Іван Якаўлевіч Навуменка — апошні народны пісьменнік Беларусі. Ён атрымаў гэтае званне ў 1995 годзе. Пры гэтым, верагодна, з’яўляецца самым малавядомым з усіх «народных».
Біяграфія Івана Навуменка
Іван Навуменка нарадзіўся 16 лютага 1925 года ў горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёна БССР у сям’і чыгуначнікаў. У дзяцінстве перажыў галадамор, які ў Беларусі, на шчасце, не меў такіх трагічных наступстваў, як у суседняй Украіне. Пра гэты час пісьменнік успамінаў, што яму больш за ўсё запомніліся птушкі і кнігі. Асабліва кнігі на беларускай мове. Ужо ў трэцім класе ён прачытаў «Вайну і мір» Талстога. А голад сям’я пісьменніка перажывала з дапамогай лесу. Менавіта тады Іван Навуменка стаў заўзятым грыбніком.
Сям’я будучага пісьменніка жыла бедна і з трэцяга класа бацька вадзіў сына на чыгунку. А ўжо ў 14 гадоў ён пачаў працаваць у рамонтнай брыгадзе.
Навуменка удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне са студзеня 1942 ў камсамольскім падполлі. Затым ваяваў у партызанах. У снежні 1943 году яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах. Двойчы паранены. Атрымаў кантузію, з-за якой назаўсёды страціў нюх.
Пасля дэмабілізацыі ў снежні 1945 года працаваў карэспандэнтам мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся», а з 1951 года карэспандэнтам рэспубліканскай газеты «Звязда».
У 1950 годзе завочна скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. А ў 1954 і аспірантуру пры ўніверсітэце.
З 1953 да 1958 года працаваў загадчыкам аддзела прозы літаратурнага часопіса «Маладосць», у 1954-1973 гадах — старшы выкладчык, дацэнт, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1973-1982 гадах — дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. У 1982-1992 гадах — віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі.
Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 1985-1990 гадоў. Выконваў абавязкі Старшыні Вярхоўнага Савета. У 1992-2002 гадах саветнік Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2002 — галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры НАН Беларусі.
Памёр 17 снежня 2006 года пасля працяглай хваробы. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску. Дзеці ўспамінаюць, што пісьменнік цяжка перажываў смерць жонкі, якая памерла на 6 гадоў раней.
Творчасць Івана Навуменка
Першыя вершы пісьменніка былі апублікаваны ў 1946 годзе ў раённай газеце. З прозай дэбютаваў апавяданнямі ў 1955 годзе ў часопісе «Маладосць». Гэта былі апавяданні «Сідар і Гараська» і «Эх, махорачка».
Вельмі часта ў сваіх творах Навуменка падымае тэму моладзі ў час вайны. Звязана гэта з тым, што ён сам сустрэў вайну сямнаццацігадовым. Нават першы зборнік пісьменніка, які выйшаў у 1957 годзе, называўся «Семнаццатай вясной». Усяго ж у яго выйшла 11 зборнікаў апавяданняў і аповесцяў. Апошні, «Водгулле далёкіх вёснаў» — у 1989 годзе.
Героі Навуменкі — патрыёты Радзімы, якія агульныя інтарэсы ставяць вышэй асабістых. А асноўная тэматыка яго творчасці — Другая Сусветная вайна.
У пачатку творчасці пісьменнік у асноўным пісаў апавяданні. Але пазней пачынае ствараць аповесці, раманы і п’есы.
Важнае значэнне ў творчасці Навуменкі займае трылогія: «Сасна пры дарозе «(1962) «Вецер у соснах» (1967) «Сорак трэці» (1974). Яна расказвае аб партызанскай барацьбе супраць нямецкіх захопнікаў і носіць маштабны, гераічны характар. Варта таксама адзначыць раман «Смутак белых начэй» (1979), прысвечаны фінальнаму этапу вайны. Аўтар без пафасу, простай мовай распавядае аб трагічным чалавечым лёсе.
Творы пісьменніка перакладзены на латышскую, балгарскую, нямецкую, рускую і іншыя мовы.
Навуменка спрабаваў пісаць вершы і хацеў нават выдаць зборнік. Але як сам пазней прызнаўся — быў шчаслівы, што не зрабіў гэтага. Таму што вершы ў яго атрымліваліся «казённыя».
Акрамя творчасці займаўся навуковай працай — даследаваў творчасць Максіма Багдановіча, Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Апублікаваў каля 200 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій.
У 1981-1984 гадах выйшаў збор твораў пісьменніка ў 6 тамах. А ў 2018 завяршылася выданне 10-томнага збора твораў пісьменніка, у які ўвайшлі ў тым ліку і вершы Навуменкі.
Што пачытаць?
Калі вы вырашылі ўзяцца за творчасць Івана Навуменкі, то пачынаць варта з яго апавяданняў. А калі спадабаецца стыль, то можна перайсці і да маштабных твораў — раманаў «Сасна пры дарозе» і «Смутак белых начэй». Таксама звярніце ўвагу на аўтабіяграфічную аповесць «Інтэрнат на Нямізе».
