Якуб Колас атрымаў званне народнага паэта ў 1926 годзе. Ён па праву знаходзіцца на адным радку з Янкам Купалам. Гэта два таленавітых чалавека, якія нарадзіліся ў адзін год, жылі і тварылі ў адзін час, якія выпрабавалі як узлёты, так і моманты знявагі ад савецкай улады. І абодва стварылі сапраўдныя шэдэўры беларускай літаратуры.
Біяграфія Якуба Коласа
Якуб Колас (сапраўднае імя — Канстанцін Міцкевіч) нарадзіўся ў 1882 годзе ў вёсцы Акінчыцы (сёння — тэрыторыя горада Стоўбцы) у сям’і лесніка. Бацькі будучага пісьменніка былі родам з вёскі Мікалаеўшчына. У Канстанціна было яшчэ дванаццаць братоў і сясцёр. Але з-за недаядання і хвароб да дарослага ўзросту дажылі дзевяць.
Сям’я Міцкевічаў з-за прафесіі бацькі часта мяняла месца жыхарства. Таму адукацыю хлопчык атрымліваў спачатку дома, а толькі потым у школе. Вялікі ўплыў на будучага паэта аказаў яго дзядзька Антось, які з ранніх гадоў прывучыщ пляменніка да чытання. У 12-гадовым узросце Міцкевіч упершыню знаёміцца з беларускай літаратурай.
Канстанцін скончыў спачатку народную школу, а затым, у 1902 годзе, Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Падчас вучобы захапіўся мастацкай літаратурай: чытаў як рускіх класікаў, так беларускіх і замежных аўтараў. Пісаў уласныя вершы на рускай мове. Таксама праявіў сябе як этнограф — запісваў ў сшыткі народны фальклор.
У 1902-1906 гадах працаваў настаўнікам у Пінскім раёне ў вёсках Люсіна і Пінкавічы. Працягваў збіраць фальклор.
Быў адным з арганізатараў незаконнага настаўніцкага з’езду 1906 года. З’езд разагнала паліцыя. А Міцкевічу забаранілі займацца настаўніцкай дзейнасцю. Але насуперак указа ён да 1912 года працаваў нелегальна. Пазней падзеі гэтых гадоў ляглі ў аснову рамана «На ростанях».
У 1906-1907 гадах у вёсцы Смалярня адкрыў прыватную школу. У 1907 пераехаў у Вільню, дзе працаваў загадчыкам аддзела літаратуры ў «Нашай Ніве», але па ўказанні паліцыі звольніўся і пакінуў горад. У пачатку 1908 года некаторы час працаваў настаўнікам у вёсцы Сані, пасля чаго быў арыштаваны па абвінавачванні ў рэвалюцыйнай дзейнасці, накіраванай на ліквідацыю дзеючага дзяржаўнага ладу.
Міцкевіча асудзілі на 3 гады, ўвесь час зняволення (1908-1911) ён правёў у Мінскай турме. На працягу тэрміну працягваў ствараць творы. Пасля вызвалення вярнуўся на Піншчыну, дзе працаваў настаўнікам да 1914 года. У 1915 разам з сям’ёй эвакуіраваўся ў Падмаскоўе, дзе працаваў настаўнікам, але неўзабаве яго мабілізавалі ў войска.
У 1916 годзе па экспрэс-праграме скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча і быў накіраваны на службу ў Пермь. У 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт. Але з-за хваробы, неўзабаве, пакінуў зону баявых дзеянняў, а пазней як настаўнік быў дэмабілізаваны. З 1918 да 1921 года працаваў настаўнікам у горадзе Абаянь (Курская вобласць). У 1921 вярнуўся ў Мінск.
20-я гады — час творчага поспеху для Якуба Коласа. Ён становіцца вядомым пісьменнікам, яго чытаюць і ведаюць. Ён вядзе актыўнае грамадскае жыццё. З 1929 займае пасаду віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР. Прымае ўдзел у з’ездах пісьменнікаў.
