Максім Танк атрымаў званне народнага паэта ў адзін год з Аркадзем Куляшовым — 1968. Наўрад ці знойдзецца хоць адзін беларус, які б не чуў яго імя. Але вось калі пачынаеш пытацца пра яго творчасць, у людзей адразу ўзнікаюць цяжкасці. Наўрад ці многія змогуць працытаваць хоць адзін яго верш на памяць.
Біяграфія Максіма Танка
Яўген Іванавіч Скурко (у будучым народны пісьменнік БССР – Максім Танк) нарадзіўся 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына (Мінская вобласць) у сялянскай сям’і. У 1914 годзе яго сям’я з-за першай сусветнай вайны вымушана была эміграваць і пасяліцца ў статусе бежанцаў у Маскве. Па шчаслівым супадзенні яны цудам сустрэліся з бацькам Танка Іванам Фёдаравічам. Ён быў дэмабілізаваны і працаваў на адным з маскоўскіх заводаў. Так сям’я ўз’ядналася. Менавіта ў Маскве будучы паэт пайшоў у школу і палюбіў паэзію.
У 1922 годзе ў Маскве быў моцны голад і сям’я Скурко вырашыла вярнуцца ў родную вёску, каб самім вырошчваць хлеб. Іх дом захаваўся — увесь гэты час там жыў дзед будучага паэта Фёдар Скурко. У 1923 годзе Яўген паступіў у пачатковую польскую школу, а затым, у 1926 — у рускую прыватную гімназію. Аднак польскія ўлады закрылі яе праз 2 гады. І далейшую адукацыю Максім Танк атрымоўваў у іншай навучальнай установе — беларускай гімназіі ў Радашковічах. Яна знаходзілася далёка ад дома, затое там вялося выкладанне на беларускай мове. У Радашковічах паэт уступіў у камсамольскую арганізацыю і за ўдзел у страйку, арганізаванага гімназістамі ў 1929 годзе, ён быў адтуль адлічаны. Пасля гэтага нядоўга вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, але быў адлічаны за вальнадумства і непаслушэнства.
З-за гэтыз здарэнняў малады Скурко апынуўся ў Віленскай рускай гімназіі імя А.С.Пушкіна. Там, разам са сваім аднакласнікам выдаў рукапісны часопіс «Пралом». Тут будучы паэт апублікаваў свае першыя вершы пад псеўданімам «А.Граніт». На жаль, першы нумар часопіса быў выпушчаны ўсяго ў 2 экзэмплярах і ні адзін з іх не захаваўся. Другі нумар часопіса «Пралом» быў выпушчаны большым накладам — 500 асобнікаў. І там «А.Граніт» зноў апублікаваў свае вершы.
7 красавіка 1932 года Яўген Скурко публікуе ў газеце «Беларускае жыццё» верш «Заштрайкавалі гіганты-коміны» пад псеўданімам, які ў хуткім часе стане вядомы ва ўсёй Беларускай ССР — Максім Танк. Як бачым, паэт ніколі не саромеўся гучных мянушак — спачатку Граніт, потым Танк. Дарэчы, існуе меркаванне, што нават імя «Максім» — сімвалічна. Ад лацінскага слова «максімум». Гэта значыць, самы вялікі танк.
27 красавіка 1932 года за ўдзел у выданні першага (і адзінага) нумара беларускага літаратурна-палітычнага «Часопіса для ўсіх», а таксама за падпольную камуністычную дзейнасць, Танка арыштоўваюць і садзяць у Віленскую турму Лукішкі. Праз месяц ён выйшаў на волю.
Увосень 1932 пераходзіць савецка-польскую мяжу і накіроўваецца ў Мінск. Тут яго арыштоўваюць і два тыдні трымаюць пад вартай. Вядуць допыты, праводзяць «сяброўскія гутаркі». Пасля гэтага маладога паэта дэпартуюць. Па некаторых меркаваннях — для працягу падрыўной дзейнасці, па іншых — з-за недаверу.
