Беларускія словы. «Дубэльты»

Дубальтоўка
Дубальтоўка

Працягваем публікаваць матэрыялы з газеты «Вечерний Минск» з рубрыцы «Беларускае слоўка». На гэты раз мы напiшам пра слова «дубэльты».

ДУБЭЛЬТЫ

Наш знакаміты паэт-наватар Алесь Разанаў у адным са сваіх вершаў назваў вокны «вачамі хаты», якія не толькі ўсё бачаць, але захоўваюць утульнасць і камфорт жытла, асабліва з набліжэннем зімовых халадоў і сцю­дзёнага надвор’я. І каб гэты камфорт суадносіўся з прыгажосцю, чалавек заўсёды прыкладваў нямала намаганняў.

З дзяцінства памятаю: дзесьці ў кастрычніку-лістападзе я разам з бацькам, як і ўсе вяскоўцы, даставалі дадатковыя рамы і ставілі іх на вокны. Пасля лета гэтыя рамы са шклом, пакручаныя, скрыўленыя, не заўсёды з першага разу станавіліся на сваё прадвызначанае месца. Часам даводзілася папацець, пастарацца, каб яны ўсю зіму належна зберагалі цяплынь, якой шчодра дзялілася печка.

Вось на такое спалучэнне летняй рамы і ўстаўленай другой хораша гаварылі ў нас на Гродзен­шчыне — «дубэльты», што ў перакладзе на рускую мову азначае «вторые оконные рамы». Каб было прыгажэй, паміж рамамі клалі скручаную паперу ці вату, на якія ставілі цацкі, дэкаратыўныя гарбузы (па-руску «тыквы») ці што-небудзь іншае.

Прыйшло гэтае слоўка да нас з Нямеччыны — dubbelt. І прыжылося, стала сваім, блізкім. Ад яго натуральным чынам утварыліся іншыя: «дубальтоўка»(паляўнічая стрэльба з двума стваламі) , «дубальтовы» (які складаецца з двух аднародных або падобных прадметаў, час­так; падвойны). Яно стала яскравым прыкладам далучэння Беларусі (іншы раз праз польскае пасрэдніцтва) да агульнакультурных здабыткаў Заходняй Еўропы. Пра гэта сведчаць аднакаранёвыя словы: французскія double (дубль) , doubler (дубліраваць) , doubleur (дублёр) ; іспанскае doblon (дублон — даўнейшая залатая манета ў Іспаніі ХVI-ХІХ стагоддзяў, роўная двум пістолям) ; лацінскае dublicatus (дублікат — другі экзэмпляр дакумента).

І ў ХХІ стагоддзі вобразнае і гаваркое слоўка «дубэльты» працягвае жыць, значна пашырыўшы сваё першапачатковае значэнне. У вусным і пісьмовым маўленні ду­бэльтамі называюць любы прадмет, які складаецца з дзвюх частак: акуляры, дзверы, напрыклад, ці два бакалы, змацаваныя пасярэдзіне, што часам ставяць маладым на вяселлі.

Уладзімір Куліковіч

ТАЛАКАВЫРАЙКІЯХЯЛАВІЧЫНАХАЛЕПААСЯНЧУККАМЫ

HVALI.BY