Беларускія словы. «Вырай»

вырайПрацягваем перадрукоўку матэрыялаў рубрыкі «Беларускае слоўка» з газеты «Вечерний Минск», якую вядзе дацэнт Уладзімір Куліковіч. У апошні раз мы напісалі пра слова «Талака», а цяпер на чарзе слова «Вырай».

ВЫРАЙ

Калі вам давядзецца пабываць у Баранавічах, то мясцовыя жыхары з задавальненнем пакажуць помнік дамавому вераб’ю, на якім напісана: «Да вас я назаўсёды прыляцеў: не вырай вабiць, а Радзiма». Для замежных турыстаў экскурсавод абавязкова прапануе даслоўны расійскі пераклад: «К вам я навсегда прилетел: не рай привлекает, а Родина». А вось радкі з верша А.Ставера, якія сталі песняй, і пераклад іх, зроблены Г.Рымскім: «Каб любіць Беларусь нашу мілую, / Трэба ў розных краях пабываць. / Разумею цяпер, чаму з выраю / Жураўлі на Палессе ляцяць… „ — „Чтоб любить Беларусь нашу милую, / Нужно в разных краях побывать. / Понимаю, зачем журавлиную / На Полесье весной тянет рать“.

Як бачым, у першым выпадку замест спрадвечнага мілагучнага беларускага слова „вырай“ прапануецца шырокавядомае міфалагічнае „рай“. У другім — паэт проста апусціў яго, бо па-руску „вырай“ — „теплые края, куда птицы отлетают осенью; стая перелетных птиц (или одна птица), которые первыми появляются весной“. Цяжкасці ўзнікнуць і ў тых, хто пажадае растлумачыць значэнне слова заходнееўрапейцу. Як пісаў В.Марціновіч: „Вырай нельга перакласці простым paradise ці hot region, бо ніякі гэта не region — бо ў кожнай птушкі вырай свой, непаўторны. Хтосьці з іх ляціць у Афрыку, хтосьці — у Індыю… „

Прычына такіх цяжкасцяў у тым, што ў беларускай мове „вырай“ — гэта слова-вобраз з безліччу сэнсаў, якія адлюстроўваюць наш непаўторны нацыянальны светапогляд. Паходзіць яно ад славянскага язычніцкага Вырий (Ирий) — Сусветнае Дрэва. У старажытнасці выраем называлі рай — чароўнае царства, месца, куды наведваецца Бог, дзе жывуць анёлы і душы святых людзей. Па гэтай прычыне ва ўяўленнях беларусаў птушкі ніколі не ляцелі на поўдзень (юг) , а толькі ў вырай, дзе яны раяцца і радуюць сваімі спевамі прысутных, а затым натхнёныя абавязкова вяртаюцца назад.

У нашы дні карані гэтага слова сустракаюцца ў назвах такіх краін і гарадоў, як Арыйск, Іран, Ірландыя, што з΄яўляецца сведчаннем пра даўнія сувязі і еднасць беларусаў з далёкім замежжам. У народных песнях, прыказках і прымаўках вырай — гэта спакой, ідэальны парадак, багацце, дабрабыт. І сёння вяскоўцы, гледзячы ў паднябессе, прамаўляюць: „Высока ляціць вырай — высокі вырасце і авёс“. Фразеалагізм з гэтым словам „у вырай збірацца“ мае значэнне „дажываць, канчаць жыццёвы шлях; збірацца на той свет“.

У якасці назвы любяць выкарыстоўваць гэтае слоўка людзі творчыя: пісьменнікі, музыканты, мастакі. «Выраем“ названы акустычны альбом і музычны гурт. Часта сустракаецца яно ў назвах кніг: «Сцюдзёны вырай“, «Зямная дарога ў вырай. Беларускiя народныя прыкметы“.

Уладзімір КУЛІКОВІЧ

ТАЛАКАКІЯХЯЛАВІЧЫНАДУБЭЛЬТЫАСЯНЧУККАМЫ

HVALI.BY