Беларускія словы. Аблавуха

Аблавуха

 

Працягваем публікаваць матэрыялы з газеты «Вечерний Минск» з рубрыцы «Беларускае слоўка». На гэты раз мы напiшам пра беларускае слова «аблавуха».

АБЛАВУХА

Гэта літаратурнае гаваркое, вобразна яркае слоўка, якое сваім гучаннем падабаецца многім беларускім карыстальнікам, першапачаткова мела форму облоухъ і са значэннем шапка з вушамі было занатавана ў ХІХ ст. нашым знакамітым мовазнаўцам і фалькларыстам Іванам Насовічам.

Паводле структуры яно складанае, бо ўтворана з дзвюх частак. Першая частка áбла- (óбла-) , óбло- (óблъ-) у многіх славянскіх мовах і дыялектах абазначае круглы, авальны, шарападобны, другая — вуха. Ёсць меркаванне, што марфема абла- — гэта частка слова аблажыць (апусціць, абвярнуць).

У слоўніку У.Даля маецца прыметнік аблоухъ са значэннем віс­лавухі, у польскай дыялектнай мове obłouch — доўгія вушы, шапка з вушамі, у пскоўскіх гаворках аблавухай называюць аплявуху (пощечину) , а беларусы аблавухам клічуц­ь яшчэ някемлівага, няспрытнага чалавека: «Я ж бачыў, што яна не зводзіла з цябе вачэй. Дагэтуль не сустрэнецца! Аблавух! А яшчэ ў арміі служыў». (І. Шамякін).

Вядомы беларускі даследчык прафесар М.Абабурка лічыць, што слоўка аблавýха (аблавýшка) , як і віславуха, лапавушка, сібірка, якія абазначаюць назвы мужчынскага зімовага галаўнога ўбора, з’яўляюцца раўназначнымі літаратурнай норме вушанка. Гэта меркаванне пацвярджаюць многія нашы дыялектныя і літаратурныя слоўнікі, дзе аблавухай (аблавухам) называюць шапку з доўгімі вушамі або шапку з аўчыны, крытую сукном: «На ім быў старамодны тулуп да пятаў, з-пад якога вытыркаліся джынсы, дзед меў на сабе аблавух і пацяганы шалік».

На самай жа справе такое тлумачэнне нельга прызнаць вычарпальным. Яно часткова скажае сэнс гэтага каларытнага беларус­кага слоўка. Згодна з энцыклапедычным даведнікам «Этнаграфія Беларусі», аблавухай варта называць не любую мужчынскую шапку-вушанку, а толькі тую, у якой да круглай асновы, зробленай з аўчыны, заечага, лісінага, вавёрчынага ці трусінага футра, пацягнутай зверху цёмным сукном, прышыты 4 крылы (вушы). У сцюдзёную пару, калі дзьмулі скавышы, пярэдняе і задняе паднімалі і звязвалі зверху, а бакавыя апускалі ці падвязвалі пад падбароддзем.

Ад назоўніка аблавуха ўтвораны прыметнік аблавухі, які вядомы многім славянскім дыялектам і выкарыстоўваецца ў нашай мове для характарыстыкі: чалавека — някемлівага, няспрытнага, з вялікімі непрыгожымі вушамі, стрыжанага; жывёлы — з абвіслымі вушамі. «Ліба не паспела адысці ад акна, як на ім мігам апынуўся прыгожы, у рудыя яблыкі, аблавухі сабака“ (Ц. Гартны).

Уладзімір КУЛІКОВІЧ

Іншыя словы з рубрыкі вы можаце паглядзець па тэгу БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА

HVALI.BY