Беларускія словы. «Немаўля»

Немаўля

 

Працягваем публікаваць матэрыялы з газеты «Вечерний Минск» з рубрыцы «Беларускае слоўка». На гэты раз мы напiшам пра беларускае слова «немаўля».

НЕМАЎЛЯ

Лексічная адзінка немаўля (параўнайце: укр. немовля, польск. niemowle, чэш. niemluvě) адносна новая для беларускай літаратурнай мовы. Дакладна вядома: яно не фіксавалася ніякімі слоўнікамі да першай паловы ХХ стагоддзя, бо яшчэ ў 1950 годзе наш славуты Якуб Колас прызнаваўся, што не чуў гэтага някепскага, на яго погляд, слоўка і вымушаны быў звяртацца за тлумачэннем да Максіма Лужаніна — пісьменніка, у творы якога яно фігуравала.

Толькі з 70-х гадоў ХХ стагоддзя слоўка набыло законныя правы грамадзянства ў нашых лексікаграфічных выданнях. Штуршком таму стаў артыкул Я.Рапановіча «Да пытання пра словы немаўля і арэлі» (1969 г.) , дзе адзначалася: «Слова каларытнае і намнога прыемнейшае за нованароджаны. Так і карціц­ь пацікавіцца: хіба бывае і старанароджаны?.. Звонкім, празрыстым словам немаўля — немаўляты, немаўлятка — немаўляткі, арэлі (расейскіадпаведнік качели. — Прым. аўт.) варта дац­ь месца ў „Тлумачальным слоўніку беларускай мовы“, які рыхтуе Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР. Хай добрасумленна служац­ь нашай роднай мове…»

І пажаданне мовазнаўцы спраўдзілася. Сёння немаўля з немаўляткам шырока выкарыс­тоўваюцца ва ўсіх стылях беларускай мовы і маюц­ь значэнне малое дзіця, якое не ўмее гаварыц­ь, мовіц­ь: «У Маладзечне нарадзілася 1000-е немаўля»; «Адзенне для немаўлятаў»; «Другое немаўля ў суправаджэнні аднаго дарос­лага афармляецца як дзіця ад 2 да 12 гадоў»; «З немаўлятамі — сяброўкі: / — Ці ўначы чувац­ь тваю? / Мой дык ледзь нахмурыц­ь броўкі / І заплача — я пяю». Яно з’яўляецца назвай асобных твораў і нават крэатыўных праектаў. Напрыклад, Алесь Аркуш адзін з вершаў так і назваў — «Немаўля», а стваральнікі інтэрнэт-партала Tuzin.fm. рэалізавалі задуму пад назвай «Тузін.Немаўля», паводле якой сучасныя беларускія выканаўцы стварылі саўндтрэкі да першых беларускіх нямых фільмаў і «прадставілі ўжывую на сцэне ў фармаце кінаканцэрта». Як адзначыў адзін з кіраўнікоў праекта: «… найбольш яскрава перадае нашу ідэю слова немаўля, дзе абыгрываецца і малы век тагачаснага беларускага кінематографа, і тая асаблівасц­ь, што стужкі былі па першым часе нямыя, а апошнія дзве літары да ўсяго намякаюц­ь на музычны складнік праекту».

Пры перакладзе на расейскую мову слоўка немаўля выкарыстоўваюцца младенец, карапуз і нават не зусім удалае новорожденный, а для слоў немаўлятка, немаўляткі — карапузик, карапузики.

Уладзімір КУЛІКОВІЧ

Іншыя словы з рубрыкі вы можаце паглядзець па тэгу БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА

HVALI.BY