Агінскі супраць зомбі

Уладзімір Садоўскі "1813"Сучасных зомбі стварыў у 1968 годзе культавы амерыканскі рэжысёр Джордж Ромеро, стваральнік фільмаў “Ноч жывых мерцвякоў”, “Світанак мерцвякоў”, “Дзень мерцвякоў” і іншых. Паводзіны зомбі, як іх забіць, і як з імі змагацца – гэта ўсё ён. З тых часоў зомбі амаль не змяніліся. Хтосьці спрабаваў рабіць іх больш разумнымі, хтосьці – больш хуткамі. Але сутнасць у іх заставалася адна і тая ж.

У апошнія гады тэматыка зомбі зрабілася звышпапулярнай у літаратуры, кіно і камп’ютэрных гульнях. Аде да Беларусі гэтая хваля дакацілася толькі зараз. Ці, хутчэй сказаць, не хваля дакацілася, а нейкія водгукі. Бо пакуль на балансе мы маем толькі адзін значны твор.

Уладзімір Садоўскі напісаў першую ў гісторыі Беларусі навелу пра барацьбу з жывымі мерцвякамі – “1813”. Больш за тое, падыйшоў да гэтага пытання творчы і перанёс дзеянне свайго твора ў XIX век. А галоўным героем зрабіў знакамітага кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага.

Па сюжэце, у зомбі ператварылася рэштка адыходзячых французскіх войскаў. І значная іх частка апынулася недалёка ад Маладзечна, каля замка дзядзькі Агінскага.

Спачатку сюжэт твора раскручваецца павольна. Мы паспяваем даведацца крыху і пра самога кампазітара, і пра яго родных, і пра тое – адкуль жа з’явіліся зомбі. Але недзе пасля паўсотні старонак, дзеянне нечакана пачынае закручвацца так ліха, што толькі старонкі паспяваеш перагортваць. Тут і аблога замка мерцвякамі, і бой у полі паміж расійскімі вайскоўцамі і арміей мерцвякоў, і змаганне з некалькімі жывымі трупамі за сценамі замка. Улічвайце таксама, што ў гэты час не было аўтаматычнай зброі. Змагацца з зомбі прыходзілася шаблямі ды адназараднымі пісталетамі і ружжамі.

І ўсё гэты пры тым, што сам аб’ём навелы атрымаўся невялікі – 100 старонак. Аб’ём твора – гэта адначасова яго вартасць і недахоп. З аданаго боку, аўтар не напісаў нічога лішняга. Але з другога вельмі шкада, што ўсё так хутка заканчваецца. Тым больш што канчаткова перамога над мерцвякамі так і не была атрымана. Можа, нам трэба чакаць працягу твора?

А яшчэ лепш – выдання твора ў іншым фармаце. Напрыклад, у выглядзе так званага графічнага рамана. Гэты жанр зараз вельмі папулярны на захадзе. Але ў нашай краіне дагэтуль не было ніводнага графічнага рамана. А твор Садоўскага найбольш падыходзіць для ўвасаблення ў такім выглядзе – невялікі аб’ём, вострасюжэтная накіравансць, ды яшчэ і зомбі. Засталося толькі знайсці добрых мастакоў і грошы.

Што тычыцца апавяданняў з кнігі, то гэта той самы выпадак, калі цяжка сказаць – што ж лепш: галоўны твор ці гэтыя пяць апавяданняў. Усе яны атрымаліся вельмі рознымі. Тут і гісторыя пра іншапланетніка ў Старажытным Рыме, і постапакаліпсіс, і гісторыя нараджэння кілера з таленавітага музыкі. І шмат чаго яшчэ.

Фантастычныя апавяданні па стылі вельмі нагадалі такіх славутых пісьменнікаў, як Роберт Шэклі і Харлан Элісан. Ад першага ў іх арыгінальныя сюжэты, а ад апошняга агульная песімістычнасць. Але галоўнае – іх вельмі цікава чытаць.

Некалі, яшчэ ў падлеткавым узросце, мне давялося прачытаць фантастычную анталогію “Продается планета”, у якую ўвайшлі творы Шэклі, Азімава, Саймака, Брэдберы, Ванегута, ван Вогта ды іншых пісьменнікаў. І сярод усіх гэтых знакамітых імёнаў, творы Садоўскага выглядалі б не горш за іншыя апавяданні.

У будучым было б вельмі цікава прачытаць фантастычны твор Уладзіміра Садоўскага вялікага аб’ёму. А таму будзем чакаць. І яшчэ раз павіншуем пісьменніка з выдатным літаратурным дэбютам.

HVALI.BY