З сярэдзіны 20-х гадоў ім зацікавіліся рэпрэсіўныя органы. У 1925 у кватэры Коласа праходзіць вобшук, частка дакументаў канфіскуецца. Пісьменніку ладзяць шматгадзінны допыт. У 30-х сітуацыя пагаршаецца. Коласа ўвесь час крытыкуюць, абвінавачваюць у нацдэмаўшчыне. На розных узроўнях, ад пасяджэнняў, да публікацый у газетах паўтараюць, што ў сваіх творах ён ідэалізуе кулацтва і прыватную ўласнасць, а таксама бескласавасць беларускага народа. У гэты час арыштоўваюцца і рэпрэсуюцца блізкія пісьменніка — Язэп Лёсік і Аляксандр Каменскі. Колас вымушаны пакаяцца ў прэсе ва ўсіх прыпісаных яму грахах і паабяцаць у далейшым пісаць толькі правільную, ідэалагічна вывераную літаратуру. Зрэшты, ціск на яго гэта не спыніла.
У 1938 годзе ў кватэры паэта праходзіць новы ператрус. З пісьменнікам абыходзяцца зневажальна — ставяць да сценкі, як злачынца. Шукалі зброю, якая не была знойдзена. Коласу пагражаў арышт. Лічыцца, што шырокая вядомасць перашкодзіла савецкай уладзе рэпрэсаваць яго гэтак жа, як іншых беларусаў.
Падчас вайны Якуб Колас жыве ў Маскве і Ташкенце. Пасля вызвалення Мінска ў 1944 годзе вяртаецца на радзіму. Працуе ў Акадэміі навук, вядзе актыўную грамадска-палітычнае жыццё: абіраўся дэпутатам вярхоўнага савета БССР (1938-1956) і вярхоўнага савета СССР (1946-1956). Быў старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру.
У апошнія гады Колас шмат хварэў. За 10 гадоў 26 разоў перанёс запаленне лёгкіх. Але працягваў ствараць новыя творы і памёр за працоўным сталом 13 жніўня 1956 году ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску, недалёка ад магілы Янкі Купалы.
У дзень смерці Якуб Колас напісаў ліст у вышэйшыя органы партыі, у якім выказаў занепакоенасць станам беларускай мовы, прадказаў яе заняпад. Прапаноўваў меры па абароне беларускай мовы.
Сам ліст доўгія гады быў засакрэчаны. Аб яго існаванні не ведалі нават блізкія сябры паэта. Упершыню апублікавана ліст быў у 1990 годзе. А некалькі гадоў таму мы адшукалі яго ў Нацыянальнай бібліятэцы і набралі. Зараз усе могуць азнаёміцца з апошнім лістом Якуба Коласа, які выглядае ледзь не прароцкім.
Творчасць Якуба Коласа
Ужо ў 10-гадовым узросце Колас, пад уплывам баек Крылова, напісаў першы твор «Варона і ліса». У 12 гадоў стварыў першы верш «Вясна». Упершыню на беларускай мове спрабуе пісаць падчас вучобы ў настаўніцкай семінарыі. На роднай мове былі напісаныя паэмы «Каля Кастра» і «Страх», а таксама празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле». Нажаль, гэтыя тэксты не захаваліся да нашага часу.
У семінарыі талент Міцкевіча заўважае выкладчык — Фядот Кудрынскі. Ён прачытаў апавяданні Коласа і адзначыў, што беларускамоўныя творы значна лепш рускамоўных.
Першы надрукаваны верш, «Край Радзімы», з’явіўся 1 верасня 1906 года ў газеце «Наша доля». Тут паэт упершыню выкарыстаў свой псеўданім — Якуб Колас. А 15 верасня ў гэтай жа газеце, але пад іншым псеўданімам, Дзядзька Карусь, апублікавана празаічны твор «Слабада». Супрацоўнічае пісьменнік і з іншым вядомым беларускім выданнем — «Нашай Нівай».
Актыўны этап творчасці ў Якуба Коласа пачынаецца ў зняволенні, калі ён быў адарваны ад настаўніцкай працы. Першы зборнік вершаў — «Песні жальбы» — выходзіць у 1910 годзе. У 1912 ён выдае зборнік прозы «Апавяданні». Раннія вершы Коласа высока ацаніў Максім Горкі. Таксама ў 1909 годзе ў Санкт-Пецярбургу выходзіць падручнік яго аўтарства «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». У 1910 Колас, будучы ў зняволенні, пачаў ствараць паэмы «Сымон-музыка» і «Новая зямля».
