Загадкавы Vuraj

Vuraj - Šeść zahadok (2015)

Фольк-гурт Vuraj выдаў свой другі ў кар’еры рэліз — Šeść zahadok. Тым не менш, на паўнавартасны альбом музыканты не спадобіліся, абмежаваўшыся EP. Але з іншага боку — гэта правільна, таму што гэты рэліз стаў вельмі незвычайным і можа нават рызыкоўным па складзе. Рэч у тым, што EP складаецца як бы з дзвюх частак: трох студыйных кампазіцый, а таксама іх арыгінальных версій у выканананні а капэла бабуль з Палесся.

Галоўная песня альбома «Шэсць загадок» і адкрывае рэліз. Пачынаецца, як гэта ўжо і стала традыцыяй для Vuraj, вельмі павольна і сапраўды загадкава. Потым усё становіцца больш рытмічным і хуткім. Але такі надрыў змяняецца меладычнам баянам, якога, дарэчы, стала болей, чым раней. І гэтыя гукі ўносяць кудысьці вельмі-вельмі далёка. Мабыць, у гэтым і ёсць тыя загадкі. Дарэчы, такая таемнасць прысутнічае і ў астатніх трэках — «Гаю» і «Шчодры вечор«. І зноў павольнасць змяняецца рэзкімі гукамі, а потым і меладычным баянам. Але, здаецца, гэтыя рэчы трошкі праігрываюць першай кампазіцыі. Адзначым, што вельмі моцна праспяваў лідар Vuraj Сяржук Доўгушаў: чуецца, што ён працуе над сабой і выкарыстоўвае новыю падачу.

Што датычыцца арыгінальных версій гэтых песен, то выбрана вельмі цікавая і незвычайная форма. Хто ў нас яшчэ так рабіў? Здаецца, што ніхто. Арыгінальныя рэчы гучаць больш слёзна і надрыўна: нават цяжкавата слухаць, калі ўсведамляеш увесь іх сэнс. Але ў параўнанні яны вельмі розныя па гучанні — усё ж, Vuraj зрабілі вельмі моцную апрацоўку. Толькі, што цікава, згубіўся ўвесь трагізм, які прысутнічае ў арыгінальных версіях. Праўда, без варыянтаў Vuraj наўрад ці выпрабуеш такіе пачуцці. Дарэчы, і тут больш моцным падаецца галоўная кампазіцыя — «Шэсць загадок».

Vuraj зрабілі вельмі незвычайную і моцную працу. Магчыма, з-за таго, што гэта ўсяго ж ЕР — шмат хто праігнаруе гэта рэліз. Але чаму б у будучыні не замахнуцца на двайны альбом у такім фармаце? Таму чарговы раз параўнаем Vuraj з ужо неіснуючым гуртом Osimira: толькі патэнцыялу ў першых, здаецца, куды болей. Музыканты пайшлі далей і сталі больш сур’ёзнымі ў сваёй творчасці. Галоўнае пытанне цяпер — што будзе далей?

HVALI.BY