Валерый Гапееў “Зніч ваўкалака” — рэцэнзія

Валерый Гапееў Зніч ваўкалака

Заўсёды з задавальненнем чытаю творы Валерыя Гапеева для рознага ўзросту. Больш люблю, вядома ж, дарослыя, але і дзіцячыя стараюся не прапускаць. Апошняя на сёння кніга Гапеева — прыгодніцкая аповесць “Зніч ваўкалака” — акурат для падлеткаў. Праўда, раіць яе можна і дарослым.

Зайздрошчу галоўнаму герою гэтай кнігі, адзінаццацікласніку Стасю, бацькі якога з’язджаюць у Турцыю, а яго пакідаюць аднаго на лецішчы. Гэта паказвае ўзровень даверу: не баяцца, што сын ператворыць хату ў наркапрытон 🙂 А Стась разумны і паслухмяны хлопчык, нават грады палівае. У вёсцы ён заходзіць сабе сяброў-равеснікаў Віталя і Яніну. З імі і пачынаюцца галоўныя прыгоды і сустрэча юнакоў з беларускай міфалогіяй.

Люблю, калі Гапееў дадае сваім творам мясцовага каларыту. Падзеі яго кніг звычайна адбываюцца ў правінцыі, і ён апісвае рэаліі тамтэйшага жыцця. Часам з пэўнай разыначкай і доляй містыкі. У Стасевай вёсцы бабулькі пачынаюць абмяркоўваць чупакабру ці ваўкалака, які палюе на курэй і коз. А потым знікае адна са студэнтак, што прыехала ў фальклорную экспедыцыю. Падаецца, справа больш сур’ёзная, чым мясцовы чупакабравы фальклор.

Падлеткі спачатку даволі скептычна ставяцца да міфалагічных разваг бабулі, але з цягам часу пачынаюць прыслухоўвацца, бо ў адрозненне ад астатніх дарослых яшчэ не згубілі веру ў нешта надзвычайнае. Таму яны актыўна бяруцца за пошук адказаў на пытанні, нават усведамляючы, якую небяспеку гэта можа ўяўляць. Бо што за лета без прыгод? Будзе што аднакласнікам у верасні расказаць.

Ёсць тут і ўласцівы для твораў Гапеева нацыянальны складнік: развагі пра карані і захаванне старажытных святыняў. Падлеткі ў сваіх дэтэктыўных пошуках прыходзяць да надзейна схаванага цудадзейнага знічу і апынаюцца на раздарожжы: расказаць пра яго ўсім ці захаваць святыню некранутай? Сур’ёзная маральная дылема.

Неназойліва, без маралізатарства Гапееў укладвае ў вусны персанажаў простую думку пра тое, што і ў сваім можна знайсці нешта цікавае:

У кнізе ёсць знаёмыя сучасным падлеткам рэаліі: героі актыўна карыстаюцца інтэрнэтам, пішуць бацькам у месенджарах. Зразумела, закранаецца і класічнае пытанне адносін бацькоў у дзяцей, калі старэйшыя апрыёры ўпэўненыя, што ўсе сучасныя падлеткі аднолькавыя, ім важна толькі ўлезці ў свае маніторы і больш свету не бачыць. Вядома ж, ёсць і такія дзеці, але дзякуй Валерыю, што паказвае нам і іншы бок. І такія кнігі варта чытаць дарослым, якія не вераць у разумовыя здольнасці сучаснай моладзі. Адзін з герояў трапна заўважае:

Гэта нядрэнная містычная аповесць для падлеткаў. Не найлепшы з прачытаных у Гапеева, але варты ўвагі твор. Ну і чакаю, што ж новенькае ён напіша для дарослых.

Хачу адзначыць няўдалы момант у афармленні: папера шэрага колеру. Не звычайная шэрая газетная, а афсетная, якая лепш выглядала б белай. Відаць, гэта было зроблена, каб дадаць кнізе атмасфернасці, а атрымалася, што я чытала яе даволі доўга праз тое, што стамляліся вочы (у якіх у мяне і без таго хапае хвароб). Спадзяюся, што падлеткі, на якіх кніга разлічана, маюць больш востры зрок 🙂

А яшчэ часам я шкадую, што маё ўражанне ад кнігі так лёгка сапсаваць памылкамі, якія тут сустракаюцца даволі часта, на жаль. Колькі прыкладаў прывяду ніжэй.

P. S. Скептычную ўсмешку выклікаў наступны дыялог:

“— Ага, пра тое, што вада валодае памяццю, нешта такое чытаў.
— Вада помніць, рэагуе. Яна — жывая. І ўсё жывое, у чым вада. Так выкладчык кажа”.

Гнаць з універсітэтаў такіх выкладчыкаў, якія сур’ёзна расказваюць пра прызнаную лжэнавуковай тэорыю “памяці вады” 🙂

Bookvajed

HVALI.BY