Пасля вяртання ў Польшчу, працуе ў ЦК камсамола інструктарам. Неаднаразова затрымліваецца польскімі ўнутранымі органамі. Сукупна адседзеў у турме каля 2 гадоў.
У канцы 1933, знаходзячыся ў чарговым зняволенні ў турме Лукішкі, сумесна з іншымі зняволенымі выдаў часопіс «Краты». У ім былі апублікаваныя вершы Танка і іншых паэтаў, якія знаходзіліся ў турме. Пасля 1935 года вядзе беларускамоўную калонку ў польскім часопісе «Poprostu», а таксама літаратурную ў газеце «Наша воля». Супрацоўнічае і з іншымі беларускімі выданнямі Польшчы.
Што характэрна, у сям’і ў Танка тэму палітыкі ніколі не ўздымалі. Яго бацька быў заможным селянінам ці, прасцей кажучы, «кулаком». Па ўспамінах сына Максіма Танка, яго бацька практычна заўсёды насіў з сабой зборнік вершаў Маякоўскага. Ён лічыў яго адным са сваіх самых любімых паэтаў і ведаў на памяць практычна ўсю творчасць.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР працуе ў сектары нацыянальных школ Вілейскага раёна, а таксама ў газеце «Вілейская праўда» ў аддзеле культуры.
Нягледзячы на тое, што сам Танк быў вядомы як заўзяты камуніст, пасля далучэння да СССР над ім навісла пагроза рэпрэсій. У першую чаргу ён успрымаўся як паэт, выхаваны ў краіне капіталізму. У доме паэта заўсёды меўся «мяшок з сухарамі», на выпадак арышту. Нягледзячы на практычна бездакорную рэпутацыю камуністычнага пісьменніка за Танкам нярэдка прыязджала машына НКВД ад Лаўрэнція Цанавы (кіраўніка Дзяржбяспекі БССР, якога называлі беларускім Берыя). Яны ехалі да яго і гулялі ў більярд. Менавіта падчас гэтай гульні праводзілася «размова». Сям’і народны паэт прызнаваўся, што ніколі абыграць Цанаву не мог, таму што ў яго трэсліся рукі, калі ён трымаў кій.
Вядома таксама, што савецкая ўлада, яшчэ падчас жыцця Танка ў Заходняй Беларусі, арганізавала на яго замах. На явачнай кватэры знаходзіўся кілер, але паэт не змог у той дзень трапіць на спатканне с ім. Гэта выратавала яму жыццё. Даведаўся ён пра гэта нашмат пазней, калі падчас аднаго са сваіх выездаў у Канаду сустрэў таго самага чалавека, які павінен быў яго забіць.
Падчас вайны Яўген Скурко працуе ў франтавым друку — у газеце «За Савецкую Беларусь», агітплакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну».
У 1945-1948 гадах працаваў рэдактарам сатырычнага часопіса «Вожык». У 1948-1966 гадах — галоўным рэдактарам літаратурнага часопіса «Полымя». У 1966 пераходзіць на працу ў Саюз пісьменнікаў БССР. З 1966 да 1971 працуе там першым сакратаром праўлення, а з 1971 да 1990 — старшынёй праўлення.
Актыўна праяўляе сябе і ў грамадска-палітычным жыцці. З 1965 да 1971 года — старшыня Вярхоўнага Савета БССР. З 1969 года — дэпутат Вярхоўнага Савета СССР.
У канцы жыцця быў усімі забыты. Наведвалі яго толькі сябры-пісьменнікі, чыноўнікам народны паэт быў нецікавы. Цяжка хварэў, але стараўся лішні раз не звяртацца па дапамогу. Па ўспамінах сына, не раз казаў, што калі чалавек выходзіць на пенсію, то становіцца нікому не патрэбны.
Максім Танк памёр у Мінску ў 1995 годзе, у адзін год са сваёй жонкай. Пахаваны ў роднай вёсцы. Быў супраць узвядзення над яго магілай помніка. Над іх з жонкай магілай стаяць два звычайных металічных крыжа, адзін крыху вышэй за іншы.
