Не ведаю, ці чытала спадарыня Аліна Длатоўская перад стварэннем сваёй аповесці “Мову” Віктара Марціновіча, але падчас знаёмства з “Генам зямлі” неаднаразова ўзнікала адчуванне, быццам дзея абодвух твораў адбываецца ў адной рэчаіснасці. З той толькі розніцай, што “Ген зямлі” – гэта прыквел “Мовы”. Вось параўнайце – і там і там беларуская мова пад забаронай і лічыцца памерлай, і там і там сапраўдныя беларусы пасля прачытання (ці праслухоўвання) беларускай мовы адчуваюць нейкія незвычайныя пачуцці, і там і там Беларусь страціла незалежнасць.
Але абвінавачваць у плагіяце мы не будзем. Тым больш, што акрамя падабенства ёсць у кніг і шмат рознага. Напрыклад, у творы Длатоўскай асобныя адзінкі беларусаў атрымоўваюць звышнатуральныя сілы – пачынаюць чытаць думкі іншых людзей, вучацца размаўляць з прывідамі, могуць заглядваць у мінулае і іншае.
Але нават калі аўтарка і натхнялася творам Марціновіча, то дрэннага ў гэтым нічога няма. У гісторыі ёсць шмат прыкладаў, калі другасны твор быў лепшы за арыгінал. А таму трэба глядзець, што ж атрымалася ў маладой пісьменніцы.
У рэчаіснасці твора Беларусь аб’ядналася з Расіяй і ўлады пачалі нішчыць усе помнікі, якія не стасуюцца з афіцыйнай ідэалогіяй – замкі, касцёлы, помнікі і іншае. Пры гэтым пад забаронай знаходзіцца беларуская мова і асобная ад расійскай беларуская гісторыя.
Між іншым гэта яшчэ адна вялікая розніца паміж двума творамі. Калі ў “Мове” улады змагаюцца толькі з самой мовай (бо ўсё астатняе, мабыць, ужо знішчана), то ў “Гене зямлі” наогул знішчаюць саму Беларусь – яе гісторыя і культуру.
Галоўны герой кнігі, Данька, якраз працуе на арганізацыю, якая займаецца змаганнем супраць беларускасці – “С.О.Н.”. Але, між тым, ён сам думае па-беларуску і можа па-беларуску размаўляць. Больш за тое, валодае звышнатуральная сілай – можа пабачыць мінулае рэчаў. Менавіта з-за гэтага яму даюць даручэнне – укараніцца ў тэрарыстычную арганізацыю “Лабірынт”. Такім чынам Данька робіцца шпіёнам і адначасова працуе на “С.О.Н.” і “Лабірынт”.
Трэба сказаць, што першая палова кнігі вельмі дынамічная і цікавая. Мы знаёмімся з галоўнымі героямі і іх здольнасцямі, сочым за паляваннем за артэфактамі і нават наглядаем за размовай з прывідам Каліноўскага.
Іншая размова – другая частка аповесці і фінал кнігі. Яны атрымаліся ў Длатоўскай больш слабымі, да і сам сюжэт запаволіўся. І замест прыгод галоўных герояў мы пачынаем чытаць пра іх перажыванні, каханне. З-за гэтага сам сюжэт вельмі запавольваецца. І калі спачатку ён проста імчаў чытача наперад, то потым раптам стаў падтарможваць. І гэта вельм ідобра адчуваецца, калі вы вырашыце прачытаць усю кнігу запар.
Між іншым, у абарону пісьменніцы скажу, што гэта праблема не толькі “Гена зямлі”. Шматлікія сучасныя беларускія кнігі маюць такую ж асаблівасць. Спачатку вельмі дынамічна і цікава, а потым наадварот. Напрыклад, тое ж самае можна сказаць пра “Беларусалім” Паўла Севярынца, “Дзіцячы маніфест” Кірыла Стаселькі, “Таварыства кнігалюбаў” Андрэя Лазара. Нават не ведаю, адкуль узяўся гэты трэнд. А можа гэта проста адсутнасць патрэбнага вопыта, бо ўсе абазначаныя вышэй аўтары яшчэ толькі пачалі свой літаратурны шлях.
Яшчэ трэба адзначыць вельмі добрую мову Аліны Длатоўскай. Кніга чытаецца лёгка і хутка. Я асіліў яе за адзін дзень і асабліва ад гэтага не стаміўся. Але ёсць хібы з логікай асобных персанажаў.
Фінал у аповесці адкрыта-аптымістычны. І ёсць падазрэнні, што працяг будзе. Але гэта ўжо сапраўдны выклік для маладой пісьменніцы. Бо напісаць добры працяг кнігі часам нават знакамітыя майстры не заўсёды могуць. Але мы пажадаем Аліне поспехаў і будзем чакаць. Тым больш што “Ген зямлі” – гэта вельмі добры дэбют, нават нягледзячы на ўсе нашы заўвагі.