У 1912 годзе на хутары Смольня ўпершыню сустракаецца з Янкам Купалам. Гэта сустрэча паклала пачатак сяброўству. Але многія даследчыкі сыходзяцца ў меркаванні, што ў зносінах больш пераважаў дух суперніцтва.
У 1913 годзе ў Санкт-Пецярбургу выходзяць адразу тры кнігі пісьменніка — «Нёманаў дар», «Тоўстае палена» і зборнік вершаваных апавяданняў «Прапаў чалавек». У 1914 годзе ў Вільні выходзіць зборнік прозы «Родныя з’явы». А ў 1916 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выходзіць з друку першы драматычны твор Якуба Коласа — «Чарка ўсё на свеце робіць».
Пасля рэвалюцыі ў 1922 годзе ў Мінску выходзіць зборнік вершаў паэта «Водгулле». Ён прасякнуты антываеннымі настроямі, а таксама вершамі аб працы на карысць роднай зямлі. У 1923 годзе публікуецца адзна з галоўных прац у жыцці Коласа — паэма «Новая зямля». А ў 1925 у часопісе «Полымя» друкуецца яшчэ адна знакавая паэма — «Сымон-музыка».
У гэтыя ж гады пісьменнік стварае дзве вялікія аповесці — «У палескай глушы» (1923) і «У глыбі Палесся» (1927). У будучыні яны ўвойдуць у склад рамана «На ростанях». Гэта самы вялікі і значны празаічны тэкст пісьменніка. Ён заснаваны на біяграфічных ўспамінах. У гэты час Колас стварае шмат твораў, заснаваных на ўспамінах. Напрыклад, п’еса «Забастоўшчыкі» (1925) (аб нелегальным настаўніцкім з’ездзе), аповесць «На прасторах жыцця» (1926) (аб праблемах адукацыі і творчага развіцця моладзі).
Лічыцца, што ўжо ў канцы 20-х гадоў з-за моцнай цэнзуры, а таксама пастаяннага ціску на пісьменніка яго творчасць перажывае сур’ёзныя змены. Яго прымушаюць ствараць выключна тыя творы, якія пойдуць на карысць савецкай улады. З’яўляюцца творы накіраваныя на падтрымку калектывізацыі. Напрыклад, аповесць «Адшчапенец» (1932). У ёй, насуперак сваіх поглядаў, апісаных у паэме «Новая зямля», аўтар паказвае, што калектывізацыя для селяніна — дабро.
У 1933 годзе выходзіць аповесць «Дрыгва» (1933), прысвечаная грамадзянскай вайне. Падчас вайны вершы пісьменніка, яго публіцыстычныя нататкі, паэмы прысвечаны праслаўленню савецкага гераізму і выкрыцця фашыстаў.
У 1953 годзе Колас прымае актыўны ўдзел у стварэнні «Руска-беларускага слоўніка». У 1954 скончыў працу над аповесцю «На ростанях». Разам з аповесцямі «У палескай глушы» (1923) і «У глыбі Палесся» (1927) яны ўвойдуць у раман «На ростанях», у якім распавядаецца пра падзеі з жыцця пісьменніка ў 1906-1911 гадах.
Пісьменнік займаўся і перакладчыцкай дзейнасцю. Працаваў з тэкстамі на рускай, украінскай і польскай мовах. Творы самога Коласа перакладзены больш чым на 40 моў свету. Часцей за ўсё паэт перакладаўся на рускую (больш за 80 кніг) і ўкраінскую мовы.
У 1972-1978 гадах выйшаў збор твораў пісьменніка ў 14 тамах.
Творы паэта не раз былі экранізаваныя. У 1929 годзе — «Песня вясны» (паводле аповесці «На прасторах жыцця»), у 1960 — «Першыя выпрабаванні» (па матывам трылогіі «На ростанях»), у 1976 — тэлеспектакль «Сымон-музыка», у 1982 — двухсерыйны фільм «Новая зямля», 2012 — чатырохсерыйны фільм «Талаш» (паводле аповесці «Дрыгва»).
Што пачытаць з творчасці Якуба Коласа
Як і ў выпадку з Купалам, варта звярнуць увагу на раннія творы Коласа. А калі вы да гэтага часу не чыталі яго паэмы «Сымон-музыка» і «Новая зямля» — абавязкова зрабіце гэта. Не прапусціце таксама раман «На ростанях».
