Штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1994 годзе беларускім ПЭН-цэнтрам. Традыцыйна ўручаецца за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, што спрыяюць абуджэнню гістарычнай свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў. Назву атрымала ў гонар беларускага паэта, аднаго з пачыналньікаў сучаснай беларускай літаратуры Францішака Багушэвіча.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 1995 года — Кастусь Акула за кнігу “Змагарныя дарогі”
Анатацыя да кнігі “Змагарныя дарогі”: Раман вядомага пісьменніка беларускага замежжа Кастуся Акулы прысвечаны лёсу Беларусі і беларусаў у гады другой сусветнай вайны, віхура якой на паўстагоддзя разлучыла аўтара з Бацькаўшчынай. Камусьці яго погляды і ацэнкі могуць здавацца спрэчнымі, але ў любым выпадку чытачу будзе цікава пазнаёміцца са сведчаннямі чалавека, што бачыў вайну знутры і заслужыў за барацьбу з гітлераўцамі баявыя ўзнагароды.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 1996 года — Уладзімір Арлоў
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 1997 года — Лявон Баршчэўскі за пераклад выбраных апавяданняў Франца Кафкі (“Прысуд”), укладанне хрэстаматыі “Літаратура народаў свету”
Анатацыя да кнігі «Прысуд»: У зборнік малой прозы «Прысуд» аўстрыйскага пісьменніка Ф. Кафкі (1883-1924) увайшлі яго найлепшыя творы, у якіх па-мастацку адлюстраваны пэўныя аб’ектыўныя жыццёвыя працэсы, з’явы і канфлікты рэчаіснасці пачатку XX стагоддзя.
Аляксандар Лукашук за кнігі “За кіпучай чэкісцкай работай” і “Філістовіч. Вяртанне нацыяналіста”
Анатацыя да кнігі “За кіпучай чэкісцкай работай”: Сцэны з жыцьця катаў — вынiк шматгадовага архiўнага пошуку, у якiм праз iронiю дакумэнта дасьледуецца ўнутранае жыцьцё НКВД, мэханiзмы цэнзуры i драма сучаснага маральнага выбару, адкрываюцца невядомыя старонкi нацыянальнай трагедыi.
Анатацыя да кнігі “За кіпучай чэкісцкай работай”: Кнігу беларускага пісьменніка і публіцыста, дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука склалі дакументальныя даследаванні беларускай гісторыі XX стагоддзя. Тоўсты фаліянт змяшчае адразу пяць кніг, выдадзеных у розныя часы, пяць дакументальных даследаванняў савецкага перыяду гісторыі.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 1998 года — Сяргей Ёрш за кнігу “Вяртанне БНП”
Анатацыя да кнігі “Вяртанне БНП”: Гісторыкі, якія працуюць з тэмамі забароненымі для вывучэньня ў савецкія часы сутыкаюцца з вялікімі цяжкасьцямі – асноўныя крыніцы інфармацыі знаходзяцца зў засакрэчаных архівах, у якія няма доступу кожнаму, хто пажадае. Хаця некаторыя дыкумэнты ўзьнікалі і ў выданьнях савецкага часу, але зь вядомых прычынаў, яны былі пададзеныя адпаведна прапагандысцкім мэтам зь якімі яны публікаваліся. Такім чынам, адна са старонак гісторыі беларускага антысавецкага супраціву амаль была схаваная ад грамадзтва. Беларуская Незалежніцкая партыя пра якую піша аўтар, як раз і ёсьць той старонкай гісторыі, якую так доўга намагаліся схаваць ад беларусаў. Менавіта з гэтай партыяй зьвязаны найбольш значны супраціў саветам. На працягу некалькіх гадоў у Беларусі ішло змаганьне БНП і КДБ, пры чым замганьне вялося зь пераменным посьпехам. Сяргей Ёрш грунтуючыся на тых скупых дамэнтальных зьвестках, якія прасачыліся са спэцсховішчаў, дадаўшы да таго сьведчаньні жывых людзей, а таксама эміграцыйных крыніцаў – спрабуе вярнуць у гістрычную памяць беларусаў Беларускую Незалежніцкую Партыю – арганізацыю, якая стала сымбалем і рухавіком змаганьня за вольную і незалежную Беларусь.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 1999 года — Вячка Целеш за кнігу “Гарады Беларусі на старых паштоўках”