Узнагароды і памяць аб Іване Навуменка
Іван Навуменка узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1945), ордэнам Айчыннай вайны II ступені (1985), ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі( 1985), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1975), медалём Францыска Скарыны.
У 1967 годзе атрымаў прэмію Ленінскага камсамола БССР за кнігу «Тапалі юнацтва». У 1972 годзе за манаграфіі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967) і «Якуб Колас: Духоўны воблік героя» (1968) узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я.Коласа, а ў 1997 годзе прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за цыкл манаграфій.
У 2010 годзе пошта Беларусі выпусціла паштовую марку, прысвечаную 85-годдзю з дня нараджэння пісьменніка. У чэрвені 2011 года імя Навуменка прысвоена вуліцы ў Менску. А 12 кастрычніка 2011 у сталіцы адкрыта мемарыяльная дошка ў памяць народнага пісьменніка.
Літаратурныя факты/легенды аб Іване Навуменка
Нейкія з гэтых гісторый могуць быць праўдай, а нейкія — выдумкай. На тое яны і легенды.
Гісторыя першая. У юнацтве Іван Навуменка амаль ніколі не хадзіў з астатнімі маладымі людзьмі ў вясковы клуб, хоць яго і клікалі. Ён адмаўляўся пад рознымі падставамі. І вось, пасля чарговых вячорак, кампанія моладзі разыходзілася па дамах. У вёсцы было вельмі цёмна — ні газу, ні электрычнасці не было, а свечкі ніхто не паліў — эканомілі. На шчасце, была поўня, і месяц добра асвятляў дарогу. Праходзячы міма дома будучага пісьменніка маладыя людзі ўбачылі, як ён залез на высокі слуп і чытае там кнігу пры святле месяца.
Гісторыя другая. У 1966 годзе ў газеце «Советская Белоруссия» на першай паласе выходзіць матэрыял, у якім ставіцца пад сумнеў творчасць Васіля Быкава. Звязана гэта было з выхадам аповесці пісьменніка «Мёртвым не баліць». Пасля гэтага Анатоль Вярцінскі і Генадзь Бураўкін пачынаюць збіраць подпісы пад лістом у ЦК КПБ у абарону Быкава. Ліст падпісалі Мележ, Лынькоў, Танк, Брыль і іншыя літаратары. Але былі і тыя, хто адмовіўся. Сярод апошніх быў і Іван Навуменка. Калі яму прапанавалі падпісаць ліст, ён сказаў, што пісьменнік павінен па-філасофску ставіцца да такіх сутыкненняў і быць па-над імі.
Бураўкін і Вярцінскі дамовіліся скончыць збіраць подпісы апоўначы пэўнага дня. І вось, калі прызначаны час мінуў, Бураўкіну тэлефануе Навуменка і кажа, што ўсё ж такі хоча падпісацца. Але яму адмаўляюць — маўляў, ва ўсіх быў час падумаць. А хто не паспеў, той не паспеў. Толькі Бураўкін паклаў слухаўку, як яму тэлефануе Алесь Адамовіч і кажа, што толькі што размаўляў з Навуменка, і просіць за яго, каб яму далі падпісаць ліст. Але і пасля такой пратэкцыі атрымлівае адмову.
Раніцай на парозе кватэры Бураўкіна стаяў Навуменка і ўсё ж падпісаў ліст у абарону Быкава. Пасля гэтага з палёгкай уздыхнуў: «Цяпер я магу жыць у згодзе са сваім сумленнем».
Гісторыя трэцяя. Іван Навуменка ніколі не злоўжываў алкаголем, але ў кампаніі сяброў-пісьменнікаў мог і выпіць. Неяк да яго жонкі Ядвігі прыйшла сяброўка і стала скардзіцца, што муж п’е па-чорнаму. А жонка Навуменкі кажа, што яе муж зусім не такі. І літаральна тут жа раздаецца званок у дзверы, Ядвіга Паўлаўна адкрывае, а там Янка Скрыган, Янка Брыль і Іван Мележ уносяць народнага пісьменніка ў кватэру і кладуць на канапу ў несвядомым стане. Аказалася, што ў Навуменкі як раз выйшла кніга і ён добра адзначыў гэту падзею разам з сябрамі. Пазней сяброўка доўга нагадвала аб гэтай гісторыі жонцы пісьменніка.
Цікавыя матэрыялы пра Івана Навуменку:
Народный писатель Иван Науменко и его удивительная супруга Ядвига
Артыкулы аб іншых народных пісьменніках Беларусі:
Кондрат Крапива (па беларуску) (1956)
Михась Лыньков (па-беларуску) (1962)
Иван Мележ (1972)
Иван Шамякин (1972)
Андрей Макаенок (1977)
Василь Быков (1980)
Янка Брыль (1981)
Иван Чигринов (1994)