Беларускія словы. Мытня

Мытня

Працягваем публікаваць матэрыялы  газеты «Вечерний Минск» з рубрыцы «Беларускае слоўка». На гэты раз мы напiшам пра беларускае слова «мытня».

 

МЫТНЯ

Шлях, які прайшло слоўка мыта і ўтвораныя ад яго мытня, мытнік, паказальны для шматлікай лексікі беларусаў. Гісторыя іх выкарыстання запэўнівае, што наша мова — жывы і здаровы арганізм, здольны пазбаўляцца ад іншародных ін’екцый і захоўваць нацыянальную першароднасць.

Трапіла слоўка мыта да нас у праславянскі перыяд (ІІІ-ІV ст.) з германскіх моў і абазначала ў той час пошліну за вываз тавараў або перагон жывёлы праз унутраныя заставы ўсходніх славян. Мовазнаўцы даказалі, што ад яго ўтварылася многа іншых слоў з суадносным значэннем, добра вядомых старажытным беларускім і рускім помнікам ХІV-ХVІІ ст.: мытаръ, мытник, мытоимец — зборшчык пошліны; мытня, мытарница, мытище — месца збору пошліны; мытаимство, мытарство — збор пошліны.

У сярэдзіне ХVІІ ст. мытаръ са значэннем зборшчык пошліны знікла ў рускай мове і набыло новае пераноснае значэнне — бядак, пакутнік, з якім яно ўжываецца і цяпер. А словы мыта і мытня саступілі месца новым: пошлина (ад уласна рускага пошьлъ — старадаўні, спрадвечны) і таможня (адцюркскага tamga — пошліна) , якое ў народаў Сярэдняй Азіі абазначала кляймо, што ставілася на розныя прадметы ў якасці знака ўласнасці. Цікавы факт. У дарэвалюцыйнай азбуцы літара Д называлася дабро, а сцяг, які адпавядаў гэтай літары, сярод сігналаў ваенна-марскога флоту меў значэнне так, згодзен, дазваляю. Гэты сігнал паспрыяў узнікненню фраземы даць дабро і вытворнаму ад яго рускамоўнаму выслоўю таможня дает добро, упершыню з’яўленаму ў фільме «Белое солн­це пустыни».

У нашай мове мытар са значэннем пакутнік, мытарства — пакута, мытарыць — пакутаваць не замацаваліся. Затое словы-тэрміны мыта (пошліна) , мытня і мытніца (таможня) , мытны (таможны) , мытнік (таможны чыноўнік) у якасці агульнапрынятых ужываліся да 30-х гг. ХХ ст. не толькі ў мастацкіх, публіцыстычных, але і ў навуковых працах, афіцыйных урадавых пастановах, абвестках: «Негарэльская мытніца абвяшчае, што ў г. Мінску на складзе Менскай мытніцы з 10-ай гадзіны раніцы 16-га ліпеня 1928 г. і ў наступныя дні адбудуцца аукцыйныя таргі на продаж канфіскаваных тавараў і пратэрмінаваных грузаў» ( «Звязда», 1928, №  157).

У канцы 30-х гадоў ХХ ст. гэтыя старажытныя слоўкі пад уплывам рускай мовы перахо­дзяць у разрад архаізмаў і застаюцца незапатрабаванымі амаль 50 гадоў, хаця зрэдку іх можна было сустрэць у мастацкіх творах дзеля адлюстравання жыццёвых рэалій мінулага.

Грамадска-палітычныя падзеі 90-х гг. ХХ ст. (стварэнне незалежнай дзяржавы) актуалізавалі пошук адметных нацыянальных назваў. Сучасная моўная прак­тыка і нарматыўныя слоўнікі сведчаць, што словы-тэрміны мыта, мытня, мытнік такімі сталіся: «У 1995 г. падпісана першая дамова аб стварэнні Мытнага саюза»; «З 2000 г. у ВНУ краіны ідзе падрыхтоўка па спецыяльнасці „мытная справа“.

Мытня — першае беларус­кае слоўка, з якім сутыкаюцца замежнікі, што прыязджаюць у Беларусь. Яго можна прачытаць на форме нашых абаронцаў дзяржаўнага суверэнітэту. У сувязі з гэтым прыгадваецца выпадак, расказаны адным з карыстальнікаў Інтэрнэта: „Укpаінская мытня. З „Опеля“ выходзяць негp і кітаец. Кітаец кypыць, негp ідзе па мытных справах, вяртаецца, садзіцца за pyль і гаворыць: «Hy що, кyм, поiхалы?“

Было б здорава, каб усе, хто перасякае нашу мяжу, пасля праходжання беларускай мытні таксама з цудоўным настроем прамаўлялі па-беларуску: „Ну што, сябра, паехалі!“

Уладзімір КУЛІКОВІЧ

Іншыя словы з рубрыкі вы можаце паглядзець па тэгу БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА

HVALI.BY