Узнагароды і памяць
У 1946 годзе ўзнагароджаны Сталінскай прэміяй першай ступені за верша «Салар», «Голас зямлі», «На Захад», «Маямі Сябра», «Родны шлях» і іншыя. А ў 1949 годзе ўзнагароджаны Сталінскай прэміяй другой ступені за паэму «Рыбакова хата».
Узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У Мінску на вуліцы Акадэмічная, 5 дзейнічае Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. На радзіме паэта адкрыты філіял музея «Мікалаеўшчына», які аб’ядноўвае чатыры сядзібы — Смольня, Акінчыцы, Альбуць і Ласток.
За творы прозы, працы ў галіне літаратуразнаўства і крытыкі ў Беларусі прысуджаецца Дзяржаўная прэмія імя Якуба Коласа.
У 1957 годзе была выпушчана паштовая марка СССР з выявай Якуба Коласа. У 1992 годзе Цэнтральны банк Расійскай Федэрацыі выпусціў памятную манету ў гонар паэта. У 2002 годзе ў Беларусі выпушчаныя манета і марка, прысвечаныя 120-гадоваму юбілею з дня нараджэння Коласа.
У розных гарадах Беларусі паэту ўсталяваны помнікі, а яго імя носяць вуліцы, плошчы, адукацыйныя і культурныя ўстановы. У Мінску на плошчы Якуба Коласа створана архітэктурная кампазіцыя, у цэнтры якой размешчаны помнік паэту, злева ад яго — помнік, прысвечаны паэме «Сымон-музыка», а справа — аповесці «Дрыгва».
Помнікі паэту, акрамя Мінска, устаноўлены ў вёсцы Мікалаеўшчына, Навагрудку, Нясвіжы, іншых населеных пунктах.
Імя паэта носіць Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, Цэнтральная навуковая бібліятэка Акадэміі навук.
Літаратурныя легенда пра Якуба Коласа
1. У Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, дзе вучыўся Якуб Колас, за ім замацавалася мянушка «Волат» з-за вялікай фізічнай сілы.
2. Важнае месца ў жыцці Коласа займала стральба. Яшчэ ў войску ён быў самым трапным ў сваёй роце ў стральбе з нагана і малакалібернай вінтоўкі. А пасля службы паэт працягваў удзельнічаць у спаборніцтвах. І нават атрымаў званне «Майстар спорту па стэндавай стральбе».
3. Гэтая легенда агульная для Купалы і Коласа. Вядома, што хоць у жыцці яны і былі сябрамі, у прафесійнай сферы лічыліся канкурэнтамі. Такімі ж канкурэнтамі яны былі і за шахматнай дошкай. Янка Купала гуляў у шахматы лепш, і таму вельмі хваляваўся, калі Коласу ўдавалася выйграць. І вось, падчас адной з партый, калі Купала відавочна прайграваў, ён пасля чарговага ўдалага ходу свайго апанента ўсклікнуў: «Ах ты, мужык!». Колас не застаўся ў даўгу і адказаў: «А ты — шляхцюк!» Завязалася бойка, усе фігуры былі змецены з шахматнай дошкі. Так Янка Купала выратаваўся ад паразы.
4. Дзед Талаш (сапраўднае імя Васіль Талаш) асоба сапраўды легендарная. Удзельнік савецка-польскай і Другой сусветнай войнаў, заўзяты прыхільнік савецкай улады ён, тым не менш, адмовіўся ўступаць у калгас і жыў аднаасобнікам. Нядзіўна, што такі каларытны персанаж стаў адным з ключавых герояў твора «Дрыгва» Коласа. Вось толькі паэт нават не ўяўляў у што гэта выльецца. Герой стаў тэрарызаваць пісьменніка, патрабуючы сабе працэнт ад ганарару. У выніку ім удалося прымірыцца і нават сустрэцца ў рэальным жыцці.
Другие статьи о Народных поэтах Беларуси:
Янка Купала (1925)
Петрусь Бровка (1962)
Аркадий Кулешов (1968)
Максим Танк (1968)
Пимен Панченко (1973)
Нил Гилевич (1991)
Рыгор Бородулин (1992)