Беларускія словы. Гасцінец

Гасцінец

Працягваем публікаваць матэрыялы з газеты «Вечерний Минск» з рубрыцы «Беларускае слоўка». На гэты раз мы напiшам пра беларускае слова «гасцінец».

 

ГАСЦІНЕЦ

Слоўка гасцінец пахо­дзіць ад стараславянскага г­осць — купец, падарожнік, госць. На думку знакамітага мовазнаўцы Бадуэна дэ Куртэнэ, яно суадносіцца з лацінскім hostis (першапачаткова — вораг, а потым — купец і госць).

Большасць этымолагаў (тых, хто даследуе паходжанне слоў) лічаць, што ў старажытнасці першым значэннем гэтай лексічнай адзінкі было менавіта дарога, якою ездзілі госці, гэта значыць купцы (стараславянскае гостиньцъ — дарога). Прыкладна з ХV стагоддзя ў многіх славянскіх мовах адбылося пераасэнсаванне старажытнай семантыкі і слоўка стала абазна­чаць рэч, ласунак, якія госць або блізкі чалавек падносіць каму-небудзь як падарунак.

Беларуская літаратурная мова, у адрозненне ад іншых славянскіх моў, не толькі захавала старажытнае значэнне, але і пашырыла яго. Сёння ў нас гэтым слоўкам называюць падарунак: «Пад Новы год усе дзеці атрымалі гасцінцы»; вялікую дарогу, бальшак, шлях, тракт: «Па гасцінцы беларускім, / У Пецярбург з Варшавы, / За карэтаю за панскай / Пхнецца хлопец жвавы» (Я.Купала) ; «А я лягу-прылягу / Край гасцінца старога, / На духмяным пракосе / Недаспелай травы» (Н.Гілевіч) і нават чаявыя. У пацверджанне працытуем адну інтэрнэтаўскую публікацыю: «Гасцінец — дадатковая прэмія, даплата за добрую паслугу, выражэнне задавальнення кліента. Гасцінец неабавязковы, хаця ў некаторых краінах грошы „на каву“ — гэта нефармальны абавязак і звычай». Апошнім часам слоўка сталі ўжываць і з тэрміналагічным значэннем як адпаведнік іншамоўнага «тракт»: у медыцыне — «Унікальная вада дапамагае пры праблемах з страўнікава-кішэчным гасцінцам»; радыёэлектроніцы — «Для атрымання большай выразнасці неабходна пашырыць паласу прапускання па ўсім высокачашчынным гасцінцы да 5,5 мгц».

Актыўна выкарыстоўва­юць гэтае слоўка ў якасці назвы прадпрымальнікі, стваральнікі творчых праграм і калектываў, прадстаўнікі дзяржаўных устаноў. Гасцінцам названы кавярні ў Мінску, на Гродзеншчыне і Брэст­чыне; крамы ў розных куточках Беларусі, сядзіба на Брэст­чыне, фальклорныя гурты з Валожыншчыны і Гродзеншчыны, тэлевізійная праграма на канале «Культура», міжнародны літаратурна-мастацкі часопіс, банкаўскі дэпазіт, гатунак хлеба, разнастайныя выставы. Палюбавацца вуліцай Вялікі Гасцінец можна ў Маладзечне, а пачаставацца беларускім ёгуртам «Малочны гасцінец» — у любой краіне СНД.

Слоўка лічыцца агульнаславянскім. Ва ўкраінскай мове гасцінец — гэта падарунак, значэнне дарога вядома толькі дыялектам. У рускай мове з паметкай«прастамоўнае“ ўжываецца яно толькі са значэннем падарунак. Палякам вядомы тры значэнні: іgościnec — вялікая дарога, падарунак, у дыялектах — гатэль, пастаялы двор; у чэшскай мове hostinec — га­тэль, з такім жа значэннем яно вядома кашубскай, ніжнялужыцкай мовам; у сербскахарвацкай gostinac — падарунак.

Уладзімір КУЛІКОВІЧ

Іншыя словы з рубрыкі вы можаце паглядзець па тэгу БЕЛАРУСКАЕ СЛОЎКА

HVALI.BY