Анатацыя да кнігі “Гарады Беларусі на старых паштоўках”: Паштоўкі з відамі беларускіх гарадоў, пераважна губернскіх, пачалі выдавацца ў 90-ых гадах мінулага стагоддзя. А на пачатку ХХ стагоддзя ў іх знайшлі адлюстраванне і павятовыя гарады. Выданнем паштовак у той час займаліся ўладальнікі кніжных магазінаў і магазінаў пісьмовых тавараў, нават тытунёвых і галантарэйных, а таксама фотаатэлье, друкарняў і літаграфій. Выходзілі яны ў буйных выдавецтвах Вільні, Масквы, Пецярбурга, Стакгольма, Берліна і іншых гарадоў. Набыць іх можна было ў кнігарнях, кіёсках, на складах выдавецкіх фірм, у магазінах і фотаатэлье.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2001 года — Алесь Белы за кнігу “Хроніка Белай Русi. Chronicon Russiae Albae. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы”
Анатацыя да кнігі “Хроніка Белай Русi”: Алесь Белы, бадай, адзіны гісторык і даследчык, які найбольш грунтоўна падышоў да справы вызначэння паходжання назвы Белая Русь. На сённяшні дзень аўтар распрацаваў 12 розных тэорый, якія вылучаны як расейскімі, так польскімі і беларускімі гісторыкамі. Пачаў сваё даследаванне з аналізу старажытных мапаў, якія складаліся яшчэ ў часы Сярэднявечча, бо менавіта па мапах магчыма прасачыць пачатак назвы. Доследы і меркаванні аўтара, базуючыся на рознабаковых крыніцах, сцвярджаюць архаічнасць і старажытнасць назвы Белая Русь.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2002 года — Андрэй Катлярчук за кнігу “Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў”
Анатацыя да кнігі “Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў”: Кніга апісвае гісторыю беларуска-швэдзскіх дачыненьняў зь Сярэднявечча і па сёньняшні дзень. Шырока асьвятляюцца пытаньні, якія дагэтуль не атрымалі належнага разгляду – швэдзкага культурнага ўплыву на старажытнае Полацкае княства, характару гаспадарчай дзейнасьці вікінгаў на старажытных беларускіх землях, падзеяў Вялікай Паўночнай вайны на тэрыторыі нашай краіны.
Ніна Стужынская за кнігу “Беларусь мяцежная. З гісторыі антысавецкага ўзброенага супраціву 20-х гадоў”
Анатацыя да кнігі “Беларусь мяцежная”: Кніга «Беларусь мяцежная» прысвечана малавядомым падзеям беларускага супраціву — гісторыі Слуцкага паўстання, дзейнасці антысавецкай партызанкі ў 20-я гады мінулага стагоддзя, а таксама выбітным асобам таго часу. Выданне другое, папраўленае.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2003 года — Захар Шыбека за кнігу “Нарыс гісторыі Беларусі 1795—2002”
Анатацыя да кнігі “Нарыс гісторыі Беларусі 1795—2002”: Сціслы сінтэтычны выклад гісторыі Беларусі ад канца XVIII ст. да 2002 года. Падзеі дзяржаўна-палітычнага і грамадскага жыцця краіны паказаны ў сувязі з агульнаеўрапейскім кантэкстам, асаблівая ўвага нададзеная тым аспектам беларускага мінулага, асвятленне якіх найбольш цярпела ад ідэалагічных установак старой гістарыяграфіі.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2004 года — Аляксандр Надсан за кнігу “Біскуп Чэслаў Сіповіч: святар і беларус”
