Зараз рыхтуецца да выдання цыкл твораў Святланы Алексіевіч «Галасы утопіі», у які ўваходзяць 5 кніг — «У вайны не жаночы твар», «Чарнобыльская малітва», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі» і «Час сэканд-хэнд». Дапамагчы ў выданні кніг, а таксама стаць адным з першых абладальнікаў збору твораў можна з дапамогай краўдфандынгавай кампаніі на сайце Ulej.
Упершыню ўсе творы нобелеўскай лаўрэаткі па літаратуры будуць выдадзены на беларускай мове цалкам, без цэнзуры. А перакладчыкамі кніг сталі вядомыя беларускія пісьменнікі — Уладзімір Арлоў, Сяргей Дубавец, Валянцін Акудовіч, Андрэй Хадановіч і Барыс Пятровіч. Ініцыятарам кампаніі стаў выдавец Ігар Логвінаў.
Ужо сабрана больш за 50% неабходных сродкаў — 21158 з 40000 рублёў. Завяршыцца краўдфандынгавая кампанія 20 красавіка.
Да акцыі далучыўся таксама і Белгазпрамбанк. Банк размесціць заказ на выданне дадатковага тыража 5-томнага збору твораў, які будзе бязвыплатна перададзены ва ўсе абласныя і раённыя бібліятэкі нашай краіны. Такім чынам кожны жыхар гэтых населеных пунктаў зможа прачытаць творы першай беларускай нобелеўскай лаўрэаткі.
Таксама Белгазпрамбанк плануе арганізаваць у кожным з абласных гарадоў творчыя сустрэчы са Святланай Алексіевіч.
А вось што адзначыў старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка: «Рэалізацыя гэтага праэкта дае нам шанец не паўтараць памылак мінулых гадоў, калі лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па літаратуры былі ня прызнаны і асуджаліся ў роднай краіне, а ў наступным пакаленні перад імі каяліся і іх працы ўключаліся ў школьныя праграмы (Бунін, Пастэрнак, Салжаніцын, Бродскі) . Мы перакананыя, што любая краіна і яе народ павінны ганарыцца дасягненнямі ў інтэлектуальнай сферы не меньш, чым у спорце і працы. Таму мы хочам, каб і цяперашняе, і будучыя пакаленні беларусаў мелі магчымасць дакрануцца да прыгожага ў любым пункце незалежна ад тэхнічных магчымасцяў».
Плануецца што тыраж кніг будзе выдадзены ў канцы траўня 2018 года, напярэдадні 70-годдзя пісьменніцы. Далучыцца да гэтай кампаніі і атрымаць свой камплект з 5 кніг можа кожны з нас.