Анка Упала “На заснежаны востраў” — рэцэнзія

Анка Упала На заснежаны востраў”

Ці марыце вы патрапіць у Скандынавію? Я вельмі цеплалюбівы чалавек, але ўсё роўна мару. Нарвегія, Швецыя, Фінляндыя… Гэтыя краіны заўсёды прыцягвалі мяне, ад старажытных гісторый пра вікінгаў да сучасных літаратуры і кінематографа. Апошнім часам знаёмлюся са скандынаўскай культурай у вялікай колькасці, а з новай кнігай Анкі Упалы з’явілася магчымасць паглядзець на Швецыю вачыма беларускі.

Пісьменніца і перакладчыца Анка Упала (псеўданім Алены Казловай) два семестры жыла ў Швецыі і вучыла шведскую мову. Сваім невялікім дзённікамі, створаным у Швецыі, яна падзялілася з чытачамі. Складана дакладна акрэсліць жанравую прыналежнасць твора, бо гэта і дзённік, і падарожныя нататкі, і эсэ. Алена не толькі дзеліцца асаблівасцямі побыту ў іншай краіне, апісвае сваю спробу інтэграцыі ў шведскае грамадства і параўноўвае яго з беларускім, але і паказвае людзей іншых нацыянальнасцяў, якія акружаюць яе ў гэтай школе для дарослых, дзеліцца думкамі на розныя тэмы.

Напрыклад: ✔“Як выгадаваць тэрарызм? Пагарджай і ізалюй. А далей пачакай, пакуль прыйдзе нехта з даступнай ідэяй таго, як пагарджанаму здабыць годнасць, як больш не быць зняважаным і самотным. І тады можаш пачынаць баяцца яго.”✔

Чытаць пра іншыя краіны вельмі цікава, бо хоць там і жывуць такія ж людзі, як мы, усё ж такі знойдуцца асаблівасці характару, менталітэту, якія нас здзівяць, а часам і шакуюць. Ну і цікава даведвацца новае пра розныя краіны. Напрыклад, зімой у Швецыі нельга выйсці на лёд без спецыяльнага ратавальнага камплекта на шыі. Зімой беларусы перабягаюць раку Свіслач па лёдзе ад Палаца спорту да Траецкага прадмесця, не задумваючыся аб бяспецы.

Кніга апынулася мне блізкай, бо я месяц правяла ў падобнай моўнай школе (у 2014 годзе вучылася ў польскай летняй школе ў Любліне). Хоць палякі нам крыху бліжэй, чым шведы, але вопыт усё роўна быў цікавы і карысны. Аўтарка не проста вывучае іншую краіну, яе жыхароў і асаблівасці, але разам з тым рэфлексуе і спрабуе ідэнтыфікаваць сябе і акрэсліць сваё месца ў свеце.

Мая адзнака, усё ж, не самая высокая, але выключна праз мае адносіны да падобных жанраў у літаратуры.

4 из 5

Bookvajed

 
HVALI.BY