Беларускія словы. «Халепа»

Халепа

Працягваем публікаваць матэрыялы з газеты «Вечерний Минск» з рубрыцы «Беларускае слоўка». На гэты раз мы напiшам пра цікавае слова «халепа».

ХАЛЕПА

У беларускай мове такое размоўнае, гаваркое слова ёсць — «халепа». Па-руску тлумачыцца яно як «мокрая (снег с дож­дем) погода»: «Халепа страшная была, секла, ды яшчэ з ветрам» (У. Дубоўка) , «Мокры снег гусцеў і гусцеў, і нарэшце халепа запаланіла ўсё навокал» (Б. Шчарбатаў).

Згадзіцеся, цікавая назва! Быццам створаная з гукаў восеньскай рэчаіснасці. Прынята лічыць, што ўзнікла яна ў асяроддзі калужскіх жыхароў, хаця не выключана, што ў адначассе магла з’явіцца і на этнічнай тэрыторыі Беларусі. Ёсць жа ў нас вёскі з сугучнымі назвамі: Халіпы на Магілёўшчыне, Халяпінка на Віцебшчыне, Халап’я на Брэстчыне. А згодна з «Геаграфічным слоўнікам Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў», горад Жлобін, што на Гомельшчыне, яшчэ ў канцы ХV стагоддзя меў назву Хлепен, альбо Хлепень.

Ва ўкраінскай мове акрамя прыведзенага тлумачэння існуе і іншае, больш распаўсюджанае — «бяда, непрыемнасці, цяжкасці»: «влипнути в халепу, вскочити в халепу, набратися халепи, наробити халепи». Дарэчы, на Украіне прозвішча Халепа — нярэдкае між людзей. Хутчэй за ўсё такой мянушкай называлі ў даўніну тых, хто нарадзіўся ў восеньскую непагадзь, альбо заўзятараў спрачацца, дакучаць астатнім. «Няхай йому халепа будзе!» — казалі пра такіх.

А я зычу вам толькі цудоўнага настрою і самаадчування. І каб ні­якая халепа не перашкаджала здзяйсненню жаданага!

Уладзімір КУЛІКОВІЧ

ТАЛАКАВЫРАЙКІЯХЯЛАВІЧЫНАДУБЭЛЬТЫ, АСЯНЧУККАМЫ

HVALI.BY