Самыя вядомыя кіраўнікі Беларусі

На працягу дзесяці стагоддзяў нашай краінай кіравалі самыя розныя людзі. Нехта з іх назаўсёды захаваў сваё імя ў гісторыі, пра іншых нам нагадваюць толькі ў школе ды вышэйшых навучальных установах. Мы вырашылі зрабіць апытанку сярод жыхароў сталіцы, каб выявіць – каго з былых кіраўнікоў нашай дзяржавы мінчане памятуюць лепш за ўсіх.

Апытанка праводзілася выключна каля ст.м.Няміга на працягу некалькіх дзён у красавіку, траўні і верасні. У скаладанні спісу паўдзельнічала 96 чалавек рознага ўзросту і сацыяльнага статуса. З гэтых людзей 16 чалавек былі школьнікамі, 44 чалавек – маладымі людзьмі ад 18 да 35 гадоў, 26 чалавек – людзі ад 36 да 60, і 10 чалавек былі старэйшымі за 60 год.

Кожнага з удзельнікаў апытанкі мы прасілі прапанаваць нам трох людзей, якія некалі былі кіраўнікамі нашай дзяржавы. Да адказу не прымаліся сучасныя палітыкі, а таксама кіраўнікі СССР ці Расійскай Імперыі.

Зразумела, што падчас апытання ў нас не было нейкай асаблівай методыкі, ці выбаркі. Таму і публікацыя гэта носіць не навуковы, і нават не даследчы характар. Проста цікавая інфармацыя.

 

1. Князь Усяслаў Чарадзей

За Усяслава Чарадзея выказалася 63 апытаных. Яго добра ведаюць як школьнікі, так і людзі старэйшага ўзросту. Нават тыя, хто ніколі не чуў пра існаванне Вітаўта, адразу ўспаміналі полацкага кіраўніка.

Больш за 50 год, на працягу якіх Усяслаў быў князем, ён паспеў спаліць Ноўгарад, пакіраваць Кіевам, пабудаваць Сафійскі Сабор і значна пашырыць межы сваёй дзяржавы. Менавіта пры Ўсяславе Полацкае княства дасягнула свайго росквіту. А яшчэ, менавіта  з удзелам Усяслава адбылася самая вялікая і крывавая бойка тых часоў – Бітва на Нямізе. Яе сыход дагэтуль выклікае шматлікія спрэчкі. Напрыклад, чаму пасля паразы кіеўляне не пераследавалі Усяслава, і чаму менавіта яны выклікалі яго на перамовы, а потым па-здрадніцку паланілі? Але наконт гэтага хай сабе спрачаюцца гістоыркі.

Што тычыцца яго прозвішча, Чарадзей, то магчыма з-за яго Усяслава і да сёння добра памятуюць. Бо для шмат каго з мінулых школьнікаў менавіта аповед пра князя-ваўкалака быў самым цікавым з усяго падручніка па гісторыі Беларусі.

 

2. Вялікі князь Вітаўт

Больш за палову ўдзельнікаў апытання назвалі Вітаўта адным з самых знакамітых кіраўнікоў Беларусі. Цікава, што ў большасці гэта былі маладыя людзі ад 18 да 35 гадоў.

Калі Полацкае княства дасягнула свайго росквіту пры Усяславе Брачыслававічы, то Вялікае Княства Літоўскае – пры Вітаўце. Межы дзяржавы ў той час значна пашырыліся. На поўдні у краіны быў выхад да Чорнага Мора, а на поўначы – да балтыйскага. Была ліквідавана небяспека з боку крыжакоў і татар, а маскавіты яшчэ былі вельмі слабыя, каб хоць неяк супрацьстаяць Літве.

Але лёс Вітаўта быў цяжкі. Яшчэ ў маладосці амаль на яго вачах забілі бацьку, а ён доўгі час павінен быў ратавацца ад свайго дзядзькі Ягайлы за мяжой. Ужо тады ён праявіў сябе як таленавіты дыпламат. Дзеля вяртання ўлады нават дамовіўся з крыжакамі.

На шчасце, хутка Ягайла з’ехаў у Польшчу і каб суняць пляменніка амаль дараваў яму усю краіну. А ўжо ў 1410 годзе ворагі, Вітаўт і Ягайла, разам супрацьстаялі крыжакам пад Грунвальдам і дамагліся гістарычнай перамогі. А сама бітва стала найвялікшай ва Ўсходняй Еўропе на той час.

Апошнія гады кіравання Вітаўта былі спакойныя для краіны. Нешматлікія ворагі проста баяліся моцнага суседа. Вітаўт нават хацеў стаць каралём, але не атрымалася. Амаль адразу пасля смерці князя ў княстве пачалася грамадзянская вайна за ўладу.

