Беларускія словы. «Ушчуваць»

Ушчуваць

Працягваем публікаваць матэрыялы з газеты «Вечерний Минск» з рубрыцы «Беларускае слоўка». На гэты раз мы напiшам пра беларускае слова «ушчуваць».

УШЧУВАЦЬ

І хоць ён не зусім дакладна перадае сутнасць нашага правапісу, аднак у дачыненні да слоўка ўшчуваць падыхо­дзіць, як кажуць, на ўсе сто. Як і для падобных па структуры лексічных адзінак, дзе ў корані пры адсутнасці праверкі моцнай пазіцыяй (тыпу пясчаны — пясок) спалучэнне шч пішацца, як чуе вуха: аблашчыць, ашча­джаць, ашчадна, блішчэць, заплюшчыць, пашчасціць, пяшчотны і г. д. Услухайцеся, напрыклад, у гучанне фразы з верша Т. Бондар і прааналізуйце напісанне: «Я выпешчу, выпушчу ў ранак вясновы, / Як птушак душы запаветныя словы».

Лексічнае значэнне гэтага слоўка — уздзейнічаць на чалавека, дакараючы, папракаючы за што-небудзь: «Піліп, адарваўшыся ад работы, пачаў ушчуваць малодшага брата за свавольства і гультайства» (Э. Ажэшка) «Немалаважным з’яўляецца ўменне спачатку выслухаць работніка, а затым ушчуваць». Найбольш блізкія рускамоўныя адпаведнікі яму — журить, укорять; вразумлять; наказывать: ушчуваць дзяцей — отчитывать детей.

Актыўнасць функцыянавання слоўка ўшчуваць у беларускай мове высокая. Ад яго ўтвараюцца новыя лексемы: ушчуванне — спагнанне, дакор, папрок, ушчунак — пакаранне, спагнанне; дакор, папрокі — у складзе фразеалагізма ўшчунку няма (пагібелі няма) , па-руску — пропасти нет. У форме закончанага трывання для абазначэння аднаразовасці дзеяння яно можа мець варыянтнае напісанне і вымаўленне: ушчунуць і ўшчуць (безсуфікса -ну-). 

Здзіўляе толькі адно. Гэтае мілагучнае слоўка, што дэманструе поўную адпаведнасць паміж вымаўленнем і напісаннем, у законе «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», прынятым у 2008 го­дзе, аднесена да выключэнняў: «Спалучэнні літар сч, сш, сшч, зж, здж на стыку прыстаўкі і кораня перадаюцца нязменна (не па вымаўленні): расчахляць, расчэсваць, расчыніць, счысціць, счапіць, счэп, усчаць… Выключэнні: нашчадкі, рашчыніць (паставіць цеста) , ушчуваць, ні­шчымны… » Так і хочацца запытацца: выключэнні з чаго? У прыведзеных «выключэннях» прыставак няма!

Крыўдна, што і ў школьных падручніках сярод спісу слоўнікавых слоў, гэта значыць тых, якія варта запомніць, фігуруе і слоўка ўшчуваць, а аматары беларускай мовы ў сваіх блогах і чатах прапануюць уключыць яго ў тэставую фразу для праверкі граматнасці. Атрымліваецца, мы, носьбіты беларускай мовы, самі прывучаем сябе да думкі, што самабытныя рысы нашага вымаўлення і правапісу — гэта выключэнні, бо яны супярэчаць прынцыпам рускага пісьма… Такога быць не павінна! Сваё зберагаць — жыццё прадаўжаць!

Уладзімір КУЛІКОВІЧ

Іншыя словы з рубрыкі вы можаце паглядзець па тэгу БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА

HVALI.BY