Ева Вежнавец «Па што ідзеш, воўча» — рэцэнзія

Па што ідзеш воўчаЯшчэ больш рэцэнзій і навін пра беларускую літаратуру чытайце:

      

Калі існуе ў свеце якая магія, то дакладна кніжная, і ёй можна вытлумачыць здольнасць некаторых твораў зачароўваць. Калі ты знаходзіш сябе з кнігай у руках у куточку кватэры, а вусны прагаворваюць тэкст, нібы замову. Так і чытаецца новая кніга Евы Вежнавец: на адным дыханні, як замова. Замова ад страху, ад гістарычнага бяспамяцтва.

Сюжэт апісваецца адным сказам: алкагалічка Рына вяртаецца ў Беларусь на пахаванне бабкі, дзе яе ўжо чакаюць цені мінулага. Можна збегчы ад іх у іншую краіну, але прыйдзе час, калі яны паклічуць цябе. Тыя ж цені мінулага накрываюць і чытача, а далей пачынаецца самае сапраўднае чараўніцтва. Жанр «балотная казка» ў анатацыі пазначаны не проста так. Гэта не толькі пра сюжэт, але і пра здольнасць кнігі засмоктваць у сябе. Як вір памяці ў серыі кніг пра Гары Потэра. Зазірнуў у кнігу — і знік там з галавой.

Колькі ў Беларусі такіх бабак, як Рыніна, унутры якіх тоіцца цэлы свет, якія хаваюць у сабе сапраўдныя метафізічныя скарбы. Шаптухі, варажбіткі, вядзьмаркі — гэта багаты культурны пласт нашай краіны, які толькі і чакае ўдзячных слухачоў і чытачоў. У новай кнізе Ева Вежнавец дае ім слова.

І мова. Зразумела, што ніякай магіі не адбудзецца без мовы, без удалага выбару і спалучэння слоў. Ева Вежнавец выкарыстоўвае мову роднай Любаншчыны, мясцін, дзе расла, выхоўвалася, і гэта працуе выключна на карысць твора.

З маіх суб’ектыўных мінусаў — малы аб’ём кнігі. Але, магчыма, у большым памеры цяжэй вытрымаць гэты канцэнтраваны тэкст, поўны пакут. У канцы больш доўгай кнігі давядзецца вынырваць з большай глыбіні. Мяркую, што часам сапраўднае мастацтва акурат хаваецца ў тым, каб сказаць многае ў малым.

Ведаю, што многім цяпер няпроста ўвогуле чытаць, тым больш нешта не надта пазітыўнае, але гэтую кнігу варта прачытаць, калі вас хвалюе бягучы беларускі літаратурны працэс.

4,5 из 5 оценка

Bookvajed

HVALI.BY