Беларускія словы. Азімка

озимая пшеница

Працягваем публікаваць матэрыялы  газеты «Вечерний Минск» з рубрыцы»Беларускае слоўка». На гэты раз мы напiшам пра беларускае слова «азімка».

АЗІМКА

Сёння многія навукоўцы адназначна сцвярджаюць: як толькі чалавек стаў чалавекам, у працэсе сваёй свядомай дзейнасці ён сутыкнуўся з усім багаццем расліннага свету нашай планеты, якому імкнуўся прыдумаць гаваркія, сугучныя са сваім характарам і светапоглядам назвы.

Таму ў многіх мовах, у тым ліку і беларускай, кожная геаграфічная частка мае свае назыўныя варыянты для многіх раслін. Напрыклад, замест літаратурнай назвы ядловец (невялікiя дэкаратыўныя дрэва і куст, што выкарыстоўваюцца ў зялёным будаўніцтве) можна пачуць ялавéц, ялóвец, ялéнец (у аснове назвы — спецыфіка будовы лісця: у маладых раслін яно хвоепадобнае). На Віцебшчыне і Смаленшчыне кажуць не ядловец, а мажуха (ад руск. можжевельник).

Слова азімка таксама не адзі­нае для наймення азімай пшаніцы (па-руску озимая пшеница) або пасеваў, усходаў азімых збожжавых культур. Належыць яно да размоўных, аднак добра зразумелае кожнаму сваёй паэтычнасцю, празрыстасцю значэння, асабліва ў адпаведным кантэксце: «Зайдзі­це ў любую хату калгасніка, і вы на стале ўбачыце калі не пірог, то бліны або аладкі з пытляванай пшанічнай мукі, хоць летась наша азімка не ўрадзіла» (З. Вішнеўскі). Утваральнай базай для яго стала аснова лексемы зіма, да якой адначасова далучыліся прыстаўка а- і надзвычай прадуктыўны суфікс -к- (параўнайце: яравую пшаніцу называюць у нас ярка, утворана таксама пры дапамозе суфікса -к-; газету «Вячэрні Мінск» — «Вячорка»).

У літаратурнай мове для абазначэння названага паняцця прыжылося слоўка з суфіксам -ін- азíміна: «Лёгкі подых ветру даносіць з поля ледзь чутны водар спелай азіміны і салодкі пах грэчкі» (А. Асіпенка).

Найбольш часта мілагучнае слоўка азімка даводзілася чуць на Віцебшчыне. «Азімка сёлета абышла нядрэнна», — выказваў спадзеў на добры ўраджай знаёмы брыгадзір з Полаччыны. У гэтай вобласці, дарэчы, жыве вялікая колькасць людзей з такім прозвішчам, а ў Лепельскім раёне фермерская гаспадарка так і называецца «Азімка». Нядаўна створаны рэгіянальны лексікаграфічны даведнік «Слоўнік Сенненшчыны» (2013) таксама фіксуе гэтае каларытнае слоўка.

Калі душа ваша прагне рамантыкі, а жаданне да вандровак яшчэ жыве ў сэрцы, не палянуйцеся і выедзьце ў красавіку за горад. Паназірайце і прыслухайцеся, як расце азімка. Упэўнены: нідзе і ніколі вы больш не ўбачыце такога яркага зялёнага колеру! Нідзе і ніколі душы не будзе так хораша, спакойна, урачыста і радасна. З вясной вас, шаноўныя чытачы!

Уладзімір КУЛІКОВІЧ

Іншыя словы з рубрыкі вы можаце паглядзець па тэгу БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА

HVALI.BY