Анатацыя да кнігі “Біскуп Чэслаў Сіповіч: святар і беларус”: Кніга айца Аляксандра Надсана прысвечана жыццю і дзейнасці першага беларускага грэка-каталіцкага біскупа XX стагодзьдзя Чэслава Сіповіча (1914-1981). Дзейнасьць святара дэталёва разглядаецца на фоне рэлігійных, культурных і палітычных падзеяў у сьвеце, асабліва тых, што датычылі беларусаў.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2006 года — Леанід Маракоў за кнігу “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі 1794—1991”
Анатацыя да кнігі “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі 1794—1991”: У трохтомным энцыклапедычным даведніку, які падрыхтаваў Леанід Маракоў, прыводзяцца біяграфіі або кароткія звесткі пра літаратараў, навукоўцаў, работнікаў асветы, грамадскіх і культурных дзеячаў Беларусі, якіх рэпрэсавалі ўлады царскай Расіі і савецкай дзяржавы, даваенны польскі, фашысцкі і іншыя рэжымы. Пра шмат каго з пакутнікаў расказваецца ўпершыню. Даведнік разлічаны як на спецыялістаў-гуманітарыяў, так і на выкладчыкаў, студэнтаў, краязнаўцаў, самыя шырокія колы чытачоў.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2009 года — Кастусь Тарасаў за актыўную і плённую працу ў галіне гістарычнай прозы і эсэістыкі, што спрыяе фармаваньню сучаснай нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2010 года — Вольга Бабкова за кнігу “…І цуды, і страхі”
Анатацыя да кнігі “…І цуды, і страхі”: Пад адной вокладкай сабраныя гістарычныя эсэ Вольгі Бабковай, друкаваныя ў розныя часы ў газеце “Наша Ніва”. Аўтарка не імкнецца вытлумачыць жыццё людзей позняга Сярэднявечча і пачатку Новага Часу, адно спрабуе адчуць колеры і смакі самога тагачаснага жыцця. Праца са старажытнымі дакументамі дала магчымасць адгукнуцца ўласным голасам на “экзістэнцыяльнае рэха”, якое паўстае паміж часам цяперашнім і часам мінулым. Паміж аўтарам і гістарычным персанажам.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2011 года — Зміцер Санько за серыю “Нашы славутыя землякі”, Людміла Рублеўская за кнігу “Сутарэнні Ромула”
Анатацыя да кнігі “Сутарэнні Ромула”: У гэтай кнізе прадстаўлены два бліскучыя раманы Людмілы Рублеўскай: «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» і «Сутарэнні Ромула». Яны атрымалі шырокі розгалас у грамадстве. Іх звязвае тэма сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай творчай інтэлігенцыі, а таксама тое, што дзеянне адбываецца і ў сучаснасці, і ў мінулым, раскрываючы тэму гістарычнай памяці. Прозе Л. Рублеўскай уласцівы псіхалагічная глыбіня, эпічнасць, філасофскі роздум і напружаны сюжэт, а таксама імкненне сфармуляваць прах мастацкія формы беларускую нацыянальную ідэю.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2012 года — Алесь Краўцэвіч за кнігу “Гедымін (1316–1341). Каралеўства Літвы і Русі”
Анатацыя да кнігі “Гедымін (1316–1341). Каралеўства Літвы і Русі”: Нарыс з серыі «Жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх», прысвечаны вялікаму князю Гедыміну, напісаны прафесійным гісторыкам. Усе пададзеныя гістарычныя факты, а таксама высновы аўтара, грунтуюцца на навуковым аналізе гістарычных крыніц. Кніга будзе прыдатная як тым, хто навучаецца ці вучыць гісторыі, так і ўсім аматарам.
