Беларуская міфалогія настолькі багатая і разнастайная, што я здзіўляюся, як у нас у літаратуры дагэтуль не з’явіўся які-небудзь вялікі фэнтэзійны цыкл. Толькі некаторыя літаратары выкарыстоўваюць асобныя міфалагічныя матывы ці персанажаў у сваёй творчасці. Зараслава Камінская для аповесці ўзяла міф пра кліч русалак, якія называючы чалавека па імені заваблівалі яго і цягнулі ў ваду, каб ён утапіўся. У спалучэнні гэтага з упісаным у аповесць вобразам загадкавай мастачкі-прымітывісткі Алены Кіш атрымаўся нядрэнны дэбютны твор. Дарэчы, вясной Зараслава ўжо стала лаўрэаткай прэміі “Дэбют” у намінацыі “Проза”. Я прачытала кнігі пяці з шасці намінантаў на гэтую прэмію і тут цалкам згодная з рашэннем журы.
Калі вы ніколі не чулі пра мастачку Алену Кіш, то ў гэтым няма нічога страшнага, паколькі звестак пра яе жыццё вельмі мала. Таму апісанае ў кнізе нельга назваць біяграфіяй творцы. Гэта хутчэй мастацкая інтэрпрэтацыя пасляваеннага перыяду яе жыцця. Усе падзеі, якія адбываюцца з Аленай у творы — выключна аўтарская выдумка. Чаму непасрэднымі героямі твора сталі русалкі? Бо Алена скончыла жыццё самагубствам, утапіўшыся ў рацэ.
У аповесці дзве сюжэтныя лініі: наш час і пасляваенныя гады. У сучаснасці дзве дзяўчыны, Наста і Ліза, здымаюць кватэру. Яны вучыліся разам на журфаку, разам трапілі на размеркаванне ў шматтыражку, але пасля размеркавання Ліза сышла з нялюбай працы і стала рабіць манікюры. Даволі папулярны і прыбытковы ў наш час від дзейнасці. На антрэсолях кватэры дзяўчаты знаходзяць старыя газеты. Вядома ж, дыпламаваным журналісткам цікава паглядзець на працу калег амаль 50-гадовай даўніны. З гэтых газет яны даведваюцца пра Алену Кіш, жанчыну-майстра, якая малявала дываны.
Падзеі другой сюжэтнай лініі разварочваюцца ў канцы 40-х гг, дзе маладая сялянка Марыля адзінока жыве ў вёсцы, маючы стасункі хіба што з бабуляй-суседкай. У яе хаце Марыля і знаёміцца з жанчынай, якая ходзіць па вёсках і зарабляе на жыццё маляваннем дываноў. Плацяць ёй пераважна ежай, чаго хапае, каб выжыць. Дзве гэтыя сюжэтныя лініі злучаюцца ў нашым часе, калі Ліза са знаёмым Алесем выпраўляецца ў тую вёску на пошукі дываноў, размаляваных Кіш. Тут і пачынаецца амаль дэтэктыўнае расследаванне, якое можа мець трагічны фінал. Вось тут у гульню ўступаюць русалкі.
У аповесці ўсяго 100 старонак, якія чытаюцца на адным удыху. Сюжэтныя лініі дынамічна мяняюць адна адну, удалая форма падачы матэрыялу, у якой тэкст аповесці перарываецца ўстаўкамі з перапісак герояў у сац.сетках, дзённікавымі запісамі. А газетныя матэрыялы, якія трапляюцца дзяўчатам, самыя сапраўдныя. З імі аўтарка працавала ў часе напісання кнігі.
Годны дэбют, хоць і зусім караценькі. Але прынамсі я не лавіла фэйспалмы на кожнай старонцы (як пры чытанні некаторых іншых дэбютных кніг). Таму як і ў выпадку з іншай кнігай гэтай серыі, “Генам зямлі” Аліны Длатоўскай, пажадаю аўтарцы поспехаў і буду чакаць наступную кнігу.
Bookvajed