Беларускія словы. «Прынамсі»

Вучыце родную мовуПрацягваем публікаваць матэрыялы з газеты «Вечерний Минск» з рубрыцы «Беларускае слоўка». На гэты раз мы напiшам пра беларускае слова «прынамсі».

ПРЫНАМСІ

Напрыклад, каб выразіць сваю ўпэўненасць, мы выкарыстаем словы безумоўна, бясспрэчна, вядома. (Беларуская мова, бясспрэчна, пявучая мова свету.) Калі ў чымсьці няўпэўнены, то абавязкова ўключым у сказ мабыць, мусіць, магчыма, відаць. (Толькi ў лютым, магчыма, снегу бу­дзе многа.) Такія слоўкі прынята называць пабочнымі. Яны быццам стаяць збоку ад тых, што маюць лексічнае значэнне, і акрамя ацэначнай характарыстыкі надаюць выказванню пявучасць, мілагучнасць, мяккасць.

Менавіта такім з’яўляецца і слоўка прынамсі, гэта значыць ва ўсякім разе. Пры пера­кладзе на рускую мову яно гучыць так: по крайней мере, в частности. Складальнікі «Этымалагічнага слоўніка беларус­кай мовы» лічаць, што ўтварыцца яно магло ад слоў пры нáйменей, запазычаных з польскай мовы przynajmniej (па меншай меры) , што, як і ўкраінскае принаймні, з’яўляецца калькай з нямецкай мовы — am mindesten.

Вось некалькі прыкладаў, дзе функцыянуе гэтае прыгожае наскае слоўка, якое сваім гучаннем заўжды лашчыць слых знаўцаў мовы, а ў небеларусаў выклікае пачуццё захаплення і абавязковае пытанне: «Што такое прынамсі?»:

Салдат зычным голасам закрычаў да камандзіра батальёна так, быццам быў, прынамсі, палкоўнікам (А. Карпюк).

Некаторыя спецыяліс­ты лічаць беларускамоўную рэкламу больш запамінальнай — прынамсі, яна выбіваецца з татальнай масы рускамоўнай.

Шаноўны дружа! Мы рады вітаць цябе на нашым сайце. Спадзяёмся, што табе ён будзе карысным ці, прынамсі, ты знойдзеш тут штось цікавае для сябе.

Усім вернікам касцёл наказвае спавядацца прынамсі раз у год.

Уладзімір КУЛІКОВІЧ

Іншыя словы з рубрыкі вы можаце паглядзець па тэгу БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА

HVALI.BY