 

3. Першы сакратар ЦК кампартыі БССР Пётр Машэраў

Пётр Машэраў, сакратар кампартыі

Адзіны чалавек у нашым спісе, які кіраваў не самастойнай краінай, а асобнай часткай вялікай імперыі. Спачатку мы нават думалі не прымаць у разлік Машэрава, але за яго выказалася толькі на аднаго чалавека меньш, чым за Вітаўта. Таму прыйшлося пакінуць яго ў спісе. Цікава, што Машэрава часцей за ўсё выбіралі пенсіянеры (8 з 10 апытаных) і людзі старэйшага ўзросту.

Пётр Машэраў – фігура для нашай краіны вельмі спрэчная. З аднаго боку лічыцца, што менавіта пры ім БССР дасягнула свайго росквіту і стала адной з самых паспяховых рэспублік Савецкага Саюза. З іншага боку, беларуская мова і культура амаль зніклі, меней стала беларускамоўных класаў у школах. Між іншым, сам Машэраў паважаў пісьменнікаў і даволі часта сустракаўся з творчай беларускамоўнай інтэлігенцыяй.

Але той факт, што Машэраў знаходзіцца ў нашым спісе, яшчэ раз паказвае, што большасці людзей усё роўна, на якой мове размаўляць – было б толькі што паесці. Бо звычайны чалавек не памятае, што яшчэ зрабіў Машэраў, акрамя таго, што ў крамах хапала ежы, а за сталом заўсёды была чарка са шкваркай.

 

4. Князь Рагвалод

Рагвалод – першы летапісна вядомы князь першага летапісна вядомага дзяржаўнага ўтварэння на беларускіх землях – Полацкага княства. Але акрамя тытула “першы”, больш пра Рагвалода і ўспомніць няма чаго. Ён прыйшоў з-за мора, а значыцца быў варагам, не належыў да дынастыі Рурыкавічаў і верагодна таму захоўваў ад Кіева пэўную самастойнасць. А версій пра тое, кім жа на самой справе з’яўляўся Рагвалод, сёння існуе шмат. Каму цікава – глядзіце Вікіпедыю.

У Рагвалода было два сыны, забітыя разам з ім кіеўскім князем Уладзімірам, а таксама дачка Рагнеда, якую Уладзімір спачатку згвалтаваў на вачах бацькі, а потым узяў у жоны. Цікава, што ў будучыні полацкія князі, нягледзячы на тое, што яны паходзілі ад Уладзіміра з Рурыкаў, называлі сябе рагвалодавічамі, па жаночай лініі. Тым самым яны адасабляліся ад Кіева і паказвалі сваю самастойнасць.

 

5. Вялікі князь Міндоўг

Вялікі князь літоўскі Міндоўг

Міндоўг — першы Вялікі князь (а пазней и кароль) Літоўскі, заснавальнік дзяржавы, якая праз 2 стагоддзі стане адной з наймагутнейшых ва Ўсходняй Еўропе. Паходжанне Міндоўга такое ж невядомае, як і паходжанне Рагвалода. Ды й наогул, усё яго жыццё — гэта быццам нейкая кніга прыгодаў. Ён даволі нечакана робіцца спачатку князем наваградскім, змагаецца з полацкім князем Таўцівілам, робіць ваенныя паходы на Жамойць, Полацк, тэўтонцаў, хрысціцца спачатку па праваслаўнаму абраду, потым па каталіцкаму, затым наогул адракаецца ад хрысціянства і зноў робицца паганцам. За той час, што Міндоўг быў кіраўніком, ён нават паспеў стаць каралём. Пагадзіцеся, пра такое насычанае жыццё было б вельмі добра не чытаць, а паглядзець серыял. Атрымалася б не горш, чым эпас «Вікінгі».

У 1263 годзе Міндоўг быў забіты разам з двума сваімі малымі сынамі змоўшчыкамі пад кіраўніцтвам жамойцкага князя Траняты (пляменнік Міндоўга). Але і сам Траняты быў забіты праз год слугамі Міндоўга. А Вялікім князем Літоўскім стаў яго старэйшы сын Войшалк. Па легендзе, Міндоўг быў пахаваны ў Наваградку.

 

6. Вялікі князь Гедымін

Яшчэ адзін літоўскі князь у нашым спісе. У першую чаргу ён знакаміты тым, што заснаваў сталіцу ВКЛ і сучаснай Літвы — Вільню. Але гэта не адзінае, што ён паспеў зрабіць для росквіту дзяржавы. Гедымін працягваў абъядноўваць землі ўсходніх славян вакол новай дзяржавы. Менавіта падчас яго кіравання да ВКЛ далучыліся Полацк, Менск, Тураў, Віцебск, Гродна, Брэст. Адзначым, што ўсе беларускія гарады далучаліся да Літвы без вайны.

