Вяртанне да каранёў

Парадокс у тым, што самае дарагое заўсёды бясплатнае

Кнігу Андруся Горвата “Радзіва «Прудок». Дзённік” можна назваць беларускім літаратурным фенаменам. Глядзіце самі – Горват не знакаміты пісьменнік, не медыйная персона і нават не які-небудзь бізнесмен. Ён – звычайны беларускі хлопец-тунеядзец. Яго кніга не пра каханне, гэта не дэтэктыў, не антыўтопія і ў ёй амаль няма палітыкі. А яшчэ ўсё тое, што чытачы ўбачылі на паперы, да гэтага моманту выйшла нават не ў блоге, а на старонцы Горвата ў Фэйсбуку.

Дык вось, няглездячы на ўсё, што напісана вышэй, кніга “Радзіва «Прудок” стала звышпапулярнай нават сярод тых людзей, якія дагэтуль зусім не цікавіліся сучаснай беларускай літаратурай. Грошы на выданне кнігі збіралі праз краўдфандынг. А першы наклад быў раскуплены амаль імгненна. Прыйшлося выпускаць некалькі дадатковых. І нават зараз, калі першапачатковая папулярнасць сышла, набыць кнігу Горвата не проста.

Мы, напрыклад, нават не паспелі ўключыць “Радзіва” ў свой спіс лепшых беларускіх кніг 2016 года, бо проста не знайшлі асобніка, каб прачытаць гэты бестсэлер.

Дык чаму тысячы беларусаў купілі кнігу блогера? Што ў ёй такого асаблівага? І ці трэба чакаць, што ў хуткім часе Горват напіша яшчэ адну настолькі ж запатрабаваную у чытачоў кнігу? І гэта публікацыя будзе не зусім рэцэнзія, а хутчэй спроба разабрацца ў вышэй напісаных пытаннях.

Што з сабе ўяўляе “Радзіва «Прудок”? Гэта сапраўды звычайныя запісы на старонцы ў Фэйсбуку, якія проста пакладзены на паперу. Да моманту выдання кнігі я не сачыў за творчасцю Горвата, таму цяжка сказаць, наколькі карэкртна гэтыя самый запісы з сеціва перанесены ў кнігу.

Аповед пачынаецца з таго моманту, калі будучы пісьменнік уладкоўваецца працаваць дворнікам у тэатр Янкі Купалы. Але гэтая частка даволі невялікая. Хутка Горват перабіраецца на сваю малую радзіму ў вёску, дзе аднаўляе старую хату і пачынае жыць звычайным сельскім жыццём: заводзіць курэй ды пеўня, вучыцца даіць казу, саджае бульбу, сварыцца з вяскоўцамі ды знаёміцца з участковым міліцыянерам.

Горват апісвае розныя дробязі жыцця, гісторыю сям’і, расказвае вясковыя байкі ды свае турботы. І ўсё. Канешне, аўтар падкупляе сваёй шчырасцю, гумарам, адносинамида жыцця. Але у кнізе няма нічога выбітнага, нічога сапраўды вартага такой папулярнасці. І таму зразумець розумам яе нельга. Трэба глядзець куды глыбей.

Большая частка сённяшніх жыхароў беларускіх гарадоў – гэта людзі, чые бацькі, ці бабулі з дзядулямі прыехалі з вёскі. Амаль у кожнага з нас ёсць малая радзіма. Нават калі там не засталося старой хаты ці кавалка зямлі, большасць памятае назву месца паходжання свайго рода. Што і гаварыць, яшчэ на пачатку 20 стагоддзя ў гарадах жыло меньш за 10 адсоткаў беларусаў. Мы – вясковая нацыя. І гэтага не трэба саромецца, але і ганарыцца таксама нельга. Проста так ёсць.

А чалавек, як і любая жывая істота, хоча быць звязаным са сваімі каранямі, нават калі цягнецца ўверх да сонца. Так вугор на нераст вяртаецца ў Нёман, адкуль некалі яшчэ мальком выбіраўся ў атлантыку.

А што мы бачым сёння? Яшчэ ўчорашнія вяскоўцы праз два гады жыцця ў сталіцы не проста забываюцца адкуль яны, але і пачынаюць агідліва адносіцца да тых, хто “не гарадскі”. Яны старанна пазбаўляюцца ад “вясковага” акцэнту і намагаюцца каб іх мова была нават больш рускай, чым у расіян. Вось за такіх людзей сапраўды сорамна.

А Горват паказаў прыклад. Нават пражыўшы ў горадзе некалькі год можна кінуць усё і вярнуцца дадому, да каранёў, у старую хату, дзе пражылі сваё жыццё твае продкі. І хай гэта не канчатковая разгадка, але, на наш погляд, менавіта адчуванне вяртання і настальгія – тое, што выклікае водгук у чытачоў.

Андрусь Горват – гэта той прыклад, якому ўсе мы ў глыбіні душы, на несвядомым узроўні, хочам адпавядаць. Хочам, але не будзем. Бо ў горадзе ў нас праца, сябры, улюблёныя месцы і шмат чаго яшчэ. Тут проста зручней жыць. І грошай тут плоцяць больш. Мы не вернемся назад у вёску. І таму будзем проста жыць і зайздросціць Андрусю. Бо ён здолеў, а мы не.

Што тычыцца далейшага лёсу Горвата як пісьменніка, то тут усё складана. Калі ён і далей будзе проста выдаваць свае запісы з Фэйсбуку, то другая, і трэцяя кніга будуць паспяховымі, але ўжо на чацвёртай масаваму чытачу надакучыць гэта. На шчасце, зараз Андрусь накіраваўся ў падарожжа па замежным краінам. А таму можна спадзявацца, што калі наступная кніга і з’явіцца ў хуткім часе, то яна будзе зусім не падобная напапярэднюю.

Дома — гэта там, дзе ты нармальны

HVALI.BY