Асобна хочацца адзначыць асабістыя якасці Максіма Танка. Самае галоўнае — сціпласць. Пісьменнік не любіў помпу і не выкарыстоўваў службовае становішча. Калі ён быў старшынёй Вярхоўнага Савета БССР за ім была замацавана персанальная машына, але ён рэдка ёй карыстаўся нават у службовых мэтах, аддаючы перавагу грамадскаму транспарту. Пісьменнік ня піў і не курыў, з ежы больш за ўсё любіў сала, лук і малако.
Быў майстрам на ўсе рукі — па гаспадарцы і ў кватэры рабіў працу сваімі рукамі. А ў вёсцы плёў кошыкі з кораня хвоі. Яны былі настолькі шчыльнымі, што не прапускалі нават ваду.
Яшчэ адна якасць Максіма Танка — ён не дзяліў свет на дрэнных і добрых людзей. Да ўсіх ставіўся аднолькава. Нават тых, хто пісаў на яго даносы, называў добрымі людзьмі. Не верыў у бога.
Дрэнна ставіўся да заняпаду беларускай мовы, але ў жыцці размаўляў на той мове, на якой з ім гаварыў суразмоўца. Акрамя беларускай таксама добра ведаў польскую мову.
Заўзяты гулец у прэферанс. Часта мог гуляць некалькі сутак са сваімі сябрамі. Вядомы выпадак, калі Танк ехаў у Маскву і апынуўся ў адным купэ з трыма генераламі. Тыя доўга ўгаворвалі згуляць яго ў карты, а ў канцы паездкі ім прыйшлося пазычаць у яго грошы — народны паэт БССР ушчэнт разграміў іх.
Развал Савецкага Саюза Максіма Танк успрыняў негатыўна. Казаў, што ўся Еўропа аб’ядноўваецца а мы, наадварот, распадаемся.
Творчасць Максіма Танка
Вершы Максім Танк пачаў пісаць даволі позна — пасля 1925 года. А ўпершыню апублікаваў іх у 1932 годзе — у Львоўскай газеце «Беларускае жыццё» з’явіўся верш «Заштрайкавалі гіганты-коміны».
У 1935 годзе Танк пачынае пісаць першую паэму — «Нарач». Натхняўся ён Нарачанскай забастоўкай рыбакоў, якім забаранілі лоўлю рыбы на возеры. Паэма друкавалася ў часопісе «Калосьсе». Паэт стараўся выразаць вострыя моманты, але нягледзячы на гэта частка накладу часопіса з паэмай усё роўна была канфіскавана. Цалкам тэкст паэмы ўдалося надрукаваць толькі ў 1940 годзе.
Першы зборнік вершаў Танка «На этапах» выйшаў у 1936 годзе ў Вільні. Аднак яго наклад быў канфіскаваны. У 1937 паэт выпускае другі зборнік — «Журавінавы колер», а ў 1938 трэці – «Пад мачтай». Так Максім Танк стаў адным з самых пладавітых паэтаў Заходняй Беларусі. Гэта хутка заўважылі. Імя Танка пачынае часцей згадвацца ў друку БССР. Яго называюць нацыянальным змагаром, самым яркім паэтам Заходняй Беларусі.
Цэнтральнае месца ў творчасці займае філасофская лірыка, але ў людзей большай папулярнасцю карыстаюцца сатырычныя творы Танка.
Падчас вайны піша паэму на ваенную тэму «Янук Сяліба» (1943), а таксама зборнікі вершаў «Вастрыце зброю» і «Праз вогненны небасхіл» (абодва — 1945). Яны прысвечаны барацьбе з нацысцкімі захопнікамі.
Ваенная тэма была працягнута і ў зборніках «Каб ведалі» (1948), «На камяні, жалезе i золаце» (1951) і «У дарозе» (1954). Хоць у гэтых зборніках сустракаліся годныя творы, у цэлым іх можна назваць слабымі, што адзначаў і сам Танк.