Гедымін таксама змагаўся з крыжакамі і Маскоўскім княствам. Ажыццявіў паспяховы паход на поўдзень, дзе змагаўся з кааліцыяй князёў. Пасля перамогі ў бітве на рацэ Ірпень ім былі захоплены Кіеў, Пераяслаўль, Белгарад і іншыя гарады. Аднак, нягледзячы на перамогу, канчаткова Кіеў далучыўся да ВКЛ толькі пасля 1362 года. А да гэтага моманту працягваў выплочваць даніну мангола-татарам.

Загінуў Гедымін падчас аблогі крэпасці крыжакоў Баербург. Князь быў забіты з агнястрэльнай зброі. Пасля Гедыміна ўлада адышла да яго сына Альгерда.

 

7-8. Кароль і Вялікі князь Стэфан Баторый

Стэфан Баторый — першы кіраўнік аб’яднанй дзяржавы ВКЛ і Польшчы. Уладу ён атрымаў у цяжкія часы. Значная частка тэрыторыі ВКЛ (у тым ліку і сучаснай Беларусі) была акупаваная войскамі рускага цара Івана Жахлівага. А таму Баторый адразу пачаў ваенны паход. І праз 8 год Лівонская вайна была скончана перамогай Рэчы Паспалітай і яе саюзнікаў.

Але Баторый праявіў сябе не толькі як добры ваеначальнік, але і як палітык. Ён здолеў пазбегнуць унутраных канфліктаў у федэрацыі Літвы і Польшчы. на тэрыторыі Беларусі не праводзілася палітыкі апалячвання, а рэзідэнцыя самога Стэфана знаходзілася ў Гродна. Менавіта тут кароль прымаў і замежных паслоў.

Баторый даволі нечакана памёр у Гродна падчас падрыхтоўкі новай вайны з Рускім Царствам.

 

7-8. Князь Глеб

Князь Глеб — першы летапісна вядомы кіраўнік сучаснай сталіцы Беларусі. Магчыма, ён апынуўся ў гэтым спісе таму, што і апытанка праводзілася ў Мінску. А недзе ў Бабруйску пра Глеба маглі нават не ўспомніць. Але, як мы ўжо пісалі вышэй, гэты спіс носіць выключна пазнавальны характар.

Глеб быў адным з сыноў Усяслава Чарадзея, які пасля смерці бацькі атрымаў ва ўладанне Менск. Падчас свайго знаходжання ва ўладзе змагаўся з Кіеўскім княствам. Нажаль, сілы былі не роўныя, а таму Глеб спачатку пацярпеў паразу ад Уладзіміра Манамаха ў 1116 годзе, а ў 1119 годзе ўжо сын Манамаха Мсціслаў спаліў Менск, а Глеба ўзяў у палон. Глеб памёр у кіеўскай вязніцы. Але адзначым, што па летапісах Глеб сам быў вінаваты ў такіх адносінах з Кіевам. Ён неаднаразова першы пачынаў баявыя дзеянні.

 

9. Вялікі князь Альгерд

Падчас кіраўніцтва Альгерда тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага павялічылася амаль у два разы. Альгерд далучыў да тэрыторыі дзяржавы амаль усе паўднёварускія землі, у тым ліку Кіеў. Таксама Альгерд паспяхова змагаўся з Маскоўскім княствам і ажыццявіў супраць яго тры паходы ў 1368, 1370 і 1372 годзе. Падчас першага ён нават стаяў пад сценамі крамля.

А ў 1362 годзе Альгерд атрымаў гістарычную перамогу каля Сініх Вод над войскам мангола-татар. Тэрыторыя Літвы пашырылася амаль да ўзбярэжжа Чорнага мора. Была таксама скончана спрэчка з Польшчай наконт валынскіх земляў. На жаль, нягледзячы на такія дасягненні, Альгерд у нашым спісе апынуўся толькі на 9 месцы.

 

10. Вялікі князь Ягайла

Князь Ягайла амаль нічым не адзначыўся ў гісторыі Беларусі, бо кіраваў нашай тэрыторыяй толькі 9 год. А потым стаў каралём Польшчы. Але ў гісторыю і памяць беарусаў трапіў як адзін з пераможцаў бітвы пад Грунвальдам разам з Вітаўтам, а таксама як заснавальнік Крэўскай і Гарадзельскай уній Польшчы з ВКЛ. А без іх ніколі б не ўтварылася Рэч Паспалітая. Таксама лічыцца, што менавіта Ягайла не даў Вітаўту стаць каралём Літвы. А яшчэ менавіта ад Ягайлы пайшла каралеўская дынастыя Ягелонаў.

 

Іншыя адказы, якія сустракаліся даволі часта, але не ўдзельнічалі ў нашым рэйтынгу па агучаных у пачатку прычынах: Іван IV Жахлівы, Пётр I, Іосіф Сталін, Леанід Брэжнеў.

HVALI.BY