Уладзімір Ляхоўскі за кнігу “Ад гоманаўцаў да гайсакоў”
Анатацыя да кнігі “Ад гоманаўцаў да гайсакоў”: У манаграфіі, напісанай у форме навукова-папулярнага нарыса, разглядаецца грамадска-палітычная і культурна-асветная праца беларускіх маладзёвых суполак з другой паловы XIX ст. і да пачатку Другой сусветнай вайны ў агульным кантэксце развіцця нацыянальна-вызвольнага руху і станаўлення грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. У кнізе робіцца спроба адлюстраваць ролю маладзёвага руху ў нацыятворчых працэсах і ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2013 года — Дзмітрый Матвейчык за кнігу “Паўстанне 1863-1864 гадоў у Беларусі: нарыс баявых дзеянняў”
Анатацыя да кнігі “Паўстанне 1863-1864 гадоў у Беларусі: нарыс баявых дзеянняў”: Кніга прысвечаная асвятленню гісторыі паўстання 1863—1864 гадоў у Беларусі. У навукова-папулярнай форме апісваюцца прычыны і перадумовы пачатку паўстання на землях былой Рэчы Паспалітай і, у прыватнасці, у Беларусі, фармаванне і склад паўстанцкіх арганізацый, баявыя дзеянні паўстанцкіх атрадаў, мерапрыемствы расійскіх уладаў па падаўленні паўстання і рэпрэсіі супраць яго ўдзельнікаў.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2014 года — Анатоль Трафімчык за кнігу “1939 год і Беларусь: забытая вайна”
Анатацыя да кнігі “1939 год і Беларусь: забытая вайна”: Кніга сучаснага беларускага даследчыка Анатоля Трафімчыка прысвечана найбольш супярэчлівым пытанням, звязаным з удзелам беларускага народа ў падзеях пачатку Другой сусветнай вайны. З беларусацэнтрычных пазіцый дадзены падрабязны аналіз прычын, перадумоў і ходу разгортвання ваеннага канфлікту, праўдзіва ахарактарызавана месца і значэнне Беларусі ў палітычных гульнях еўрапейскіх дзяржаў міжваеннага часу. Асаблівая крытычная ўвага надаецца праблеме «вызвалення» і «аб’яднання» Заходняй Беларусі з БССР у 1939 г. і ўсталявання там савецкай улады. Кніга адрасавана ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Другой сусветнай вайны і ўдзелам у ёй Беларусі і суседніх краін.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2015 года — Святлана Марозава за кнігу “Сваёй веры ламаць не будзем…”: супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780 – 1839 гады)”
Анатацыя да кнігі “Сваёй веры ламаць не будзем…”: На аснове комплекса новых гістарычных крыніц з архіваў і рукапісных аддзелаў бібліятэк Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы і Украіны прадпрыняты канцэптуальны перагляд праблемы рэакцыі беларускага народа на дэмантаж у 1780 – 1839 г. уніяцкай царквы. Раскрываецца малавядомая «тэхналогія» «ўз’яднання» ўніятаў. Устаноўлены імёны барацьбітоў і пакутнікаў за веру і іх ганіцеляў.
Дзяніс Лісейчыкаў за кнігу “Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства (1596 – 1839)”
Анатацыя да кнігі “Святар у беларускім соцыуме”: У кнізе разглядаецца гісторыя фарміравання сацыяльнага пласта (страты) уніяцкага духавенства беларуска-літоўска-латышскіх зямель у XVI–XIX стст. У аснову даследавання пакладзены метад прасапаграфіі — стварэнне т. зв. калектыўных біяграфій. Біяграфічныя артыкулы ўтрымліваюць звесткі аб жыцці і дзейнасці 8480 прадстаўнікоў духавенства ў 1826 парафіях. Для напісання працы былі выкарыстаны дакументы і матэрыялы з архівасховішчаў Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Расіі.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2016 года — Віктар Корбут і Зміцер Ласько за кнігу “Мінск. Спадчына старога горада. 1067–1917”
Анатацыя да кнігі “Мінск. Спадчына старога горада. 1067–1917”: Гэтая кніга — падарунак да 950-годдзя галоўнага горада нашай краіны Мінска, что будзе адзначацца ў 2017 годзе. Гартаючы яе, Вы адкрыеце для сябе незвычайны горад, які папярэднічаў сучаснай сталіцы Беларусі, — стары Менск. У выданні сабраны фотаздымкі амаль усіх будынкаў , якія былі пастаўлены на вуліцах і пляцах гістарычнага цэнтра і колішніх ускраінах са старажытнасці да 1917 года і ацалелі, нягледзячы на ўсе выпрабаванні. Разглядаючы старыя і сучасныя фатаграфіі, Вы можаце пераканацца, што спадчына старажытнага Менска не знікла бясследна з вуліц, а нагадвае і сёння пра яго тысячагадовую гісторыю.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2017 года — Уладзімір Лякін за кнігу “Ліцвіны ў гвардыі Напалеона”
Анатацыя да кнігі “Ліцвіны ў гвардыі Напалеона”: Гістарычны нарыс пра ўдзел нашых продкаў у гвардыі Напалеона змяшчае такія часткі, як “Жыццё гвардзейца”, “Узбраенне і навучанне”, “На палях гонару” (апісанні больш як 40 бітваў), “У кампаніі 1815 года”. Важны дадатак: «Іменаслоў “ліцвіноў Імператара”» (біяграфічныя звесткі больш як пра 1000 гвардзейцаў).
