Беларускія словы. «Пекны»

Вучыце родную мовуПрацягваем публікаваць матэрыялы з газеты «Вечерний Минск» з рубрыцы «Беларускае слоўка». На гэты раз мы напiшам пра беларускае слова «певны».

ПЕКНЫ

Як пісаў прафесар А.Анічэнка: «Значная колькасць запазычанняў з польскай мовы захавалася да нашага часу, а іх асвоенасць беларус­кай і ўкраінскай моўнымі сістэмамі аказалася настолькі поўнай, што яны сталі арганічнай часткай слоўнікавага складу гэтых моў».

Слоўка пекны і ўтворанае ад яго пекната большасць навукоўцаў адносяц­ь да ліку такіх. Праўда, не выключаюц­ь, што трапіць у нашу мову яны маглі непасрэдна з літоўскай, дзе bingùs абазначае прыгожы, выкармлены, прадстаўнічы, ці лацінскай — pingius абазначае тлусты. Прыметнік пекны вядомы і іншым славянскім мовам, акрамя польскай: чэшскай — рĕkný, славацкай — реkný, лужыцкай — рĕknу.

У старабеларускай мове пенкный, пекный, пиенкный (прыгожы) i пекность, пенкность, пякность, пянктность (прыгажосць) вядомыя з ХVІ стагоддзя. Шырока ўжываліся яны ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя: «Што мне пекны Парыж… „ (В.Дунін-Марцінкевіч) , „Выйшаў хлопец з той дубровы, Хлопец пекны, стройны гэткі“. (Я.Купала). У 20-я гады ХХ стагоддзя М.Байкоў і В.Ластоўскі ўключылі іх у нарматыўныя слоўнікі беларускай мовы. Аднак з 19З0-х гэтыя самабытныя лексічныя адзінкі з празрыстай унут­ранай формай і сталай моўнай традыцыяй пачалі выцясняцца больш нейтральнымі па сваім ацэначным значэнні: пекны — прыгожы (красивый) , пекната — прыгажосць (красота). Прапаноўваліся і іншыя: харошы, пазорны, лёсы. І вось ужо сёння складальнікі лексікаграфічных даведнікаў пачатку ХХІ стагоддзя не ўключаюць пекны і пекната ў слоўнікі, хаця і прызнаюц­ь, што яны не з’яўляюцца іншароднымі для беларускай лексічнай сістэмы. Сустрэць іх можна хіба што ў «Слоўніку архаізмаў і гістарызмаў“ С. Струкавай (2007).

Нягледзячы на адсутнасць у сучасных даведніках, слоўкі пекны і пекната працягваюць жыць і актыўна выкарыс­тоўвацца пісьменнікамі, аўтарамі беларускамоўных публікацый у СМІ, каб перадаць адным словам і захапленне, і здзіўленне, і радасць, і замілаванне, і любоў — той эмацыянальны настрой, што амаль адначасова адлюстроўваюц­ь рускія словы красивый, привлекательный, чудесный, мудрый, обаятельный, тое адчуванне, якое выразіў словам лепота цар Іван Васільевіч з фільма „Иван Васильевич меняет профессию“. Некалькі кантэкстаў: „Упляло ў маю косаньку лета / Сіняй Ясельды пекны касьнік“ (Я.Янішчыц) ; „Які пекны слаўны дзянёк!“; „А цяпер пекная дзяўчына жыве на дзве краіны“.

Беларуская мова заўсёды вылучалася сваім эмацыянальным патэнцыялам, які часткова быў забыты ці зведзены ў нябыт у савецкія часы. Таму сёння варта больш актыўна выкарыстоўваць старабеларускі пласт лексікі, сярод якога можна знайсці шмат цікавых запамінальных слоў-вобразаў, адпаведных як лінгвістычнай сутнасці нашай мовы, так і ўнутранаму стану нашага чалавека.

Уладзімір КУЛІКОВІЧ

Іншыя словы з рубрыкі вы можаце паглядзець па тэгу БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА

HVALI.BY