Таксама ў пасляваенны перыяд Максім Танк пачынае пісаць казкі – выходзяць кнігі «Ехаў казачнік Бай» (1955), «Конь і леў» (1955), «Казкі. Легенды» (1960) і іншыя.
Пасля кароткага перыяду зацішша выходзяць зборнікі «Мой хлеб надзённы» (1962), «Глыток вады» (1964), «Перапіска з зямлёй» (1967), «Хай будзе святло» (1972), «Дарога, закалыханая жытам» (1976), «Прайсці праз вернасць» (1979), «За маім сталом» (1984) і іншыя. Менавіта яны падарылі паэту ўсенародную любоў і павагу. Апошні свой зборнік пісьменнік выпусціў за год да смерці, ў 1994 — «Мой каўчэг».
У 1970 годзе Народны паэт выпусціў кнігу-дзённік «Лісткі календара» са сваімі ўспамінамі.
Перакладаў на беларускую мову з рускай, украінскай, польскай, літоўскай, латышскай, балгарскай моў.
У 2006-2012 гадах выйшаў збор твораў Максіма Танка ў 13 тамах.
Дарэчы, вершы Максім Танк мог пісаць практычна ўсюды. У яго з сабой заўсёды былі нататнік і ручка. Ён мог у адзін час чысціць бульбу, а потым сядаў і пісаў вершы, прыходзілі дзеці — пачынаў з імі гуляць, а потым зноў пісаў.
Узнагароды і памяць. Уладальнік Сталінскай прэміі другой ступені 1948 года за зборнік вершаў «Каб ведалі», у 1966 годзе атрымаў прэмію імя Янкі Купалы за зборнік «Мой хлеб надзенны», уладальнік Ленінскай прэміі 1978 года за зборнік вершаў «Нарачанскія сосны», уладальнік прэміі імя Фадзеева 1980 года за кнігу «Прайсці праз вернасць».
Герой Сацыялістычнай Працы (1974), узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны II ступені, ордэнам Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны.
Узнагароджаны ордэнам Адраджэння Польшчы IV.
Імем Максіма Танка названы Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Вуліцы Танка ёсць у Мінску і іншых населеных гарадах Беларусі.
Што пачытаць з творчасці Максіма Танка
Пачынаць варта з ранняга, да савецкага Танка, а потым паступова пераходзіць і да іншых яго твораў.
Літаратурныя легенды пра Максіма Танка
№1. На аснове сваёй паэмы «Нарач» Танк напісаў кінасцэнарый «Бура над Нараччу». Але падчас вайны ён быў згублены. Сам паэт з сумам успамінаў пра гэта, распавядаў сваім сябрам. Па іроніі лёсу аказалася, што тэкст не страчаны. Усе гэтыя гады ён захоўваўся ў Нацыянальным архіве Беларусі. І некалькі гадоў таму, пры правядзенні вопісу, яго знайшлі. Прызначаўся ён для кінастудыі «Савецкая Беларусь». Сёння, калі чытаеш сцэнар, ён здаецца занадта наіўным, простым, ды яшчэ і з камуністычным ухілам. Але калі б яго знялі ў 30-я ці 40-я гады, ён бы годна глядзеўся на фоне іншых беларускіх карцін.
№ 2. Максім Танк быў вялікім аматарам малака. Вядомы такі выпадак — аднойчы ён хадзіў па рынку і ўбачыў жанчыну, якая прадае малако ў трохлітровых слоіках. Ён падышоў, спытаў колькі каштуе, дамовіліся аб цане. Але жанчына кажа — хочаш купіць малако, дай свой слоік на замену. А трохлітровыя банкі тады былі ў дэфіцыце і ў паэта з сабой не было іншай. Таму ён узяў трохлітровы слоік малака, заплаціў жанчыне, усё малако залпам выпіў і аддаў назад слоік.
№3. Сястру Максіма Танка Веру разам з двухгадовым сынам забілі падчас вайны партызаны, якія чамусьці вырашылі, што яна хавае золата. Прычым забілі з асаблівай жорсткасцю — сякерамі, каб не марнаваць патроны і не шумець.