Валеры Гапееў “Мая мілая ведзьма” — рэцэнзія

Мая мілая ведзьма

У чарговы раз упэўніваюся, што Валеры Гапееў — найлепшы сучасны пісьменнік, які піша для падлеткаў. Люблю і яго дарослыя кнігі, але з літаратурай для дарослых у нас няма праблемаў, а вось знайсьці якасную падлеткавую літаратуру — няпростая задача. Вельмі раю яго кнігі “Урокі першага кахання”, “Ведзьміна тоня”, “Я размалюю для цябе неба”, якія я і пасля 20 гадоў чытала з задавальненнем і заўжды рэкламую знаёмым дзецям.

Шкадую, што летась Гапееў не здолеў увайсці ў тройку лаўрэатаў Прэміі Гедройца з кнігай “Ноч цмока” (але ж патрапіў у шорт-ліст), затое сёлета яго нарэшце ацанілі, і літаральна на днях кніга “Мая мілая ведзьма” атрымала Прэмію Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў. Ажно стала сорамна, што я так зацягнула з чытаннем, таму ў наступныя дні пасля абвяшчэння прэміі пабегла ў кнігарню. Гэта быў той яшчэ квэст, скажу я вам. Абышла чатыры дзяржаўныя кнігарні: Цэнтральная кнігарня, “Веды” на вул. К. Маркса, Белкнігі на Партызанскім праспекце і ў Серабранцы. Нідзе кнігі не было, хоць яна выйшла ў дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура”. На дапамогу прыйшла кнігарня Логвінаў, дзе заставаўся, здаецца, апошні асобнік. Вось так не без прыгодаў атрымалася яе здабыць.

А цяпер звернемся да кнігі. Звычайная школа, 10 клас, падзелены на “эліту” і “плебс”, але ёсць і нейтральныя групоўкі, на якіх ніхто звычайна не звяртае ўвагі. Упэўнена, што і ў вашай школе нешта такое было. Вось у гэтым сярэднестатыстычным класе з’яўляецца новая вучаніца, Ядвіга Лелька, якая адразу прыцягвае ўвагу некаторых вучняў: яна знаёміцца з так званымі анархістамі класа, Кірам, Юрасём і Уладзем, упарта сцвярджаючы ім з усмешкай, што яна ведзьма. А далей школьнікаў чакаюць розныя выпрабаванні, накіраваныя на праверку трываласці іх сяброўства і маральных якасцей.

Кніга вельмі сучасная і блізкая цяперашнім падлеткам, бо героі ў ёй карыстаюцца “ўкантакцікам”, “вайберам”, але пры гэтым маюць разнастайныя тэарэтычныя, практычныя і творчыя здольнасці. Валеры Гапееў не асуджае апрыёры любых падлеткаў з вышыні свайго ўзросту (як бабкі на лаўцы), а паказвае, што сучасная моладзь даволі развітая, разумная і ў сваёй кемлівасці можа даць фору нават дарослым. Прыемна паказаныя ў кнізе і бацькі, і настаўнікі, якія паважаюць дзяцей і дазваляюць ім быць у пэўнай ступені самастойнымі і самадастатковымі асобамі.

Дзякуй аўтару, што ён высокага меркавання пра сучасных падлеткаў, бо напоўніў кнігу даволі сур’ёзнымі маналогамі і разважаннямі. Гэта не бяздумныя містычныя прыгоды школьнікаў, а сур’ёзны раман, які натхняе на роздум. Тут школьнікі дапамагаюць беспрытульнаму мужчыне ў мароз, крэатывяць у школе, знаходзяць бацьку аднакласніцы і проста жывуць. Трапляюць у праблемы і з гонарам з іх выходзяць, развіваюцца, сябруюць, сварацца, нават кахаюць.

Твор вельмі дынамічны, пастаянна нешта адбываецца, таму чытаецца на адным дыханні. Вось такой падлеткавай літаратуры хацелася б бачыць пабольш.

5 из 5Bookvajed

HVALI.BY