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2018 года — Васіль Герасімчык за кнігу “Кастусь Каліноўскі: Асоба і легенда”
Анатацыя да кнігі “Кастусь Каліноўскі: Асоба і легенда”: Імя Кастуся Каліноўскага (1838-1864) добра вядомае беларусам і даўно стала легендарным. Каліноўскаму прысвечаны шматлікія навуковыя і мастацкія творы, але даследчыкі працягваюць рабіць цікавыя адкрыцці, знаходзячы невядомыя раней дакументы і ўспаміны. Кніга “Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда” створана на аснове матэрыялаў з архіваў і бібліятэк Літвы, Беларусі, Расіі і дазваляе зірнуць на асобу правадыра паўстання 1863–1864 гадоў не толькі як на лідара і ідэолага нацыянальна-вызваленчага руху на беларуска-літоўскіх землях, але і пазнаёміцца з працэсам фармавання яго поглядаў.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2019 года — Алесь Смалянчук за кнігу “Раман Скірмунт (1868 — 1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю”
Анатацыя да кнігі “Раман Скірмунт (1868 — 1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю”: У цэнтры ўвагі біяграфія «краёўца» Рамана Скірмунта (1868–1939). Кніга знаёміць з асобай прадпрымальніка, ідэолага «краёвасці», беларускага і польскага палітыка і грамадскага дзеяча, для якога зыходным пунктам публічнай дзейнасці было замілаванне да роднага Краю. Гэты Край пачынаўся з Парэчча на Піншчыне і ахопліваў землі ўсёй гістарычнай Літвы. Краёвы патрыятызм паспрыяў далучэнню Р. Скірмунта да беларускага руху і ўдзелу ў змаганні за незалежнасць Беларусі ў 1918 г. Ягонае жыццё і дзейнасць можна лічыць апошнім актам польска-беларускага сімбіёза, які трагічна абарваўся ўвосень 1939 г.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2020 года — Сяргей Абламейка за кнігу «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі»
Анатацыя да кнігі “Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі”: Доктар гісторыі Сяргей Абламейка па-новаму разглядае асобу і дзейнасьць Кастуся Каліноўскага і бачыць за яго сацыяльнай рыторыкай глыбокі нацыянальны зьмест. Днём нараджэньня мадэрнай Беларусі, якая раней існавала пад назвамі і Русь, і Літва, аўтар прапануе лічыць 1 лютага 1863 году, калі ў Вільні быў утвораны Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі на чале зь Вінцэнтам Канстанцінам (Кастусём) Каліноўскім.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча 2022 года — Таццяна Астроўская за кнігу “Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968-1988)”
Анатацыя да кнігі “Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі”: Гэта даследванне прысвечана часу, калі здавалася б у БССР было ўсе спакойна. Рэспубліка была «самай савецкай», «зборачны цэх Саюза». Якая шчэ нязгода? І адкуль што ўзялося ў 80-90-я гады? А за савецкай шырмай віравала іншае жыцце, распаўсюджваліся кнігі, дыскутаваліся праблемы. Было месца і сатыры, і гонару, і нязгодзе ў розных формах. Даследванне цікава і легка чытаецца і натхняе. Бо за зімой заўсёды наступае вясна.