Беларускія словы. Люты

Люты

 

Працягваем публікаваць матэрыялы з газеты «Вечерний Минск» з рубрыцы «Беларускае слоўка». На гэты раз мы напiшам пра беларускае слова «люты».

ЛЮТЫ

Другі месяц года ў беларусаў з сівой даўніны называўся люты, ва ўкраінцаў — лютий, палякаў — luty.

У аснове назвы — прыродныя факты. Было заўважана, што менавіта гэты месяц з’яўляецца для чалавека самым складаным сярод іншых у гадавым цыкле. Па-першае, выпадала шмат снегу, стаялі лютыя (гэта значыць моцныя) маразы. І прыказка пра гэта напамінае: «Пытаецца люты, ці добра ногі абуты». Па-другое, як кажуць у народзе: «Гэты месяц не дае доўга спаць: трэба плугі ладзіць і калёсы папраўляць». Люты — «час звярыных вяселляў». Па-трэцяе(заўважана псіхолагамі) , люты — самы горшы час для якаснага сну і засынання: людзі марнуюць у сярэднім на 8 хвілін даўжэй, каб заснуць. Таму, напэўна, старажытныя насельнікі Зямлі і зрабілі яго самым кароткім (месяц мае 28 дзён у звычайны год і 29 — у высакосны). У верхнялужыцкай мове ён так і называецца — mały róžk.

На тэрыторыі Беларусі люты называлі яшчэ бліннікам. Відаць, па той прычыне, што гэтай парой святкавалі Масленіцу напярэдадні Вялікага посту з сытай абрадавай ежай — блінамі.

Многія беларускія творцы прысвяцілі лютаму вершы и нават паэмы. А гурт «Дзецідзяцей», графічна вылучыўшы актуальныя склады, назваў гэтым слоўкам свой канцэрт — «ЛюТы», на якім упершыню прагучала аднайменная, шчымліва-рамантычная і мілагучная песня, дзе маюцца такія радкі: «Я так даўно не бачыла цябе! / Лю… Хто ўратуе мяне? Ты… / Што ўратуе мяне? / Лю… Хто ўратуе мяне? Ты…».

У старажытнасці апошні месяц зімы, таксама як і іншыя, меў на славянскіх тэрыторыях некалькі гаваркіх назваў, звязаных з адметнасцямі клімату або з рэальнымі гаспадарчымі патрэбамі: сечень — таму што наступаў час ссякаць дрэвы і ачышчаць зямлю пад пашню, ветродуй — частыя завірухі і мяцеліцы; межень — мяжа паміж зімой і вясной; бокогрей — гавяда выходзіць з хлявоў і абагравае свае бакі на сонцы, ды і самі гаспадары таксама паспяхова грэюць свае бакі ля печкі.

У расійскай мове выкарыстоўваецца назва февраль ад лацінскага Februa (свята ачышчэння). Па другой версіі, у Старажытным Рыме ў гэтым месяцы заканчваўся год, таму рымляне ладзілі вялікае свята, на якім прыносілі ахвяры ахоўніку статка богу Фебрэсу. У чэшскай мове назву другога месяца звязваюць з зімовай рыбалкай і выкарыстоўваюць слова únor, якое мае сувязь з дзеясловам nořit (se) — ныраць.

Слоўка люты ў беларускай мове можа быць і прыметнікам, які ў залежнасці ад спалучальнасці з іншымі словамі абазначае злую, крыважэрную жывёліну — люты воўк (па-руску — свирепый, лютый) ; жорсткага, бязлітаснага чалавека — люты пан (па-руску — жестокий, безжалостный) ; вельмі моцную ў сваім праяўленні з’яву прыроды — люты мароз (па-руску — очень сильный, пагубный, холодный).

Уладзімір КУЛІКОВІЧ

Іншыя словы з рубрыкі вы можаце паглядзець па тэгу БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА

HVALI.BY