынная вайна і Васіль Дзяцел на ёй, як ён марыць вярнуцца ў родную вёску. А вяртаючыся пасля вайны дадому бачыць, што яна спаленая.
Праўда, гэта толькі чарнавік канцоўкі кнігі. А якім бы ён быў насамрэч ніхто не ведае. І проста дзіўна, што ніхто з сучасных беларускіх пісьменнікаў не хоча пафантазіраваць на гэтую тэму. Зрэшты, маёмасныя правы на спадчыну Мележа мінаюць у 2026 годзе.
№2. Незадоўга да адпраўкі рамана «Людзі на балоце» ў выдавецтва ў кватэры Мележа адбыўся моцны пажар. І твор ледзь не згарэў.
№3. Іван Мележ вельмі адчувальна ставіўся да крытыкі ў свой адрас. Калі яго лаялі, мог папросту ўстаць і сысці, каб не слухаць гэтага. Барыс Сачанка ўспамінаў выпадак, калі Мележ пасля чарговай порцыі крытыкі ўстаў з-за стала, апрануўся і сказаў, што ў яго няма часу і ён сыходзіць. Тады Сачанка пачаў расхвальваць яго раман. І Мележ замер і стаяў так — апрануты ў верхнюю вопратку і забыўшыся, што кудысьці спяшаўся.
№4. Свае раманы Мележ пісаў па мантажным прынцыпе. Гэта значыць не па-парадку, як ідуць падзеі, а першапачаткова апісваў нейкія сцэны, а затым запаўняў прабелы паміж імі.
№5. У адрозненне ад сваіх калегаў па цэху, Мележ ніколі не баяўся распавядаць, над чым працуе. Больш за тое, ахвотна гэтым дзяліўся і глядзеў на рэакцыю слухача.
№6. Іван Мележ не любіў шумных і шматлюдных урачыстасцяў. Таму ўсе святы ў яго сям’і праходзілі ціха і спакойна, без пафасу і шуму. Нават са сваёй жонкай ён ціха пайшоў у ЗАГС і распісаўся — без шумнай імпрэзы.
№7. Родныя Мележа ўспаміналі, што ён мог гадзінамі размаўляць па тэлефоне з іншымі пісьменнікамі пра літаратуру. Абмяркоўваць творчасць любімых аўтараў, крытыкаваць нялюбых, разбіраць розныя творы. Звычайна такія шматгадзінныя гутаркі па тэлефоне пачыналіся з фразы родным: «Усё. Пайду пагавару пра літаратуру». У гэты час у кватэры панавала поўная цішыня.
№8. З запісаў Івана Мележа, чаму ён вырашыў напісаць свой раман «Людзі на балоце»: «Я нарадзіўся і вырас на Палессі. Гэты самы цудоўны край і яшчэ боль цудадзейныя яго людзі — палешукі — увайшлі ў маю свядомасць з таго часу, як я стаў помніць сябе… Я суткамі мерз у акопах, а перад маімі вачамі стаяла маё гарачае Палессе. Я месяцамі валяўся ў шпіталях — у мяне ў галавах стаялі палешукі. Я пісаў раман пра вайну — яны стаялі за маімі плячамі, хвалюючы траўні ўяўленне. I вось настойваў дзень, калі я выразна адчуў: усе, больш не магу, трэба пісаць…»