Ганна Севярынец “Мая школа” — рэцэнзія

Ганна Севярынец Мая школаЯшчэ больш рэцэнзій і навін пра беларускую літаратуру чытайце:

      

Пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец выдала новую кнігу, у якой перад намі паўстаюць не Алесь Дудар ці Уладзімір Дубоўка, якіх мы прывыклі бачыць у іншых творах Ганны, а вучні і супрацоўнікі школы ў выдуманым беларускім мястэчку Чарэпіты. Той, хто прачытае твор, будзе адчуваць, што і сам скончыў гэтую сярэднюю школу. Настолькі знаёмымі падаюцца яе насельнікі. 

Я чытала і чакала, калі ж Ганна сарвецца і пачне расказваць пра літаратараў 20-30-х гадоў. Гэта адбылося! Праўда, на 175 старонцы і нядоўга. Бо кніга не пра тое. Гэта своеасаблівы дзённік настаўніцы, у якім яна расказвае, што адбываецца ў іх школе, якія сустракаюцца калегі і вучні. Важна, што імя настаўніцы ў кнізе супадае з імем аўтаркі — Ганна Канстанцінаўна, і выкладае яна таксама рускую мову і літаратуру.

Твор пачынаецца дысклеймерам, што ўсе падзеі выдуманыя, а супадзенні з рэальнасцю выпадковыя. Праўда, у інтэрв’ю Радыё Свабода Ганна пацвердзіла, што ў герояў былі прататыпы. Так склалася, што вобразы ў новай кнізе аказаліся даволі ўніверсальнымі. Мяркую, вопыт настаўніцкай працы ў Смалявіцкай гімназіі не быў лішнім для напісання гэтай кнігі. Вобраз горада і школы таксама зборны. Так магла б выглядаць сярэдняя школа ў любым невялікім правінцыйным мястэчку, дзе ўсе ўсіх ведаюць, бацькі могуць наўпрост звяртацца да настаўнікаў, а настаўнікі выдатна ведаюць сямейныя абставіны вучняў.

У творы процьма трапных заўваг наконт адукацыйных рэалій, знаёмых кожнаму, хто вучыўся ў школе. Прычым, няважна, ці гэта была савецкая школа, ці сучасная беларуская. Напрыклад, многія чулі роспачны лямант настаўніцы, калі бярэш з яе стала ручку, а ў адказ чуеш: «Не чапай, гэта журнальная!». А, журнальная, пакладу лепш на месца, гэта ж святое. Магчыма, у вас нават быў аднакласнік, якога добра ведалі не настаўнікі, а ўчастковы. А настаўнікі горача абмяркоўвалі, як правільна ставіць у журнал адзнакі за чытанне вершаў: у слупок ці ў розныя клетачкі. 

Кніга паказвае недасканаласць нашай сістэмы адукацыі, калі настаўнікі замест індывідуальнага падыходу да вучняў думаюць выключна пра тое, як правільна запоўніць усе паперкі. А яшчэ гуляюцца ў “Бітву экстрасэнсаў”, калі ў пачатку навучальнага года пачынаюць думаць, хто ж з іх вучняў стане самым паспяховым і атрымае 100 балаў на ЦТ. Чаму яны мусяць пра гэта ведаць загадзя? Спытайце ў Міністэрстве адукацыі. Яны лічаць, што настаўнікі валодаюць звышздольнасцямі. Засталося толькі пачаць зараджаць ваду.

Гэта вельмі смешная, жыццёвая і цёплая кніга, прасякнутая любоўю аўтаркі да сваёй працы. А калі вы працуеце ў школе, то гэта проста мастрыд.

P.S. Ёсць, вядома ж, і мінусы — памылкі-памылачкі, куды без іх. Ніжэй парачка прыкладаў. Кнігу горш не робяць, але лепш бы іх не было.

Ёсць на свеце тры падобныя між сабой містычныя рэчы: Бермудскі трохкутнік, лятучы галандзец і чарэпіцкі кабінет хіміі.

Bookvajed

HVALI.BY